Вы тут

Новыя трэнды ў аграэкатурызме


Сёння ў Беларусі зарэгістравана больш за 2300 сядзіб, і гэтая галіна прыцягвае прырастаць новымі суб'ектамі. Нават калі хтосьці сыходзіць з рынку, яго месца займаюць новыя гаспадары. І хоць аграсядзібы прымаюць не такі вялікі працэнт турыстаў у параўнанні з гасцініцамі, базамі адпачынку, санаторыямі і іншымі традыцыйнымі месцамі размяшчэння, менавіта гэты сегмент працуе на імідж краіны. Апошнія два гады Беларусь адзначаецца як адна з найлепшых краін для аграэкатурызму па версіі Nаtіоnаl Gеоgrарhіс.


Было, ёсць...

Не будзем забывацца пры гэтым, што прымаць гасцей на вёсцы наша краіна пачала не так даўно. Яшчэ ў 2002 годзе агратурысту нават не было дзе спыніцца на начлег, было праблематычна знайсці жытло з нармальным санвузлом. Калі пачала прырастаць інфраструктура, паўстала новае пытанне: чым турысту заняцца ў вёсцы? Але і такая праблема аказалася вырашальнай — тут гаспадароў аграсядзіб падтрымалі мясцовыя ўлады, работнікі культуры. Дзякуючы агратурызму пачалі ажываць вёскі, народныя калектывы атрымалі слухачоў, сталі запатрабаванымі рамёствы, школьнікі пачалі збіраць інфармацыю пра традыцыі ў сваіх населеных пунктах. Напрыклад, рэцэпты, якія адшукалі вучні Зэльвеншчыны нават патрапілі ў друк, і стравы, згатаваныя па іх, сёння турысты могуць замовіць у мясцовых пунктах харчавання.

Ды і самі гаспадары аграсядзіб пачалі ствараць разнастайныя турпрадукты. Сёння яны ўпэўнена заяўляюць: «Мы прадаём не столькі начлег і ежу, колькі ўражанні». Фестывалі, майстар-класы, конныя паходы і сплавы на плытах і байдарках, крэатыўныя музеі, спартыўныя забавы, квэсты і пазнавальныя сустрэчы — пералічваць варыянты актыўнага адпачынку, якія сёння прапануюць на вёсках, можна доўга.

Нягледзячы на тое, што кожны гаспадар імкнецца прыпаднесці госцю свой унікальны рэцэпт адпачынку, сельскія прадпрымальнікі актыўна дзеляцца са сваімі калегамі ідэямі. Больш за тое, яны пачалі аб'ядноўвацца ў кластары, каб ствараць суперпрадукт, на які лягчэй завабіць турыста. Напрыклад, гаспадар аграсядзібы з Валожынскага раёна, да якога людзі прыехалі вучыцца пячы хлеб, абавязкова параіць гасцям завітаць да суседзяў на мядовыя квэсты, конныя паходы ці кулінарныя фестывалі. Ад такой сумеснай працы выйграюць і турысты, якія атрымліваюць цікавыя маршруты і насычаны актыўнасцямі ды адкрыццямі адпачынак, прадпрымальнікі (колькасць наведвальнікаў значна прырасла, і часта «лішніх» кліентаў гаспадары перанакіроўваюць да суседзяў).

Да таго ж разам можна замахвацца на маштабныя праекты і атрымліваць пад іх інвестыцыі. Так, спажывецкі кааператыў «Валожынскія гасцінцы» ў найбліжэйшы час плануе запусціць трансгранічны маршрут «Шляхам Вітаўта», які працягнецца ад Ракава да Тракайскага замка ў Літве. Падчас такога падарожжа можна будзе больш даведацца пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага.

Будзе

Яшчэ адна ідэя, якая хутка здзейсніцца на Валожыншчыне, — стварэнне так званага спажывецкага кошыка, у якім турысты знойдуць самыя розныя прадукты, якія ім прапануюць гаспадары аграсядзіб. Тут і хлеб, і сыры, і мядовая ды мясная прадукцыя.

Між іншым, арганічнае земляробства — адзін з кірункаў далейшага развіцця вясковага турызму на Беларусі. Многія гаспадары аграсядзіб адчулі, што такім чынам можна завабіць новых кліентаў, і сталі актыўней браць зямлю, каб вырошчваць уласную экалагічна чыстую прадукцыю. У сваю чаргу фермеры таксама не спяць у шапку, а шукаюць новыя шляхі прыбытку, прапануюць экскурсіі на фермы, фестывалі, майстар-класы. Тут можна згадаць гаспадарку «ДАК», куды з задавальненнем едуць людзі, каб паглядзець на коз і на тое, як вырабляецца малочная прадукцыя. Многім спадабаўся «Кукуполіс» — квэст у лабірынце з кукурузы.

