Вы тут

У 2019 годзе ў бюджэце прадугледжваецца павялічэнне сацыяльных выдаткаў


Такое меркаванне выказаў міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч па выніках нарады ў Прэзідэнта


Фота: БЕЛТА

"Бюджэт 2019 года поўнасцю сфарміраваны ў адпаведнасці з тымі нядаўнімі даручэннямі і патрабаваннямі, якія кіраўнік дзяржавы вызначыў для новага складу ўрада, - адзначыў ён. - Сёння абмяркоўваліся менавіта напрамкі расходавання сродкаў бюджэту ў адпаведнасці з гэтымі асноўнымі прыярытэтамі. У 2019 годзе даходная частка бюджэту істотна не павялічыцца ў намінальным выражэнні ў параўнанні з бягучым годам. Кансалідаваны бюджэт па даходах вырасце толькі на 5 %, пры тым, што рэспубліканскі бюджэт практычна застанецца на ўзроўні 2018 года".

Максім Ермаловіч дадаў, што ў гэтых умовах абмежаванасці фінансавых рэсурсаў неабходна было рэалізаваць бюджэт такім чынам, каб дасягаліся задачы, пастаўленыя беларускім лідарам, па павышэнню дабрабыту насельніцтва, па зніжэнні бюджэтных уліванняў у рэальны сектар эканомікі, павышэнню аддачы ад дзяржпадтрымкі. І, вядома, гэта работа па зніжэнні дзяржаўнага доўгу.

Міністр фінансаў падкрэсліў: па гэтых напрамках у наступным годзе плануецца актыўная работа, а яшчэ ўзмоцніцца сацыяльная накіраванасць бюджэту. Растуць усе выдаткі, звязаныя менавіта з сацыяльным складнікам - гэта адукацыя, ахова здароўя, сацыяльная палітыка. У рэальным выражэнні - больш чым на 5 %, у намінальным - на 11-12 %.

Таксама мяркуецца далейшае паэтапнае павелічэнне заработнай платы ў бюджэтным сектары. Ужо ў чацвёртым квартале бягучага года плануецца выйсці на суадносіны паміж сярэдняй заработнай платай у бюджэтным сектары і сярэдняй заработнай платай па эканоміцы 80 % і захаваць гэты ўзровень на працягу ўсяго 2019 года. "У выніку чакаем, што сярэдняя заработная плата ў бюджэтнікаў вырасце на 70 рублёў у сярэднім у месяц. На кожнага бюджэтніка", - падкрэсліў ён.

Што тычыцца дзяржаўнага доўгу, то міністр фінансаў звярнуў увагу, што ўжо ў бягучым годзе прыступаюць да датэрміновага пагашэння шэрагу абавязацельстваў для таго, каб знізіць пазыковую нагрузку паэтапна і у 2019, і ў 2020 гадах. Максім Ермаловіч таксама распавёў, што быў вызначаны трэк на зніжэнне ўзроўню дзярждоўгу ў адносінах да ВУП да 2025 года да 25 %. Гэта ўдвая ніжэй сённяшняга парогавага значэння эканамічнай бяспекі (50 %). "У канцы бягучага года мы будзем мець 38-39 % - дзярждоўг у адносінах да ВУП", - заявіў ён.

У 2019-2020 годзе неабходна пагасіць дзяржаўны доўг на суму 5,4 мільярда долараў. Частку з іх плануецца рэфінансаваць.

Дзяржаўная падтрымка ў наступным годзе будзе скарочана ў адносінах да рэальнага сектару эканомікі на 10 %. У адпаведнасці з патрабаваннем кіраўніка дзяржавы, сродкі пойдуць на капітальныя бюджэтныя інвестыцыі і на падтрымку насельніцтва. Асобныя напрамкі дзяржпадтрымкі прапануецца не толькі захаваць, але і ўзмацніць - напрыклад, падтрымку экспарту прадукцыі, закупку сучаснай тэхнікі прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі.

Што да Падатковага кодэкса, Максім Ермаловіч адзначыў, што вакол яго разгарнулася напэўна самая вялікая дыскусія ў рамках нарады.

"На дадзеным этапе, я пра гэта дакладваў, той аб'ём пазітыўных змяненняў у падатковае заканадаўства заслугоўвае прыняцця гэтага кодэкса і ўступленне яго ў сілу з 1 студзеня 2019 года, - падкрэсліў ён. - Разам з тым, даручана ўраду, Савету Рэспублікі сумесна з Палатай прадстаўнікоў, Адміністрацыяй Прэзідэнта яшчэ раз уважліва прааналізаваць нормы, закладзеныя ў праект новай рэдакцыі Падатковага кодэкса. Калі неабходна, у кароткі тэрмін на працягу двух тыдняў Прэзідэнт даручыў унесці неабходныя змены ў гэты дакумент з тым, каб яго ўжо разглядаць і прымаць у рамках стандартнай працэдуры законапраектнай дзейнасці".

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.