Вы тут

Як працуе бальніца сястрынскага догляду


Такія бальніцы цяпер ёсць у кожным раёне. Сюды змяшчаюць людзей, найбольш састарэлых, якія ўжо не могуць даглядаць сябе самі. Зараз у Вялікарыцкай бальніцы сястрынскага догляду, што на Брэстчыне, знаходзяцца 17 чалавек. Кожны з іх нясе ў сабе сваю гісторыю жыцця і старасці, гісторыю болю і пакут. Кіраўнік гэтай установы старшая медсястра Галіна Палішчук стала на гэтай рабоце ў нейкай меры філосафам.


Калектыў

Га­лі­на Па­лі­шчук.

Галіна Іванаўна шмат гадоў адпрацавала ў звычайнай участковай бальніцы. А калі яе закрылі і зрабілі, па сутнасці, сацыяльнай установай, засталася тут. Кажа, што пасля 12 гадоў працы ў новай установе яна па-іншаму стала глядзець на жыццё. Стараецца нікога не асуджаць, нават дзяцей тых, хто тут ляжыць. «Жыццё такое пакручастае, — кажа яна. — І ніхто ні ад чаго не застрахаваны. Тут за дзень пяць разоў зменіш уласнае меркаванне. То здаецца, лёс зусім несправядлівы: вось ляжыць бабулечка, такая мілая, выхаваная, чысцюля па натуры, вясковая інтэлігентнасць у яе недзе ад прадзедаў. І чаму яна тут? Сэрца кроўю абліваецца, здаецца, забрала б дадому... Адыдзеш на два крокі, а там пацыент, якога санітарка даглядае, лаецца на яе апошнімі словамі. Крыўдна. І ловіш сябе на крамольнай думцы, што вось ён, лёс, аддае належнае чалавеку. Так што лепш глыбока не задумвацца над законамі быцця, а проста
рабіць сваю справу».

І гэты невялічкі калектыў з 14 чалавек робіць сваю работу як след. Пра апошняе сведчаць знешні выгляд старых, спакойная атмасфера, адсутнасць спецыфічнага паху ў палатах, дзе большасць людзей ляжачыя. Галіна Палішчук сваім калектывам ганарыцца. Многія з санітарак і сясцёр ужо на пенсіі, адпрацаваўшы столькі гадоў медыкамі, не растрацілі спагаду да людзей. Іх не трэба кожны раз кантраляваць.

Бо тут спецыфічныя ўмовы. Старых патрэбна дагледзець, часам як малых дзяцей. Вось заступае Ганна Міхайлаўна Хвашчова на начную змену, яна спачатку ўсе неабходныя маніпуляцыі зробіць, а потым пацыентам ногі папарыць, ногці паабстрыгае. Для кожнага добрае слова знойдзе. У іншых супрацоўнікаў свае падыходы. Тут нярэдка бывае, калі адзінокім, тым, каму зусім не прыносяць перадач, часам кладуць у халадзільнік нешта дамашняе, маўляў, і вам перадалі, калі вы спалі.

Адзінокія

Найбольш насельнікаў гэтай бальніцы людзі адзінокія, тыя, у каго няма дзяцей. Такія, напрыклад, як Марыя Фёдараўна Серада з Замшан. Яна трапіла сюды разам з братам. Абое адзінокія, сем'яў не стварылі. Брат і памёр у гэтай бальніцы літаральна на руках у сястры. А Марыя Фёдараўна без нагі, гады два таму ёй зрабілі аперацыю. Яна стараецца рухацца, каб не ляжаць зусім. Ахвотна ўступае ў размову, радуецца кожнай магчымасці з кімсьці пагаварыць. Побач на тумбачцы ляжыць раённая газета, бабулька цікавіцца мясцовымі навінамі. Жанчына расказвае пра свае беды, незайздросны лёс, але разважае нібы коласаўская старожка з рамана «На ростанях»: «Жыве чалавек, бо жывы ў зямлю не палезеш».

Са­ні­тар­ка Ла­ры­са Ге­ра­сі­мук  і па­цы­ент­ка Ма­рыя Се­ра­да.

Санітарка Ларыса Герасімук, якая прыйшла дапамагчы апрануцца Марыі Фёдараўне, адзначыла потым, што гэтая пацыентка адна з самых адэкватных. Многія, на жаль, не ўсведамляюць рэальнасці, некаторыя нават не ведаюць, дзе яны знаходзяцца.

