Вы тут

Наколькі беларускі бізнес сацыяльна адказны?


Кампанія Huаwеі штогод накіроўвае частку свайго прыбытку на аблічбоўку медыцынскіх даных. А шведскі вытворца мэблі Іkеа запусціў праграму стажыроўкі для бежанцаў. Падключэнне бізнесу да вырашэння сацыяльных праблем становіцца модным. Ці прыжылася гэта тэндэнцыя ў нас? Як беларускія прадпрыемствы ўдзельнічаюць у жыцці грамадства і што можа падштурхнуць іх да большай актыўнасці, абмяркоўвалі на публічных слуханнях у Мінску.


Акцыя «Бягучыя гарады».

Новая хваля фінансавых тэхналогій

Нядаўна ў нашай краіне правялі даследаванне сацыяльнай адказнасці бізнесу. Быў вывучаны вопыт 32 кампаній з розных сфер: лагістыка, ІТ, прамысловасць, фінансы, гандаль, будаўніцтва. Аказалася, найбольш увагі аддаецца такім кірункам, як добрае здароўе і дабрабыт (прадпрыемствы стараюцца развіваць спорт, заахвочваць да здаровага ладу жыцця) і якасная адукацыя (напрыклад, работа са студэнтамі). Многія таксама імкнуцца забяспечыць годную працу (для спецыялістаў арганізуюць вольны час, адпраўляюць іх на павышэнне кваліфікацыі) і адказнае спажыванне і вытворчасць. А вось пытаннямі чыстай вады і змяншэння няроўнасці амаль не займаюцца.

Дапамагаць вырашаць сацыяльныя праблемы бізнес можа не толькі праз дабрачыннасць. Больш сучасны інструмент — імпакт-інвестыцыі. Іх мэта  — атрымаць і сацыяльны, і экалагічны эфект, і фінансавую аддачу. Праект мусіць быць акупным.

Гэта новая хваля фінансавых тэхналогій. Напрыклад, ёсць фонд «Чыстае неба». Ён дае грошы пад меншыя працэнты, чым банкі, але з умовай, што праект, на які выдзяляюцца інвестыцыі, дапаможа зменшыць выкід парніковых газаў.

— Цікавы інструмент, які ёсць у шэрагу краін, — аблігацыі сацыяльнага ўздзеяння. Як гэта працуе? Прыватнік забяспечвае капіталам праграму ці паслугу, а эканомія бюджэту, атрыманая ў выніку дзяржавай, ідзе на вяртанне інвестыцый. Даход залежыць ад выніку, — расказвае кансультант ПРААН Таісія ЯЛЕЦКІХ.

У свеце расце колькасць стартапаў, якія асноўнай мэтай выбіраюць добрыя справы і пры гэтым зарабляюць грошы. Сярод іх ёсць і беларускія — напрыклад, мабільная праграма для жаночага здароўя Flо, анлайн-платформа для дакладнага земляробства ОnеSоіl (дазваляе павысіць прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі і эканоміць грошы фермераў пры дапамозе камп'ютарных тэхналогій), праект па дыягностыцы хвароб па фота вокавага дна Dеер Dее.

Хуткія касіры

Падчас публічных слуханняў айчынныя кампаніі падзяліліся прыкладамі сацыяльнай адказнасці. Так, Беларусбанк ужо дзесяць гадоў рэалізуе праект «Бацькоўскі дом». Яго мэта — стварыць альтэрнатыву інтэрнатам і паспрыяць сацыялізацыі дзяцей-сірот. За гэты час было пабудавана 16 катэджаў, дзе ў прыёмных сем'ях жывуць 153 хлопчыкі і дзяўчынкі. Сем'і засяляюцца ў дамы (плошчай больш за 200 квадратных метраў), цалкам абсталяваныя тэхнікай і мэбляй, з вялікімі гульнявымі пакоямі. З улікам пажаданняў бацькоў, некаторым сталі набываць аўтамабілі, каб яны маглі вазіць дзяцей у садок, школу, разам падарожнічаць па Беларусі.

Дапамагаць дзецям і адначасова папулярызаваць здаровы лад жыцця спрабуе мабільны аператар vеlсоm. Ён праводзіць акцыю «Бягучыя гарады», у якой могуць удзельнічаць як прафесійныя атлеты, так і аматары. Чым большы кіламетраж яны набегаюць, тым больш грошай кампанія перавядзе на дабрачыннасць. Сёлета фонд склаў 165 тысяч рублёў. Дапамогу атрымалі абласныя дзіцячыя цэнтры медыцынскай рэабілітацыі. Сярод спартыўных рэкордаў акцыі — самы масавы забег у Гомелі, дзе на старт выйшла тысяча чалавек. А самы доўгі забег быў у брастаўчаніна — 108 кіламетраў і 12 гадзін.

