Вы тут

Вялізнае неба Уладзіміра Карвата


Напэўна, чытачы знаёмыя з пранізлівай патрыятычнай песняй «Вялізнае неба» (аўтар слоў Роберт Раждзественскі, музыка Аскара Фельцмана) у выкананні Эдзіты П'ехі. Песня заснавана на рэальных падзеях і прысвечана подзвігу ваенных лётчыкаў групы савецкіх войскаў у Германіі — «выдатных хлопцаў выдатнай зямлі», якія цаной свайго жыцця выратавалі ад гібелі горад, на які павінен быў упасці іх самалёт, што загарэўся. Пілоты маглі катапультавацца, але не пакінулі машыну, а зрабілі ўсё магчымае, каб «дацягнуць» яе да лесу — за межы жылых кварталаў, хоць цудоўна ўсведамлялі, што рызыкуюць уласным жыццём.

23 мая 1996 года трагічны сюжэт гэтай песні амаль дакладна паўтарыўся ў рэальнасці на беларускай зямлі, у Баранавіцкім раёне. У гэты дзень, ратуючы ад гібелі беларускую вёску, ахвяраваў сваім вялізным небам і сваім жыццём выдатны лётчык і выдатны хлопец Уладзімір Карват. 28 лістапада 2018-га яму споўнілася б 60 гадоў.


Уладзімір нарадзіўся ў Брэсце. Амаль усё ў жыцці будучага першага Героя Беларусі было, як ва ўсіх яго аднагодкаў, якія вучыліся разам з ім у адной са школ абласнога цэнтра. Як успамінаюць педагогі, авалодваў навукамі Валодзя лёгка і ахвотна, хоць выдатнікам быць не імкнуўся. Вылучаўся хіба што сваёй спартыўнасцю, горача любіў футбол — трэнеры нават прадказвалі яму добрую футбольную кар'еру ў камандзе майстроў. Але Карват марыў пра неба. Аднойчы на класную гадзіну да іх прыйшоў лётчык, які расказаў пра службу ў авіяцыі, пасля чаго настаўнік папрасіў хлопцаў адлюстраваць тое, што запомнілася, адклалася ў памяці. Валодзя Карват намаляваў самалёт — відавочна, што пытання аб выбары прафесіі ў хлопца не было. Яго марам пра палёты наканавана было ажыццявіцца. На жаль, у яе аказаўся такі трагічны і разам з тым гераічны фінал.

У 1981 годзе ён скончыў Армавірскае вышэйшае ваенна-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў. Яго накіравалі для праходжання службы на Далёкі Усход, дзе Уладзімір прайшоў шлях ад лётчыка да намесніка камандзіра палка па лётнай падрыхтоўцы. Лятаў на самалёце МіГ-23. У ваенным пасёлку Калінка Хабараўскага краю ён пражыў разам з сям'ёй 13 гадоў. Народу ў пасёлку было няшмат, таму ведалі адно пра аднаго амаль усё. Сям'я Карватаў лічылася дружнай, пра такіх сужэнцаў кажуць — «адно цэлае». Нарадзілася двое дзяцей — дачка і сын.

У жніўні 1994 года Карват прыбыў для праходжання службы ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. 11 верасня 1994-га прыняў прысягу на вернасць народу Беларусі. Быў прызначаны начальнікам паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ў Баранавічах. Напрацаваны да гэтага часу вялікі прафесійны вопыт дазваляў Карвату з першых дзён адчуваць сябе на новай пасадзе ўпэўнена і паспяхова спраўляцца з цяжкасцямі. Да таго ж па сваім характары ён быў чалавекам адкрытым, жыццярадасным, з добрым пачуццём гумару, тактоўным і далікатным, таму ў калектыве авіябазы яго адразу ж палюбілі.

23 мая 1996 года ў 22 гадзіны 54 хвіліны пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту на самалёце СУ-27, пілатуемым падпалкоўнікам Карватам, узнік пажар, машына пачала губляць кіраванне і падаць. Самалёт на вышыні 900 метраў ляцеў з хуткасцю 540 км/гадзіну. Загарэлася табло папярэджання аб падзенні ціску ў першай гідрасістэме. Праз 29 секундаў гэтае паведамленне знікла, але неўзабаве з'явіліся сігналы аб іншых пашкоджаннях. На хуткасці 440 км/гадзіну перастала дзейнічаць сістэма кіравання. Кіраўнік палётаў даў лётчыку каманду на катапультаванне. Аднак, улічваючы тое, што на шляху палаючага самалёта знаходзіліся населеныя пункты Арабаўшчына і Вялікае Гацішча Баранавіцкага раёна, Уладзімір, нягледзячы на штосекундную небяспеку выбуху паветранага судна, прыняў мужнае рашэнне не дапусціць падзення машыны на жылыя дамы.