Саламяныя ўдовы і ўдаўцы

Галіна Іванаўна зазначае, што ўжо некалькі чалавек прайшло праз іх бальніцу з падобнымі жыццёвымі гісторыямі. Пачыналася прыкладна аднолькава. Жыў у вёсцы амаль што прыгажун, вясёлы і зухаваты мужчына, на працы не апошні, жанчын любіў. І ў нейкі момант сышоў з сям'і да другой, там жыў на правах прымака, без усялякіх фармальнасцяў. Ну і жыў, здавалася б, нядрэнна, пакуль працаваў па гаспадарцы, зарплату прыносіў. Усё было добра і задавальняла абодва бакі. А потым гэта грамадзянская жонка памірае, і яе дзеці даюць у лепшым выпадку некалькі дзён на зборы і ад'езд. А калі ехаць няма куды і здароўе не надта, падобная бальніца можа быць выйсцем. Ёсць яшчэ адзін варыянт развіцця падзей, нават больш радыкальны. Калі чалавек пачынае хварэць, яго грамадзянская жонка проста выганяе з хаты. Адзін з такіх небарак і пражывае зараз у названай бальніцы.

Прыгадалася даўняя сустрэча з жанчынай — кіраўніком аднаго вясковага прадпрыемства з пераважна мужчынскім калектывам. Яна са смехам расказвала, што на ўсіх святочных нефармальных мерапрыемствах яна не прамінае даць такі напаўжартоўны наказ: «Не бегайце за маладымі жанчынамі, пільнуйцеся жонак! Тыя, што бегаюць, здараецца, пад плотам шлях заканчваюць». У гэтым жарце, згадзіцеся, ёсць доля праўды.

Бацькі і дзеці

Яшчэ больш шкада тых пацыентаў бальніцы, у якіх ёсць дзеці. Зараз не кажу пра такіх дзяцей, якія самі вядуць асацыяльны лад жыцця і не могуць быць апорай на старасці гадоў. Ёсць пэўная частка людзей, якія па аб'ектыўных прычынах не могуць даглядаць старых бацькоў. Напрыклад, самі яшчэ не на пенсіі, а старога чалавека нельга пакінуць аднаго ў кватэры, бо ў яго дэменцыя, ён можа ўключыць газ альбо выйсці ў акно ці балконныя дзверы. Часам дзеці кажуць: «Будзем аддаваць пенсію і яшчэ столькі ж плаціць, толькі даглядзіце бацьку ці маці ва ўстанове».

І яшчэ адну катэгорыю людзей бачылі ў сваіх сценах работнікі гэтай бальніцы. У іх выпадку было, што жонка хоча даглядаць сваю маці дома, а муж — катэгарычна супраць. І пытанне стаіць рубам: альбо цешча ў кватэры, альбо развод. Бывае, вядома, і наадварот, жонка на парог не пускае старую і хворую свякроў.

Тут можна хіба маладым параіць, каб прыглядаліся адно да аднаго яшчэ да вяселля. Вось вам тэст на спагаду: замест наведвання забаўляльнай установы запрасіце кандыдата ў сужэнцы ў бальніцу сястрынскага догляду з фруктамі і салодкімі падарункамі. Па яго рэакцыі на гаротную старасць можна многае зразумець. З'явіцца нагода пагаварыць на гэтую тэму.

І другая выснова, што падобныя ўстановы трэба развіваць. Асабліва для тых, хто можа заплаціць, павінны быць дамы састарэлых больш высокага ўзроўню, чым цяперашнія бальніцы сястрынскага догляду, такія, куды б пажылыя людзі не баяліся трапіць.

Валанцёры і мецэнаты

Аўтара гэтых радкоў запрасіла ў Вялікарыцкую бальніцу старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Людміла Бурштын. Людміла Віктараўна разам са сваімі актывістамі часам бываюць у гэтай установе. Яны прывозілі сюды коўдры, пасцельную бялізну, іншыя падарункі. Прыязджаюць і на святы, каб падтрымаць пацыентаў бальніцы, даць зразумець сталым людзям, што пра іх не забылася грамадства, іх помняць. Зараз Людміла Віктараўна сумесна з абласным кіраўніцтвам аддзялення Фонду міру актыўна займаюцца пошукамі спецыяльнага прыстасавання для купання ляжачых людзей. Спадзяюцца, што за месяц-другі ўдасца набыць патрэбную рэч. Цяпер жа работніцы бальніцы часам учатырох нясуць хворага ў ванну. Самі немаладыя, спіны баляць. Для іх такое крэсла было б як знаходка.

Нельга сказаць, што ў бальніцу ніхто не прыходзіць. І святар мясцовы зазірае, і старэйшыя школьнікі, як ужо гаварылася, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый з раёна. Але такія візіты выглядаюць як разавыя акцыі. А так, каб былі пастаянныя наведвальнікі, у нас нібы і не прынята. У Вялікай Рыце, немалым населеным пункце, і суседніх вёсках шмат, напрыклад, пенсіянераў актыўнага ўзросту, ёсць пярвічкі асобных грамадскіх арганізацый. Але да сельскай мясцовасці павевы валанцёрскага руху даходзяць марудна. І дарма. Ніхто ні ад чаго не застрахаваны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Маларыцкі раён

Загаловак у газеце: Восень жыцця

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.