Вы тут

Удзельнікі дзіцячага «Еўрабачання» пазнаёміліся з беларускімі традыцыямі


Учора і сёння замежныя дэлегацыі з 20 краін — удзельніц конкурсу змаглі бліжэй пазнаёміцца з нацыянальнай беларускай культурай і традыцыямі. У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы для іх падрыхтавалі адмысловую інтэрактыўную праграму на англійскай мове. У прыватнасці, такі культурны праменад зрабілі прадстаўнікі Уэльса, Украіны, Аўстраліі і Ірландыі.


Пакуль госці праходзяць у першую залу, загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы літаратурнага музея Янкі Купалы Вольга Пархімовіч, якая распрацоўвала для іх спецыяльную праграму, тлумачыць: "Мы сыходзілі з таго, каб прадставіць нашу культуру і расказаць, хто такі Янкі Купала, але зрабіць гэта за даволі кароткі час і такім чынам, каб было цікава, не сумна, абавязкова інтэрактыўна і зразумела для замежнікаў, якія, магчыма, наогул нічога не ведаюць пра нашу краіну. І, канешне, па традыцыях гасціннасці не абыходзіцца без пачастункаў: у сценах музея мы не мелі магчымасці правесці нейкі кулінарны ўрок, скажам, па прыгатаванні дранікаў, таму вырашылі падарыць кожнаму наведніку на памяць салодкі гасцінец — пернік з выявай купальскага кола і агню, які так дарэчы пераклікаецца з дэвізам "Еўрабачання" — "Запальвай!". Але ласункі з'ядуць, і на ўспамі нічога не застанецца, таму ў дадатак мы падрыхтавалі прыгожы набор падставак пад кубачкі, які атрымаў назву "Ад сэрца": на вокладцы — партрэт нашага паэта, а на саміх падстаўках — элементы нацыянальнага арнаменту, якія абазначаюць рэчы, важныя ў жыцці кожнага чалавека: шчасце, каханне і гэтак далей, таксама з перакладам на англійскую".

Замежным наведнікам прапаноўвалі паглядзець невялікі, але змястоўны 3D-ролік пра тое, як святкуецца Купалле, навучылі танцаваць сярэднявечны танец "Маразуля". Як нам падалося, з асаблівым імпэтам і пачуццём яго вытанцоўвалі ірландцы — Тэйлар Хайнс з бацькам, малодшым братам і сястрой, а таксама бабуляй, якім відавочна спадабаліся завадныя рытмы вядомага беларускага гурта "Стары Ольса".

Ад вясёлага да сур'ёзнага: вялікае ўражанне на канкурсантаў зрабіла знаёмства з самім Янкам Купалам — праз экспазіцыю працоўнага кабінета і аўдыязапіс, на якім гучаць вершы паэта ў выкананні аўтара.

— А цяпер давайце ўсе разам развучым беларускую народную песню, — запрасіла гасцей на імправізаваныя "вячоркі" экскурсавод Вольга, — не хвалюйцеся, мы падрыхтаваліся, каб спяваць яе змаглі ўсе — і раздала аркушы з надрукаванымі ў англійскай транскрыпцыі радкамі. "Тая кура-шчабя-тура па садочку хо-одзіць", — старанна выводзілі аўстралійцы, а следам за імі рагаталі ірландцы, паўтараючы "Тая гуся, сюся-сюся". Напрыканцы, не ўтрымаўшыся, некаторыя прасілі дазволу "спісаць словы" на  смартфон і жартавалі: "Цяпер мы ведаем, якую песню выканаем на наступным "Еўрабачанні!".

Спадабаліся ўсім без выключэння і гульня-танец "Явар", і майстар-клас па вырабу саламянай лялькі-абярэга — змайстраваўшы кожны свой талісман, замежнікі з гонарам дэманстраваў яго астатнім і перапытвалі: "Праўда, праўда прыносіць удачу? — Ну, не ведаем, як наконт перамогі на "Еўрабачанні", — адказвалі супрацоўнікі музея, — але па жыцці шанцаванне дакладна прыцягвае!".

— Поспех любой дзеі залежыць ад таго, наколькі ў яе ўцягнутыя гледачы. Таму ў адну з экскурсій, калі прыйшлі толькі дарослыя ўдзельнікі замежных дэлегацый, мы крыху спалохаліся — усё ж разлічвалі на падлеткаў, — расказалі "Звяздзе" супрацоўнікі музея. —- Аднак яны настолькі жыва і натуральна рэагавалі на прапанаваныя песні і танцы — аўстралійцы наогул зрабілі з гэтага асобнае шоу, якое здымалі на камеры. А дзецям, натуральна, спадабалася ўласнаручна майстраваць лялькі і атрымліваць салодкія гасцінцы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.