Вы тут

Брагін абнавіўся і папрыгажэў да «Дажынак-2018»


Капрамонт праведзены ў многіх важных установах сацыяльнага прызначэння: у сярэдняй школе, школе мастацтваў, Палацы культуры, музеі, цэнтральнай бальніцы... Многія вуліцы добраўпарадкаваны — там пакладзены тратуар і новае пакрыццё. Своеасаблівай візітнай карткай райцэнтра стала Алея Герояў. Цяпер каля мемарыяльнага комплексу, які ўвекавечыў памяць байцоў, што аддалі жыццё за свабоду гэтага краю, будуць праводзіць урачыстыя мерапрыемствы.


Для аматараў здаровага ладу жыцця адкрыты новы спартыўна-аздараўленчы комплекс — адначасова тут могуць займацца больш за 100 чалавек. У будынку ёсць спецыялізаваныя залы для заняткаў вольнай барацьбой, лёгкай і цяжкай атлетыкай, зала шэйпінгу. Створаны пляцоўкі для гульнявых відаў спорту — валейбола, гандбола, баскетбола і міні-футбола. На другім паверсе будынка размясцілася раённая бібліятэка.

Маладыя спецыялісты раёна могуць без хваляванняў за быт жаніцца і выходзіць замуж. Для іх у Брагіне пабудавана 20 утульных дамоў. Адначасова завершаны бягучы рамонт 25 шматпавярховак. У цэнтральным парку цяпер ёсць свой амфітэатр і дзіцячы казачны замак. А некалі забалочаная тэрыторыя па вуліцы Паркавай ператварылася ў прыгожы парк з вадаёмам, дзе пракладзена экалагічная сцежка. Восенню паспелі адрэстаўрыраваць і здаць будынак мясцовага аўтавакзала.

Між тым пераўтварэнні закранулі і Камарын — гарадскі пасёлак, з якога ў 1943-м пачалося вызваленне Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Новыя фасады тут набылі культурна-спартыўны цэнтр і філіял Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў. Завершаны рамонт і ўладкаванне тэрыторыі сярэдняй школы, абноўлена ўчастковая бальніца.

Сёлетнія «Дажынкі» ў Брагіне былі прысвечаны Году малой радзімы і прайшлі пад дэвізам — «Мая радзіма — мой гонар». Першымі тысячнікамі Гомельскай вобласці сталі камбайнеры агракамбіната «Холмеч» Рэчыцкага раёна Іван Вырвіч і Алег Хвост. Іх намалот разам з кукурузай склаў амаль 6,7 тысячы тон. Сярод маладзёжных экіпажаў у лідарах Сяргей Карпенка і Андрэй Кульманскі з «Ціхінічаў» Рагачоўскага раёна. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый па вытворчасці збожжа найлепшым названа камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Саўгас-камбінат «Зара» Мазырскага раёна.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік падкрэсліў, што сельская гаспадарка застаецца ключавой галіной эканомікі Гомельшчыны:

— Прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу з пачатку года адправілі на экспарт прадукцыі на суму 280 мільёнаў долараў. Доля экспарту прадпрыемстваў рэгіёна ў агульным аб'ёме краіны складае практычна пятую частку.

Кіраўнік вобласці адзначыў неабходнасць перабудаваць сельскагаспадарчую вытворчасць такім чынам, каб атрымліваць максімальны эканамічны эфект нават у складаных умовах надвор'я.

Дарэчы, ураджай збожжавых на Гомельшчыне сёлета склаў амаль 1 мільён тон. (На такі вынік паўплывала кукуруза, ураджай якой перавысіў леташні амаль у два разы.) Самы вялікі ўнёсак у абласны каравай зрабілі гаспадаркі Буда-Кашалёўскага, Рэчыцкага, Гомельскага, Рагачоўскага і Мазырскага раёнаў.

Да канца гэтага года на Гомельшчыне будуць уведзены ў эксплуатацыю чатыры сучасныя малочнатаварныя комплексы. Яшчэ на 13 завяршаецца рэканструкцыя і тэхнічнае пераабсталяванне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Брагін змяніў аблічча

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.