И надо бы прыгать — не вышел полет,

Но рухнет на город пустой самолет,

Пройдет, не оставив живого следа.

И тысячи жизней, и тысячи жизней,

И тысячи жизней прервутся тогда.

Чатырнаццаць секундаў палёту лётчык, выкарыстоўваючы любыя магчымасці ўздзеяння на самалёт, працягваў адводзіць яго ад вёскі. Па паказаннях «чорнай скрыні», ён практычна да апошняй секунды сціскаў рычагі кіравання, спрабуючы зрабіць немагчымае — падпарадкаваць машыну і адвесці яе ад вёскі. Пакуль яна, стаўшы ў апошняе імгненне на дыбкі, не ўпала на зямлю, пераляцеўшы вёску амаль на кіламетр. Гэта быў не проста кіламетр — з кожным яго метрам былі намёртва спаяны апошнія долі секунды жыцця выдатнага пілота, «выдатнага хлопца выдатнай зямлі» Уладзіміра Карвата. Дзякуючы лётнаму майстэрству і цаной уласнага жыцця лётчык не дапусціў падзення самалёта на населены пункт, чым выратаваў мноства чалавечых жыццяў.

Стрела самолета рванулась с небес,

И вздрогнул от взрыва березовый лес.

Не скоро поляны травой зарастут,

А город подумал, а город подумал,

А город подумал: ученья идут.

Прычынай катастрофы стаў пажар у адсеку левага хваставога абцякальніка, які раней лічыўся пажарабяспечным і не меў датчыкаў папярэджання аб узгаранні. Як потым напісалі ва ўзнагародным лісце: «За 14 секундаў да падзення самалёта лётчык далажыў, што машына не кіруецца, разам з гэтым становішча лётчыка ў кабіне пасля сутыкнення з зямлёй (левая рука на ручцы кіравання рухавіком і правая рука на ручцы кіравання самалётам) сведчыць, што тыя, апошнія 14 секундаў палёту падпалкоўнік Карват, выкарыстоўваючы мінімальныя магчымасці ўздзеяння на самалёт, працягваў адводзіць яго ўбок ад вёскі».

Нягледзячы на позні час, многія жыхары ваколіцы былі відавочцамі трагедыі. Хтосьці нават сказаў: «Зоркай з неба ўпаў...» Людзі кінуліся да месца падзення самалёта і, рызыкуючы жыццём, пачалі тушыць бушуючы пажар. Ірваліся снарады боекамплекта, паліўныя бакі, але ніхто не адыходзіў. Пажар патушылі, але цела пілота ўдалося дастаць толькі раніцай. Ішоў дробны дождж, нібы прырода аплаквала гібель героя...

За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку, Уладзімір Карват першы ў краіне ў 1996 годзе ўганараваны званнем Героя Беларусі (пасмяротна). У гонар Героя названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і вёсцы Арабаўшчына, а таксама сквер і бульвар у Баранавічах. Імя героя-лётчыка носіць СШ № 8 Брэста, дзе ён вучыўся. І кожны год 23 мая ў музеі школы праходзіць Дзень мужнасці. На месцы катастрофы самалёта ўсталяваны памятны знак, а ў цэнтры Арабаўшчыны ўзведзены помнік з мемарыяльнай дошкай у гонар гераічнага лётчыка.

Падпалкоўнік Карват загадам міністра абароны Рэспублікі Беларусь навечна залічаны ў спісы асабовага складу 1-й авіяцыйнай эскадрыллі 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы. У авіябазе створаны музей героя, на будынку штаба ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Штогод у Баранавічах праводзіцца міжнародны турнір па боксе памяці Уладзіміра Карвата. На рагу бульвара Касманаўтаў і вуліцы імя Гогаля ў Брэсце 5 мая 2000 года быў урачыста адкрыты помнік Карвату. Зацверджана таксама імянная стыпендыя Героя Беларусі, якая выдаецца найлепшым курсантам авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. У гонар Уладзіміра Карвата выпушчана паштовая марка.

Мікалай Шаўчэнка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».