Каб падтрымаць спартсменаў з праблемамі зроку, кампанія Vоlkswаgеn сёлета правяла турнір Беларусі па інтуітыўным футболе. Падрыхтоўка цягнулася больш за паўгода. У спаборніцтвах удзельнічалі і прафесійныя гульцы — з завязанымі вачыма.

— Мы вельмі баяліся фразы «піярацца на інвалідах», якую запісалі ў рэпутацыйныя рызыкі, — прызнаюцца ў аўтацэнтры. — Таму дэтальна распрацавалі камунікацыйную стратэгію.

Камандам аказалі матэрыяльную падтрымку: набылі інвентар і форму для 156 спартсменаў. А пасля дапамаглі зборнай нашай краіны па футболе сярод невідушчых з'ездзіць на турнір Еўропы ў Польшчу. У планах аўтакампаніі — і далей працаваць з гэтай тэмай. Напрыклад, у Мінску і Віцебску яны хочуць абсталяваць агучаныя маршруты для людзей з праблемамі зроку.

Варыянт таго, як забяспечыць работай гараджан з парушэннямі слыху, прапанавала гандлёвая сетка «Суседзі». Іх праект называецца «Ціхія касы».

— Мы вывучалі, як палепшыць сэрвіс, і апытвалі пакупнікоў, што для іх важна. 70 працэнтаў адказала, што ім падабаецца ціхае і хуткае абслугоўванне. Тады мы ўспомнілі, што ёсць замежны вопыт, калі за касай працуюць інваліды па слыху, і вырашылі зрабіць тое ж самае. Перагледзелі цалкам сваю праграму навучання, прадумалі адаптацыю на рабочых месцах, — дзеліцца прадстаўнік гандлёвай сеткі.

Сёння «ціхіх» касіраў 35. І ніякіх страт у якасці сервісу. Наадварот: гэтыя работнікі абслугоўваюць пакупнікоў на два працэнты хутчэй. Яны працуюць у гіпермаркетах, дзе вялікая плынь кліентаў, і спраўляюцца.

Складанасці таксама ёсць. Напрыклад, у камунікацыі. Адміністрацыя перапісваецца з новым персаналам па Vіbеr, але трэба ўлічваць, што інваліды па слыху могуць не зразумець складаныя сказы, блытаць канчаткі і склоны. Іншы момант — бацькі «ціхіх» касіраў. Некаторыя занадта апякуюцца над сваімі ўжо дарослымі дзецьмі і не былі гатовы адпусціць іх на работу — нават на гутарку хадзілі з імі разам.

Не абавязацельства, а магчымасць

Як ацаніць, наколькі беларускі бізнес сацыяльна адказны? З наступнага года прапануецца ўвесці індэкс «дабрыні».

— Трэба дадаць канкурэнтны элемент і паспрабаваць аблічбаваць гэтую сферу, — каментуе ініцыятыву дырэктар мясцовага фонду «Добра» Аляксандр СКРАБОЎСКІ. — Індэкс не прэтэндуе на вычарпальную ацэнку — для гэтага існуюць міжнародныя прафесійныя сістэмы сертыфікацыі. Але ён дазволіць непадрыхтаванаму чалавеку суаднесці высілкі і заявы кампаній у адносінах удзелу ў жыцці грамадства.

Інфармацыя будзе збірацца з адкрытых крыніц. Прадпрыемства зможа атрымаць ад нуля да дзесяці балаў. Ацэньваць плануюць па чатырох крытэрыях: працоўныя практыкі і правы чалавека, навакольнае асяроддзе, добрасумленныя дзелавыя практыкі, спажыўцы і ўдзел у жыцці грамадства. Пасля справаздачу накіруюць адміністрацыі кампаніі і дадуць тры тыдні на рэагаванне.

Адзнакі выкладуць у агульны доступ. Раз на год будуць выводзіць таксама абагульнены індэкс сацыяльнай адказнасці, каб паказаць сітуацыю ў сферы ў цэлым.

Да канца года ўкараненне індэкса яшчэ абмяркуюць з экспертамі. З папярэднім спісам крытэрыяў можна азнаёміцца на сайце fоnddоbrа.bу.

Аляксандр Скрабоўскі мяркуе, што сацыяльная адказнасць — гэта не абавязацельства для бізнесу, а магчымасць: новыя рынкі, новыя бізнес-мадэлі.

Афіцыйна

Мар'яна ШЧОТКІНА, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу:

— Сярод 17 Мэт устойлівага развіцця галоўная — партнёрства: толькі так можна дасягнуць прагрэсу. Чаму важная роля бізнесу? Гэта прыцягненне капіталу. За кошт аднаго бюджэту ўсіх праблем не вырашыць. А бізнес павінен быць зацікаўлены, бо для кампаній важны іх імідж. У той жа Германіі ідзе канкурэнцыя за ўдзел у сацыяльным праекце.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Індэкс дабрыні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.

Эканоміка

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё.

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.