Вы тут

Чаму ў Мінскім раёне 1700 кіламетраў неўладкаваных дарог?


Марына Барэйша з мужам і дваімі маленькімі дзеткамі здымалі кватэру. Як і любой сям'і, надакучыла жыць на чужых «квадратах». Хацелася займець свой куток. І яны вырашылі будавацца.


Так выглядала дарога восенню.

— Спачатку мы наведалі Калодзішчанскі сельсавет, дзе нам прапанавалі некалькі ўчасткаў. Але варыянт нас не задаволіў, паколькі па дакументах там не было камунікацый. У 2015 годзе набылі ўчастак з аўкцыёна ў вёсцы Ляхаўшчына Ждановіцкага сельсавета. Па дакументах значылася, што да яго падведзены газ, электрычнасць. На самай справе нічога гэтага не аказалася.

Марына і Аляксандр скаапераваліся разам з суседзямі і за свае сродкі выклікалі геадэзістаў, склалі каштарысную дакументацыю, зрабілі адпаведны праект на падводку электрычнасці. Здавалася б, праблема вырашана — заставалася толькі падключыць лінію да трансфарматара. Але ім не давалі дазвол, паколькі яго магутнасці не былі разлічаны на дадатковую нагрузку. Грамадзянам прапанавалі купіць трансфарматар за ўласныя грошы. А каштуе ён нямала — каля пяці тысяч рублёў. І людзі адмовіліся. Праўда, знайшоўся «дачнік», які за свой кошт набыў і ўстанавіў гэтае абсталяванне. Свет гарыць, лінія прынятая на баланс электрасетак.

Што датычыцца ацяплення, то дом абаграваецца катлом на цвёрдым паліве. «У вёсцы яшчэ раней быў створаны кааператыў. Але мы не можам бясплатна падключыцца да газаразмеркавальнай трубы, людзі ж трацілі немалыя сродкі, каб у іх дамы прыйшло «блакітнае паліва». І мы павінны заплаціць кааператыву і сельсавету. Акрамя таго, неабходна купіць трубы, абсталяванне. Збяром крыху грошай і падключымся да цэнтральнага газазабеспячэння», — кажа Марына.

Але гэта ўсё дробязі ў параўнанні з тым, што да ўчастка Барэйшаў няма пад'язных шляхоў. Справа ў тым, што дом знаходзіцца ў другім радзе ад галоўнай дарогі. І гаспадары маглі пад'язджаць да яго толькі праз участак суседа. «Дзякуй, што ён быў не супраць. Але цяпер прывёз бетонныя блокі для пабудовы, і шляхі адрэзаны, — кажа мая суразмоўніца. — Але ўзнікае праблема: як нам трапіць дамоў?

Сапраўды, сітуацыя не з прыемных: толькі верталёт выклікай. І хоць дарогу, або, як кажуць, «народную» сцежку, «пратаптала» тэхніка з другога боку ад уладанняў суседа пры будаўніцтве, праехаць па ёй немагчыма. Побач — пажарны вадаём, які падчас дажджоў, вясновага разводдзя выходзіць з берагоў і затапляе нешырокую дарогу. Больш таго, участак знаходзіцца ў нізіне і на яго сцякаюць воды з калгаснага поля.

Марына непакоіцца. Праз два месяцы ёй нараджаць трэцяе дзіця. Ні хуткая дапамога, ні ўрачы не змогуць пад'ехаць да дома. Цяпер, калі падмарозіла, сюды можна дабрацца па калдобінах ды выбоінах. А вось калі адпусцяць маразы, тэрыторыя будзе нагадваць суцэльнае балота. Дзяцей Марына возіць у дзіцячы сад у Мінск. Без гумовых ботаў тут не абыдзешся. А насіць малых на руках хударлявая жанчына не ў сілах. Тым больш цяпер, калі цяжарная.

