Вы тут

Новы год беларусы сустрэнуць са снегам


З кожным годам зіма ў нашай краіне прыходзіць усё пазней і пазней. Згодна з народным павер'ем, снежнае покрыва стабільна ўтворыцца ўжо праз 40 дзён пасля таго, як выпадзе першы снег. Апошнім часам ён выпадае ў сярэдзіне і канцы лістапада.


Фота: pixabay.com

Трохі халадней

Па словах сіноптыкаў, нягледзячы на кліматычныя асаблівасці планеты, якія змяняюцца з цягам часу, будучая зіма ў Беларусі можа аказацца больш суровай, чым год назад. Першыя яе праявы далі сябе адчуць яшчэ ў сярэдзіне лістапада. Прычына — уздзеянне арктычных мас і зніжэнне сонечнай актыўнасці.

А таму можна з упэўненасцю сказаць, што літаральна з першых дзён зімы ў краіне ўсталюецца марознае надвор'е. Вядома, зрабіць больш дакладны прагноз зараз проста немагчыма, з-за пераменнасці нашага клімату — заўсёды ёсць верагоднасць таго, што ў апошні момант надвор'е прынясе нейкі нечаканы сюрпрыз. Напрыклад, на партале Gіsmеtео з 4 да 6 снежня нас чакае істотнае пацяпленне, калі нават уначы абяцаюць плюсавую тэмпературу.

Першы месяц зімы сёлета будзе ўмерана марозны, сярэдняя ж тэмпература паветра не абяцае панізіцца ніжэй за мінус 15 — мінус 18 градусаў па Цэльсіі. Асноўныя маразы ў снежні прыйдуцца на сярэдзіну месяца, калі з 14 да 17 снежня спецыялісты прадказваюць умераныя (да мінус 17 градусаў) маразы. У першую палову месяца вялікай колькасці ападкаў не прадбачыцца. Бліжэй да новага года павінна зноў злёгку пацяплець, а колькасць ападкаў павялічыцца, галоўным чынам у выглядзе мокрага снегу.

Не заўсёды ў норме

Тэмпературная норма снежня складае мінус 3,3 градуса. Але апошнім часам першы месяц зімы быў значна цяплейшы (ад мінус 1 да мінус 2 градусаў). У снежні ў краіне выпадае 45 мм ападкаў. Снегапады чаргуюцца з лёгкімі дажджамі. У месяц фіксуецца два дажджлівыя і два сонечныя дні. Снег увогуле ідзе 13 дзён.

Вільготнасць вельмі высокая — 90 %. Таксама зімой воблачна: максімальная колькасць пахмурных дзён прыпадае на перыяд з лістапада да студзеня (80—85 %). Мінск, такім чынам, атрымлівае ўсяго 1,7 сонечнай гадзіны ў суткі. Мінімальныя паказчыкі ў светлавога дня: у першы зімовы месяц ён доўжыцца 7,5 гадзіны.

Прыкметы ў дапамогу

Вядома ж, расказаць з упэўненасцю, якое менавіта акажацца надвор'е праз такі працяглы прамежак часу практычна немагчыма, а таму даводзіцца звяртацца па дапамогу да мінулых гадоў. Па словах сіноптыкаў, не трэба чакаць ад халоднай пары года нечаканых сюрпрызаў — надвор'е будзе стабільным для рэгіёна: умераная колькасць ападкаў, адсутнасць моцных замаразкаў і рэзкіх адліг. Зразумела, што першае сур'ёзнае пахаладанне наступіць пасля сырога і золкага лістапада. Снегу ў гэты перыяд практычна не будзе, а той, што ўсё ж такі выпадзе, адразу ж растане. Фактычна будучая зіма на тэрыторыі краіны наступіць у момант свайго каляндарнага старту.

Праверыць дакладнасць звестак аб тым, якой менавіта абяцае быць будучая зіма, можна з дапамогай няхітрага спосабу — выкарыстоўваць прыкметы нашых продкаў:

«Калі ўзімку пачынаецца навальніца, будуць лютыя маразы, а калі яшчэ і суправаджаецца маланкамі, то не пазбегнуць страшнай буры. Чым больш жалудоў у лесе, тым даўжэй будуць цягнуцца халады. Калі першы снег лёг на яшчэ не абсыпанае з дрэў лісце, зіма будзе суровая. Калі кастрычнік выдаўся цёплы, такую прадвяшчаюць і зіму. Калі раніцай хорам спяваюць сініцы, уначы будзе мароз. Ранкам на кустах і дрэвах пухнаты іней — дзень будзе сонечны і цёплы».

Свята са снегам

Прымаючы пад увагу доўгатэрміновы прагноз надвор'я, мы чакаем у канцы снежня тэмпературу паветра, якая будзе трымацца на некалькі градусаў ніжэй за нуль. Згодна з папярэднім прагнозам надвор'я на месяц, апублікаваным на партале Gіsmеtео, Новы год беларусы сустрэнуць са снегам. Праўда, у Брэсцкай вобласці хутчэй за ўсё — з мокрым. Калі ў Мінску ў ноч на 31 снежня абяцаюць ад мінус 3 да мінус 5 градусаў, то сярэднясутачная тэмпература ў Брэсце складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў.

На 3—7 градусаў ніжэй за норму

Кароткачасовы снег, галалёдзіца і да 16 марозу чакаецца ў нашай краіне на выхадныя, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

А ўсяму віной скандынаўскі антыцыклон, які прынёс да нас анамальныя халады. Сёння тэрыторыя краіны будзе знаходзіцца на заходняй перыферыі халоднага антыцыклону. Чакаецца воблачна з праясненнямі. Без ападкаў. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёвы, паўднёва-ўсходні, умераны, па захадзе краіны парывісты. Максімальная тэмпература паветра ў сярэдзіне дня ад мінус 2 да мінус 8 градусаў. Атмасферны ціск будзе падаць.

Антыцыклон сыходзіць на Паволжа, і ў наступныя выхадныя дні тэрыторыя краіны апынецца пад уплывам франтальнага раздзелу, які змяшчаецца з Украіны. У суботу ўначы па паўднёвым усходзе, удзень у асноўным у цэнтральных і ўсходніх раёнах краіны пройдзе кароткачасовы снег. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы ў асноўным складзе ад мінус 7 да мінус 14 градусаў, пры праясненнях панізіцца да 16 марозу. Удзень будзе 3—9 градусаў ніжэй за нуль.

У нядзелю пераважна па ўсходняй частцы краіны пройдзе кароткачасовы снег. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 6—11 марозу, па захадзе пры праясненнях — да мінус 13 градусаў. Удзень будзе ад нуля да мінус 7 градусаў.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, на наступным тыдні надвор'е будуць вызначаць атмасферныя франты і цёплая паветраная маса атлантычнага паходжання. Пацяплее, а ападкі будуць выпадаць у выглядзе мокрага снегу і дажджу. У панядзелак уначы ў асобных раёнах пройдзе кароткачасовы снег. Раніцай і днём пераважна па заходняй частцы краіны пройдуць ападкі (мокры снег, дождж), месцамі магчымы туман і галалёд. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 1—8 марозу, па ўсходзе пры праясненнях — мінус 9—12 градусаў. Удзень будзе ад плюс 3 градусаў па захадзе да мінус 6 градусаў па ўсходзе краіны.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Снежань, халодны і сыры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?