Вы тут

Пераможцам дзіцячага «Еўрабачання» стала Раксана Венгель з Польшчы


Сказаць, што 20 удзельнікаў дзіцячага “Еўрабачання-2018”, якое фінішуе ў Мінску, з самай раніцы знаходзіліся ў стане надзвычайнага хвалявання – усё адно, што назваць 9-бальны шторм “лёгкім узрушэннем”. Дзеці, бацькі, педагогі, замежная прэса і кіраўнікі дэлегацый – здаецца, ліхаманка фіналу захапіла наогул усіх. Учора старанні юных артыстаў ацэньвалі нацыянальныя журы, а сёння адразу пасля канцэрту  адкрылася 15-хвіліннае акно для глядацкага анлайн-галасавання (сёлета арганізатары вырашылі адмовіцца ад SMS і тэлефонных званкоў).


Раксана Венгель (Польшча)

Абодва дні ў “Мінск-Арэне” – аншлаг, прычым у зале не толькі тыя, хто набыў квіткі (а гэта і юныя беларусы з усіх абласцей, і грамадзяне іншых краін), так і запрошаныя госці – стыпендыяты фонда па падтрымцы таленавітай моладзі, выхаванцы дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, дзеці з інваліднасцю, а таксама спартсмены, якія прадстаўлялі Беларусь на ўзроўні Еўропы і свету, і ўдзельнікі “Еўрабачання” мінулых гадоў.

Апісваць жа сам фінальны гала-канцэрт можна доўга і падрабязна, робячы рэверансы і ў бок леташняй пераможцы Паліны Багусевіч з Расіі – яна выступіла ў інтэрвал-акце і прадэманстравала нязменна высокае артыстычнае майстэрства, і ў бок беларускага канкурсанта Даніэля Ястрэмскага і ўсёй яго каманды (“А што тут пажадаць, калі сама хвалююся – у кожны раз, як у першы. Хіба што сабрацца і верыць у сябе, нягледзячы ні на якія абставіны”, – зазначыла яго педагог па вакалу, спявачка Вольга Драздова), узгадваючы яркія моманты, якія былі ў выступленні абсалютна кожнага канкурсанта… Але гэта якраз той выпадак, калі лепш адзін раз убачыць – тым больш, трыо вядучых на сцэне (Зінаіда Купрыяновіч, Хелена Мерааі і Яўген Перлін) і закадравыя каментатары шоу (Георгій Калдун і Андрэй Макаёнак) пастараліся максімальна дапоўніць прыгожую карцінку інфармацыяй. Таму нам застаецца сазаць сцісла і пацвердзіць фотаздымкамі: глядзіце, гэта было крута, і дзеля такога шоу варта было чакаць амаль 10 гадоў.

Дарына Краснавецкая (Украіна)

Было б нячэсным пакінуць без пахвалы арганізатараў, якія выканалі абсалютна ўсе свае абяцанні і наогул зрабілі так, што 99,9% узнікаючых замінак, тэхнічных пытанняў і іншых недарэчнасцяў ніхто з публікі нават не заўважыў. Не выпадкова выканаўчы прадзюсар “Еўрабачання” ад ЕВС Йан Ола Санд не скупіцца на кампліменты і не раз падкрэслівае, што ўзровень сёлетняга шоу адпавядае даросламу, і яго можна было б хоць заўтра праводзіць у беларускай сталіцы… Засталося ўсяго нічога – каб Беларусь яго выйграла і атрымала права праводзіць наступны конкурс у сябе. Але пакуль да гэтага яшчэ далёка, і нават пра нацыянальны адбор, гаворыць старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, у яго лепш спытацца праз тыдзень пасля фінішу дзіцячага “Еўрабачання” – усё ж трэба ўзяць хоць невялікую паўзу, каб перавесці дыханне.

Рыта Ларанжэйра (Партугалія)

Але нас цікавіць іншае: каму дасталіся глядацкія сімпатыі, максімальныя балы ад журы і, нарэшце, хрустальны мікрафон – галоўная ўзнагарода конкурсу? Папярэдне музычныя эксперты з розных краін, аналізуючы інтэрнет-галасаванне прыхільнікаў конкурсу, называлі сярод найбольш верагодных фаварытаў прадстаўніцу Казахстана Данелію Тулешаву, якой выпаў гонар упершыню прадставіць сваю краіну на конкурсе, Анжэлін Нава з Францыі (краіна вярнулася на шоу пасля 13-гадовай паўзы), Дарыну Краснавецкую з Украіны, чый антываенны гімн гучыць аднолькава пераканаўча як для дзяцей, так і для дарослых, а таксама італьянскі дуэт Мелісу і Марка, у якіх спалучаецца дзіцячае абаянне і высокапрафесійныя галасы ўзроўню Сан-Рэма (пры гэтым, як ні дзіўна, дзеці мараць стаць не прафесійнымі выканаўцамі, а ўручамі: доктарам-дэрматолагам і педыятрам). Вядучыя букмекерскія канторы ставак на дзіцячае “Еўрабачанне” не прымаюць, і напэўна правільна: гэта не столькі конкурс, колькі вялізнае творчае свята і знаёмства з новымі сябрамі.

Данэлія Тулешава (Казахстан)

У галасаванні журы Беларусь паставіла 12 балаў Азербайджану, у сваю чаргу атрымаўшы 1 - ад Аўстраліі і Грузіі, 2 - ад Ірландыі, Казахстана, 5 - ад Італіі, 8 - ад Нідэрландаў, 10 - ад Партугаліі і Мальты, 12 - ад Арменіі. Наогул жа лідзіравалі Аўстралія (148 балаў),Мальта (138) і Грузія (105).

Эфі Гіка (Албанія)

Ганна Філіпчук (Расія)

Макса і Аня (Нідэрланды)

Фідан Гусейнава (Азербайджан)

Даніэль Ястрэмскі (Беларусь)

Тэйлар Хайнс (Ірландыя)

Бажэна Радаванавіч (Сербія)

Марка і Меліса (Італія)

Джаэль (Аўстралія)

Тамар Эдзілашвілі (Грузія)

Ноам Дадон (Ізраіль)

Анжэліна (Францыя)

Марыя Спасоўская (Македонія)

Лявон (Арменія)

Манв (Уэльс)

Эла Мангон  (Мальта)

Але ўсё змянілася пасля галасавання гледачоў, якое адбывалася на афіцыйным сайце junioreurovision.tv. Яго вынікі агучылі вядучыя. Беларусь атрымала 53 балы - гэтаксама, як лідар у публікі Аўстралія, а ў лідары выйшлі Францыя з сумай у 203 балы і Польшча - 215. Віншуем Раксану Венгель, якая прынесла сваёй краіне першую перамогу на дзіцячым “Еўрабачанні”!

Беларусь па суме балаў гледачоў і журы заняла 11-е месца. Нагадаем, у дзіцячым "Еўрабачанні" перамога краіны не значыць, што наступны конкурс прымае менавіта яна.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Каментары

цудоўны рэпартаж!!!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».