Падчас навукова-практычнай канферэнцыі, якая праводзілася сумесна з Белаграпрамбанкам і Міністэрствам спорту і турызму, старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова заўважыла, што зараз гаспадарам сядзіб трэба рабіць ухіл на крэатыўнасць і інавацыйнасць. У будучым турызм будзе завязаны на ўражаннях, менавіта за іх турысты гатовы плаціць вялікія грошы. І ад вясковых прадпрымальнікаў тут не заўсёды патрабуюцца вялікія фінансавыя інвестыцыі — куды важнейшыя веды і творчасць. Шпаркае развіццё агратурызму можна звязаць з развіццём ІТ-галіны. Сёння мы ўсё менш рухаемся, бо вучыцца і рабіць пакупкі можна не выходзячы з дому. Толькі турызм выратуе чалавека і падарыць яму жывыя зносіны.

Таксама ў трэндзе зялёная эканоміка, гендарныя пытанні і так званая сацыяльная адказнасць. Усе гэтыя ідэі зараз актыўна прапагандуюцца ў Еўропе. Каб стварыць прадукт, запатрабаваны ў тым ліку і на замежным рынку, важна ўпісацца ў канцэпцыю ўстойлівага развіцця. І беларускі агратурызм пачаў працаваць з новымі тэмамі. Так, на Валожыншчыне з'явіўся турыстычны маршрут, даступны людзям з інваліднасцю. Таксама ў беларускіх аграсядзібах пачаў праводзіцца фестываль для састарэлых людзей «Крэатыўны ўзрост». Хоць трэба сказаць, што і раней многія гаспадары супрацоўнічалі з бабулямі і дзядулямі, якія ведаюць фальклор, могуць навучаць рамёствам, дзяліцца рэцэптамі. Удзельнікі канферэнцыі ўпэўнены: сёння стартапы трэба праводзіць не толькі для моладзі, але і для пенсіянераў, спрабаваць аб'ядноўваць энергію маладых і досціп старэйшага пакалення.

Амаль траціну грошай турысты трацяць на ежу, 20—30 працэнтаў вандроўнікаў матываваныя пакаштаваць сапраўдныя аўтэнтычныя прадукты па месцы іх вытворчасці. Значыць аграсядзібам трэба рабіць стаўку на гастранамію, але, на жаль, пра беларускую кухню амаль нічога не ведаюць не тое што за межамі, нават у сваёй краіне. Хоць гаспадары сядзіб упэўнены, нам ёсць, чым ганарыцца і мы яшчэ ўразім свет. І ў найбліжэйшы час арганізацыя «Адпачынак у вёсцы» магла б узяць на сябе гэтую місію па раскрутцы айчынных рэцэптаў. А дапамагаць збіраць інфармацыю пра нацыянальную кухню, наносіць на інтэрактыўную гастранамічную карту маглі б студэнты... Уласна, актыўнае прыцягненне моладзі да вясковага бізнесу — таксама адзін з сучасных трэндаў. Ужо сёння хлопцы і дзяўчаты з факультэта міжнародных адносін БДУ, якія плануюць сваю будучыню звязаць з агратурызмам, знаёмяцца з гаспадарамі, трапляюць да іх на практыку і спрабуюць ствараць цікавыя праекты, якія можна рэалізоўваць на сяле.

Давядзецца паламаць галаву і над тым, які турпрадукт нашы вёскі змогуць прыпаднесці «нетрадыцыйнаму» турысту. Прыкладна 145 мільёнаў кітайцаў штогод падарожнічаюць па ўсім свеце, і мы маглі б хоць невялікі працэнт з іх завабіць у Беларусь. Летась нашу краіну ўжо наведала каля трох тысяч гасцей з Кітая, сёлета гэта лічба падвоіцца. Але гэтыя госці пакуль выбіраюць ваенна-патрыятычны кірунак, цікавяцца так званым «чырвоным» турызмам, і трэба высветліць, як і, галоўнае, чым іх завабіць у аграсядзібы.

З 2008 года праводзіцца конкурс «Найлепшая аграсядзіба года». Гэтым разам было пададзена 46 заявак. Гаспадарам трэба было прэзентаваць сябе праз інтэрнэт, даслаць фатаграфіі і відэаролікі. Найлепшай стала сядзіба «Запаведны востраў» у вёсцы Шо Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Фабрыка ўражанняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».