Куды толькі не звярталася сям'я па дапамогу. Але ва ўсіх інстанцыях знаходзіліся аб'ектыўныя прычыны. У сельвыканкаме адказалі, што няма на гэта грошай, маўляў, рабіце дарогу за свой кошт або чакайце. А чакаць можна і некалькі гадоў.

— Мы падсыпалі гэтую дарогу, як змаглі, але ўсё асела і вярнулася на кругі свае, зноў лужыны і гразь. Каб прывесці яе ў належны стан, неабходна падняць як мінімум на метр. А гэта, па нашых падліках, дзесяць дваццацітонных машын грунту. Адна абыходзіцца ў 200 рублёў. Такіх грошай у нас няма. Муж працуе ўрачом-хірургам, зарплата ў яго невялікая, я — у дэкрэтным адпачынку. Ды і чаму мы павінны плаціць са сваёй кішэні за тое, што павінна быць? Па заканадаўстве, калі чалавек набывае ўчастак пад індывідуальную забудову, да яго павінны быць падведзены камунікацыі, — абураецца Марына.

Звярталася яна і да дарожнікаў са сваёй праблемай. У ДРБУ-194 ёй растлумачылі, што абслугоўваюць толькі галоўныя дарогі. Налета яны будуць асфальтаваць цэнтральную вуліцу, што вядзе праз Ляхаўшчыну. А дарогі, што прылягаюць да ўчасткаў, — гэта не іх справа. Максімум, што могуць, — уладкаваць з'езды на два метры ад асноўнай артэрыі.

Пасля таго як да праблемы падключылася «МС», на месца выехалі прадстаўнікі Ждановіцкага сельвыканкама, Мінскага райвыканкама і «Гаррам-
аўтадара».

Марыне абяцалі знайсці арганізацыю і даручыць упраўленню капітальнага будаўніцтва райвыканкама распрацаваць праект. Пасля таго як будуць праведзены геалагічныя пошукі, зроблены сам праект, экспертыза, можна пачаць будаўніцтва дарогі. Але падрыхтоўчы працэс зойме не менш чым паўгода. Калі зверху насыпаць грунт, то гэта проста закопванне грошай. Сям'ю просяць пацярпець, пакуль зробяць усё належным чынам. А ў найбліжэйшы час сюды накіруюць спецыяльную тэхніку, каб неяк уладкаваць дарогу. Ва ўсялякім выпадку, так абяцаюць. У сваю чаргу «МС» будзе адсочваць, як у далейшым будзе развівацца сітуацыя.

Чаму ж нельга было раней правесці неабходныя работы? У Мінскім раёне 1700 кіламетраў дарог, якія не стаяць ні на чыім балансе. Цяпер у гэтай справе наводзіцца парадак, складаецца спіс «нічыйных» дарог. Яны перадаюцца на абслугоўванне канкрэтным арганізацыям. Нарэшце ў людзей з'явілася надзея на паляпшэнне стану транспартных артэрый.

Аб праблеме абласныя ўлады ведаюць і прыкладаюць намаганні, каб прывесці шляхі ў належны выгляд. Практычна на кожным прыёме грамадзян да старшыні Мінаблвыканкама Анатоля Ісачанкі звяртаюцца людзі з нараканнямі на дрэнны стан дарог. На адным з прыёмаў, у прыватнасці, губернатар адзначыў, што ў 2018 годзе на будаўніцтва транспартнай інфраструктуры ў раёнах індывідуальнай забудовы Мінскага раёна выдзелена каля васьмі мільёнаў рублёў. Аднак адрамантаваць усё за раз немагчыма. Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна неаднаразова падкрэсліваў, што асаблівую ўвагу будуць аддаваць дарогам Мінскага раёна: «Мы крыху зробім упор менавіта на Мінскі раён, таму што тут шмат застарэлых праблем. Але гэта не значыць, што ў другіх раёнах не будзем нічога рабіць. Вобласць павінна развівацца раўнамерна».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.