Вы тут

Як рыхтуецца вучэбная літаратура для школьнікаў?


4,3 мільёна школьных падручнікаў было выпушчана на ААТ «Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа» ў бягучым годзе. Як расказаў яго дырэктар Ігар МАЛАНЯК, тут друкуецца больш за 80 працэнтаў усіх вучэбных дапаможнікаў для беларускіх школьнікаў, а ў агульных аб'ёмах вытворчасці прадпрыемства падручнікі займаюць да 70 працэнтаў.


Ігар МАЛАНЯК: «Звярстаныя старонкі друкуюцца на металічных пласцінах машынай «Пума» і аддаюцца на вычытку карэктару з парушэннем зроку».

Традыцыйна самыя гарачыя месяцы для работнікаў паліграфкамбіната — май, чэрвень, ліпень і жнівень, калі даводзіцца працаваць у тры змены, практычна без выхадных . А вось у студзені — лютым на вытворчасці ўсталёўваецца зацішша.

— Канешне, мы зацікаўлены ў тым, каб нагрузка на паліграфкамбінат размяркоўвалася раўнамерна ўвесь год, але нас кожны раз ставяць перад фактам: трэба выпусціць амаль 5 мільёнаў падручнікаў фактычна за летнія месяцы, — расказвае Ігар Маланяк. — І да 1 верасня яны абавязкова павінны паступіць у школы. Дзе знайсці столькі работнікаў? Выданне падручнікаў — вельмі складаны і працаёмкі працэс, які патрабуе наяўнасці высокакваліфікаваных кадраў на ўсіх этапах, пачынаючы ад аўтарскага калектыву, рэдактараў выдавецтва і да друкарні. Між іншым, патрабаванні да такой літаратуры (СанПіНы) — вельмі жорсткія: да вагі, фарбаў, памеру шрыфту... Напрыклад, папера, на якой друкуюцца падручнікі, павінна мець белізну не больш як 92 %, каб у дзяцей не стамляліся вочы. І каштуе яна даражэй. Таму калі вы раптам убачыце падручнік на беласнежнай паперы, то майце на ўвазе — перад вамі кантрафакт.

Пасля далучэння да паліграфкамбіната друкарні ААТ «Чырвоная зорка» тут сталі выпускаць і падручнікі для дзяцей з парушэннем зроку, выкананыя рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля. Для перадачы тэксту ў ім выкарыстоўваюцца камбінацыі з шасці кропак. Шрыфт наносіцца з адваротнага боку ліста і «чытаецца» рукамі па выпукласцях (тактыльнае чытанне). Існуе пэўны алгарытм кадзіроўкі, з дапамогай якога звычайны тэкст перакладаецца на шрыфт Брайля, гэта вымагае і спецыяльнай вёрсткі. Традыцыйны брайлеўскі ліст змяшчае 25 радкоў па 30 знакаў. Далей звярстаныя старонкі друкуюцца на металічных пласцінах машынай «Пума» і аддаюцца на вычытку карэктару з парушэннем зроку. У рэшце рэшт пласціна трапляе на ўчастак, дзе кропкавы тэкст пераносіцца на старонкі. Збіраюцца такія кнігі ўручную.

Брайлеўскія падручнікі цалкам адпавядаюць выданням для агульнаадукацыйнай школы, але калі звычайны змяшчаецца пад адной вокладкай, то, напрыклад, падручнік па геаграфіі для 11 класа займае 12 (!) тамоў. Затое тут ёсць і карты, і выявы, выкананыя на полістыроле кропкавым метадам, якія дзеці таксама могуць цяпер «счытваць» пальцамі. Полістырол больш даўгавечны, чым папера. Ігар Маланяк удакладняе: «Мы выкарыстоўваем толькі экалагічна чысты матэрыял — той жа, што і на харчовай вытворчасці. З такога полістыролу, напрыклад, выпускаецца тара для смятаны. І нават калі на полістырольныя старонкі трапіць вадкасць, то ніякай шкоды не будзе».

Тыраж брайлеўскіх падручнікаў склаў сёлета каля тысячы экзэмпляраў. А максімальны тыраж аднаго тома — усяго 30—40 экзэмпляраў. Іх выданне — не толькі працаёмкі, але і вельмі дарагі працэс. Сабекошт аднаго тома вагаецца ў залежнасці ад аб'ёму ад 50 да 200 рублёў. Школьнікам «асаблівыя» падручнікі дастаюцца бясплатна, а ўсе выдаткі бярэ на сябе дзяржава, хоць у многіх краінах на гэтыя мэты прыцягваюцца дабрачынныя сродкі.

