Вы тут

Як пестыцыды і іншыя хімічныя рэчывы шкодзяць прыродзе і чалавеку?


У таварах для дзяцей, што зроблены з другаснага пластыку ад старой электронікі, знайшлі два небяспечныя хімічныя рэчывы. Полібраміраваныя дыфенілавыя эфіры і гексабромцыклададэкан (вогнезасцерагальныя сродкі) адносяцца да стойкіх арганічных забруджвальнікаў (САЗ), але да гэтага часу трапляюць да нас на прылаўкі.


«Стойкая» пагроза

Што хаваецца за абрэвіятурай «САЗ», спытала «Звязда» ў старшага навуковага супрацоўніка лабараторыі прафілактычнай і экалагічнай таксікалогіі НПЦ гігіены Святланы ПЯТРОВАЙ.

— Сучасная інтэнсіўная прамысловасць і сельскагаспадарчая дзейнасць прывялі да з'яўлення высокатаксічных рэчываў і злучэнняў, многія з якіх надзвычай устойлівыя ў навакольным асяроддзі. Яны і называюцца стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі. Пры гэтым такія рэчывы могуць выкарыстоўвацца не толькі наўмысна (як, напрыклад, пестыцыды), але і ўтварацца самаадвольна ў якасці пабочных прадуктаў згарання ці прамысловай дзейнасці (дыаксіны, фураны і г. д.). Важна, што такія хімікаты вельмі павольна раскладаюцца ў натуральных умовах, таму, трапляючы ў арганізм або экасістэму, затрымліваюцца там надоўга. Напрыклад, перыяд паўраспаду дыаксінаў у глебе ацэньваецца дзясяткамі гадоў.

— Нядаўна BBС Nеws паведаміла: у Францыі аднавілі расследаванне выпадкаў нараджэння дзяцей з цалкам або часткова адсутнымі верхнімі канечнасцямі, якія былі зафіксаваныя ў 2009—2014 гадах. Міністр салідарнасці і аховы здароўя Францыі Аньез Бузін мяркуе, што паталогію выклікалі пестыцыды. Ці сапраўды стойкія арганічныя забруджвальнікі могуць аказацца настолькі небяспечнымі для чалавека?

— Насамрэч так. САЗ назапашваюцца ў тлушчавых тканках і перадаюцца праз харчовы ланцужок. Таму людзі, у рацыёне якіх прысутнічае шмат тлустага мяса, рыбы, малочных прадуктаў ці яек, знаходзяцца ў групе рызыкі. Адпаведна, праз матчына малако шкодныя рэчывы могуць перайсці да немаўляці, а праз плацэнту — да дзіцяці, якое яшчэ нават не нарадзілася. Бяспечнай канцэнтрацыі САЗ не існуе, яны могуць справакаваць сур'ёзныя захворванні, сярод якіх: парушэнні работы імуннай, эндакрыннай і рэпрадуктыўнай сістэм, ракавыя пухліны, прыроджаныя дэфекты ў дзяцей, неўролага-псіхіятрычныя расстройствы і г. д. Праблема ў тым, што стойкія арганічныя забруджвальнікі назапашваюцца ў арганізме і прадугадаць, калі гэты «пузыр» лопне, амаль немагчыма. Таму лепш за ўсё засцерагчы сябе ад кантакту з гэтымі рэчывамі.

Ва ўтыль!

Стойкія арганічныя забруджвальнікі — праблема не адной краіны, у яе рашэнні зацікаўленыя многія. Каб аб'яднаць намаганні для барацьбы з небяспечнымі рэчывамі, у 2001 годзе была прынята, а ў 2004-м уступіла ў сілу Стакгольмская канвенцыя аб САЗ, у гэтым жа годзе да яе далучылася і Беларусь. Які ўнёсак наша краіна робіць у рашэнне глабальнай «хімічнай» праблемы, расказала начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Вольга САЗОНАВА.

— У апошнія гады Мінпрыроды актыўна працуе над выкананнем палажэнняў канвенцыі, і мы ўжо дабіліся пэўных поспехаў. Так, усе непрыдатныя пестыцыды, якія знаходзіліся на складах часовага захоўвання, перапакаваны ў спецыяльную герметычную тару — пластыкавыя бочкі і металічныя кантэйнеры. Таксама дзякуючы міжнароднай дапамозе два гады таму міністэрства завяршыла ліквідацыю найбольш небяспечнага сховішча непрыдатных пестыцыдаў — Слонімскага. У планах — да 2020 года знішчыць Петрыкаўскае сховішча, а таксама на базе Комплексу па перапрацоўцы і захоўванні таксічных прамысловых адходаў Гомельскай вобласці стварыць пляцоўку па іх утылізацыі.

Акрамя гэтага, цэлы комплекс работ праведзены па інвентарызацыі абсталявання, якое змяшчае поліхларыраваныя біфенілы (ПХБ). Дарэчы, стварэнне завода па іх знішчэнні таксама плануецца. Калі гэтыя прадпрыемствы будуць уведзены ў работу, за пяць гадоў мы пазбавімся ад непрыдатных пестыцыдаў (якіх зараз каля 10 тыс. тон) і адходаў, якія змяшчаюць ПХБ (іх 6 тысяч тон).

— Як будуць працаваць заводы па ўтылізацыі небяспечных адходаў, калі свае запасы будуць знішчаны?

— Мы будзем перапрацоўваць тут адходы першага — трэцяга класаў небяспекі, якія ўтвараюцца ў краіне. Цяпер мы аналізуем прадпрыемствы, якія маюць ліцэнзіі на перапрацоўку гэтай групы адходаў, і бачым, што не ўсе выконваюць неабходныя экалагічныя патрабаванні, а некаторыя працуюць неэфектыўна. Прывозіць САЗ з суседніх краін не плануецца.

Не спальваць пластык і выціраць пыл

Першапачаткова ў канвенцыю былі ўключаны дванаццаць САЗ, іх назвалі «брудным» тузінам. Але паступова гэты спіс пачаў папаўняцца новымі рэчывамі і злучэннямі. У цяперашні час небяспечных хімікатаў 28. Аднак «новыя» САЗ кантралююцца пакуль не вельмі добра. Так, напрыклад, апошняе даследаванне грамадзянскіх арганізацый паказала, што нават у дзіцячых таварах могуць знаходзіцца САЗ (у прыватнасці, полібраміраваныя дыфенілавыя эфіры і гексабромцыклададэкан). Чаму шкодныя кампаненты трапляюць у нашы тавары, расказаў дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген ЛАБАНАЎ.

— На жаль, вытворцы сёння не пішуць склад з усімі дабаўкамі, насычэннямі і г. д. Больш за тое, яны і самі могуць не ведаць, што знаходзіцца ў тым жа пластыку (асабліва калі ён другасны). Менавіта таму сёння трэба ініцыяваць узмацненне жорсткасці паказчыкаў для САЗ у адходах, каб яны не паступалі ў новыя тавары.

— Што можа зрабіць звычайны чалавек, каб зберагчы сябе ад
уздзеяння САЗ?

— Самае простае: есці менш тлустага мяса і рыбы, ні ў якім разе не спальваць пластык (што правакуе выдзяленне дыаксінаў і г. д.) і часцей праводзіць вільготную прыборку.

Кацярына ЦІТОВА

Загаловак у газеце: Пра небяспеку стойкіх арганічных забруджвальнікаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.