Вы тут

У Мінску выбралі «Студэнта года—2018»


Тытул застаўся ў Гродзеншчыны: яе ўраджэнка, мінулагодняя пераможца Аляксандра Радковіч, узрадавалася і з гонарам абвясціла, што сёлета яго ўладальнікам стаў пяцікурснік Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Антон Лемеш (на фота). Журы прызнала юнака найлепшым у фінале VІІІ рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «Студэнт года — 2018».


 

Антон Лемеш

Акрамя Антона яшчэ два хлопцы і шэсць дзяўчат песнямі, танцамі, вершамі дэманстравалі сваё ўсебаковае развіццё. А сам ён стараўся быць на сцэне максімальна шчырым. «Сёння я даказаў, што, нават калі не ўмееш спяваць і танцаваць, перамога ўсё адно можа быць за табой», — сказаў хлопец.

Стаць найлепшым у конкурсе — няпроста. Аднак, як з іроніяй заўважае Антон, «складаней, чым вучоба ў медыцынскім, нічога не бывае». За пяць гадоў будучы ўрач паспеў і дзяцей палячыць, і ў хуткай дапамозе папрацаваць, і нават роды прыняць.

Антон вылучыўся сярод іншых яшчэ ў конкурсе прэзентацый «Будзем знаёмыя». Арыгінальны і крэатыўны, ён вырашыў ускладніць сабе задачу: казаць словы толькі на літару «П». Пачалася яго біяграфія з «першай палаты» раддома, дзе акушэрка прамовіла: «Папаша, принимайте, парень, поздравляю». А скончылася цяперашнім часам — студэнцтвам: «Проучившись пять, прекрасно понимаю: прошёл правильный путь. Педиатр!»

Дзеля конкурсу Антон навучыўся... пісаць вершы. На этапе прамоўніцкага майстэрства «#Упрафесіі» хлопец уявіў сябе ваенным урачом, які расказвае салдатам, у чым сутнасць яго прызвання. Адзін з радкоў прагучаў як жыццёвае крэда: «Я звычайны ўрач і дапамагаю людзям не таму, што павінен. А таму, што я магу».

На інтэлектуальным этапе студэнт таксама не разгубіўся. На пытанне ад спецыяльных гасцей «Калі б у цябе была магчымасць палепшыць свет, пазбавіўшы толькі ад адной рэчы, што гэта было б?» сур'ёзнасць спалучыў з гумарам: «Калі не лічыць рускі рэп... Фанабэрыю. Лічу, што гэтая загана псуе адносіны паміж людзьмі».

Дарэчы, без жартаў Антон не можа: ледзь не кожная фраза — вясёлая і жывая — прымушала залу смяяцца. Ён мяркуе, што гульня ў КВЗ за ўніверсітэт дапамагае выкарыстоўваць пачуццё гумару не толькі ў жыцці, але і ў творчых нумарах. «Яшчэ старажытныя мудрацы лічылі, што без смешнага нельга спасцігнуць сур'ёзнае. Антон. Э, прабачце, Платон», — жартаваў хлопец.

...На прамоўніцкім і інтэлектуальным заданнях адметнай была і Алеся Гатальская, таксама медык, але з універсітэта-канкурэнта — гомельскага. На «выдатна» расказаўшы пра значнасць сваёй прафесіі і трапна адказаўшы на пытанне, тым самым прыцягнула ўвагу дзяжурнага ўрача хуткай дапамогі, які прысутнічаў на мерапрыемстве. Той падзякаваў за важныя словы і з гонарам адзначыў, што змена расце годная.

Журы конкурсу не шкадавала нікога. Як заўважыў адзін з яго членаў, вядомы тэлевядучы Яўген Перлін, «жыццё не робіць скідак, і я не буду». Дарэчы, ён і ставіў канкурсантам самыя нізкія адзнакі. Але нумар Антона на апошнім, творчым заданні «Мая малая радзіма» скарыў і Перліна. Інакш адкуль сярэдні бал 10,0?

— Не танцую, як Цыскарыдзэ, і Саладухам мне не стаць, — пачаў выступленне хлопец. — Але малую радзіму я так прадстаўлю, што кожны захоча там пабываць! Словы — смаргонскія, музыка — італьянская.

Пад вядомую, але пераробленую на свой лад песню Fеlісіtа Антон у звыклай ужо жартаўлівай манеры даказваў, што Смаргонь азначае шчасце («фелічыта»).

Дарэчы, апошні конкурс і стаў вырашальным у вызначэнні пераможцы, бо на працягу ўсяго вечара канкурсанты ішлі па балах даволі шчыльна. Усе нумары — неверагодна яркія, гарачыя, як само вірлівае студэнцкае жыццё.

Ігар Гелдзінскі

 

Другое месца заняў перспектыўны танцор з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ігар Гелдзінскі, які запомніўся многім гледачам як энергічны і харызматычны малады чалавек. Замкнула тройку Марыя Саўчанка, актыўная, але ў той жа час засяроджаная, спакойная і разважлівая трэцякурсніца Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яна ўразіла сваім мультымедыйным прадстаўленнем, а таксама выкананнем пераробленай на беларускую мову папулярнай песні Цімы Беларускіх «Мокрыя кросы». Здаецца, за Машу гучней за ўсіх хварэла група падтрымкі: у балельшчыцкім арсенале быў міні-рупар, а таксама бясконцы набор крычалак.

Студэнты правялі цэлыя чатыры дні разам: наведвалі майстар-класы, мерапрыемствы, экскурсіі. Нягледзячы на неверагодную стомленасць, у іх памяці засталіся незабыўныя ўражанні, шчырыя эмоцыі, радасць новых знаёмстваў...

Марыя Саўчанка

Конкурс «Студэнт года» праводзіцца БРСМ ужо восем гадоў. Аднак 2018-ы — адметны. Як расказаў першы сакратар ЦК Саюза моладзі Дзмітрый Варанюк, сёлетнія фіналісты будуць прадстаўляць Беларусь на міжнародным форуме «Студэнцкая вясна — 2019» краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Юлія АДАМОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Больш фота

Загаловак у газеце: Паэт, педыятр, «Платон»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.