— Сёлетні тыраж вылучаецца таксама і пераплётам, які аформлены ў пэўным колеры ў залежнасці ад вучэбнага прадмета: ружовы і чырвоны — гісторыя Сярэдніх вякоў і гісторыя Беларусі, сіні — геаграфія, зялёны — біялогія, — тлумачыць Вікторыя КАЛІСТРАТАВА, дырэктар выдавецтва «Народная асвета», дзе і адаптуецца літаратура для невідушчых. — Гэта дазволіць дзецям са слабым зрокам лягчэй арыентавацца ў выбары патрэбнага падручніка на кніжнай паліцы. Наша выдавецтва рыхтуе да выпуску шрыфтам Брайля не толькі школьныя падручнікі, але і кнігі з серыі «Школьная бібліятэка». У 2018 годзе гэта дзевяць найменняў з творамі Івана Навуменкі, Васіля Быкава, Пімена Панчанкі, Раісы Баравіковай, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Андрэя Платонава, Мікалая Гумілёва, Ганны Ахматавай і Апанаса Фета. Прызнаюся, што мы марым, каб у нашай краіне наносіліся шрыфтам Брайля таксама і найменні лекаў на ўпакоўку — так, як гэта робяць ужо шмат дзе, і каб яго выкарыстоўвалі для друкавання інструкцыі па прымяненні лекаў.

Вікторыя КАЛІСТРАТАВА: «Брайлеўскі падручнік па геаграфіі для 11 класа займае 12 (!) тамоў».

У найбліжэйшых планах выдавецтва — засвоіць зручны для невідушчых людзей daіsy-фармат, так званыя лічбавыя кнігі, якія гавораць: яны прыйдуць на дапамогу падручнікам, напрыклад, так можна будзе агучваць хрэстаматыі па гісторыі ці літаратуры.

Яшчэ адна тэндэнцыя апошніх гадоў — з'яўленне вучэбных дапаможнікаў у мяккім інтэгральным пераплёце. Падручнік па фізіцы для 8 класа выдавецтва «Народная асвета» — другі, які выйшаў у мяккім інтэгральным пераплёце. Першы быў леташні падручнік па фізіцы для 7 класа: ён на нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» рашэннем журы быў прызнаны «Падручнікам новага стагоддзя». Да таго ж гэта падручнік дапоўненай рэчаіснасці, які дазваляе навучэнцам паглядзець відэаздымку лабараторных і практычных заняткаў. Кожны вучань можа «ажывіць» карцінку з дапамогай свайго смартфона...

— Ніякіх асаблівых умоў для друкавання такіх падручнікаў ствараць не трэба, — запэўнівае Ігар Маланяк. — Гэта ўсё прадумваецца яшчэ на стадыі макета, а затым адпаведная праграма счытвання запампоўваецца вучнямі ў гаджэт. А вось інтэгральны пераплёт робім толькі мы і друкарня Дома друку. Сёння на паліграфкамбінаце распрацаваны інвестыцыйны план развіцця да 2023 года. У нас хапае магутнасцяў, але вытворчы парк трэба перыядычна абнаўляць. З сучаснага абсталявання, якое можа забяспечыць сусветныя стандарты па друку, у нас усяго дзве машыны «Rapіda-106» і «Rapіda-104» (любімыя машыны нашых выдавецтваў), кожная з іх здольная замяніць па сваёй прадукцыйнасці дзве-тры старыя. Да таго ж ёсць такое паняцце, як прыладка — падрыхтоўка машыны да друку. На старых машынах яна складае 35 хвілін, а на новых — усяго 9. Таму было прынятае рашэнне аб тэхнічным пераўзбраенні прадпрыемства. Агульны кошт праекта — каля 2 мільёнаў еўра. Цяпер рыхтуецца бізнес-план па набыцці ліставой афсетнай машыны для друкавання кніжнай прадукцыі, у тым ліку і падручнікаў з аўтаматычным кантролем якасці друку і мінімізацыяй чалавечага фактару. Для заказчыка важныя цана і якасць — гэтым дзвюм крытэрыям мы і павінны адпавядаць. Далейшы этап — набыццё лініі бясшвейнага змацавання, якая будзе забяспечваць вытворчасць ад 3 да 5 тысяч экзэмпляраў у змену, дазволіць нам выпускаць кнігі з прымяненнем поліўрэтанавага клею. Звычайны тэрмаклей можа разбурацца, таму старонкі з такой кнігі проста выпадаюць, а поліўрэтанавы клей — даўгавечны, кніга робіцца больш гнуткай, яе знешні выгляд паляпшаецца.

Каб убачыць «жывую карцінку», чытачу спатрэбіцца смартфон ці планшэт з доступам да інтэрнэту і спецыяльнай бясплатнай праграмай.

Будуць набываць на паліграфкамбінаце і магутную лічбавую друкавальную машыну: паколькі тыражы кніг пакрысе падаюць, узнікае неабходнасць у друкаванні рэкламнай прадукцыі малымі тыражамі, выпуску персаніфікаванай прадукцыі. А вось дэмаграфічная сітуацыя, на шчасце, пакрысе выпраўляецца: з кожным годам колькасць школьнікаў будзе прырастаць, адпаведна будуць павялічвацца і тыражы падручнікаў і вучэбнай літаратуры...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: У свеце падручнікаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».