Вы тут

У першыя дні снежня ў агні загінулі 10 чалавек


Сёлетняя каляндарная зіма стартавала марозным акордам. Першыя два дні снежня адзначыліся не толькі дарожна-транспартнымі здарэннямі, якія адбываліся на заснежаных дарогах, але і ажно сямюдзесяццю пажарамі. У іх загінула дзесяць чалавек.


Прычым у трох выпадках на адным пажары развіталіся з жыццём адразу два чалавекі.

У 4.30 раніцы ў нядзелю ў вёсцы Белавусаўшчына Пружанскага раёна загарэўся трохкватэрны цагляны дом. Дзве кватэры ў доме былі нежылыя, а вось у трэцяй знаходзіліся 65-гадовая гаспадыня і яе сужыцель. Іх целы ратавальнікі знайшлі пад заваламі.

Чатырма гадзінамі раней тушылі нежылы дом у Бабруйску. Там знаходзіліся двое мужчын, якія самавольна праніклі ў пабудову. Іх асобы пакуль не высветлены. А ў ноч на трэцяга снежня загарэўся дачны дом у пасёлку Ільіч Гомельскага раёна. Калі ратавальнікі прыбылі на месца падзей, то ўбачылі, што адкрытым полымем гараць дом, гараж і гаспадарчая пабудова. З-за агню ў доме абрынуліся перакрыцці. Разабраўшы іх рэшткі, пажарныя знайшлі цела гаспадыні дома, 79-гадовай пенсіянеркі. У іншым пакоі на падлозе ляжаў яе 48-гадовы сын, таксама мёртвы.

Паказальна, што ўсе гэтыя выпадкі здарыліся ў начны час сутак, калі магчымасць таго, што нехта заўважыць своечасова пажар, вельмі імкліва змяншаецца.

— Меркаваная прычына большасці пажараў — неасцярожнае абыходжанне з агнём, — кажа афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — Сцэнарый, які папярэднічае трагедыі, адзін і той жа: чалавек курыць, засынае, палаючая цыгарэта вывальваецца і прапальвае коўдру або вопратку. Яны пачынаюць тлець і вылучаць дым і чадны газ, які чалавек не ў стане ўнюхаць у сне. Таму мы заклікаем устанавіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі — магчыма, гэты невялікі прыбор уратуе менавіта ваша жыццё.

Ратавальнікі таксама нагадваюць, як абагрэцца бяспечна.

— Калі вы карыстаецеся электрычным ацяпляльнікам, то не пакідайце яго без нагляду і ўключаным на ноч, — раіць Віталь Навіцкі. — Абагравальнік — прыбор, які спажывае шмат электрычнасці, таму нельга ў адну разетку з ім падключаць яшчэ што-небудзь. Яго трэба ўсталяваць на адлегласці некалькіх метраў ад фіранак. Калі ж электрычны абагравальнік загарэўся, то яго трэба абясточыць: або вырваць шнур сілкавання з разеткі, або рубільнікам у электрашчытавой. Калі полымя невялікае, то накрыйце прыбор шчыльнай коўдрай — так вы перакрыеце доступ кіслароду. Але калі за некалькі хвілін справіцца з агнём не ўдалося, то выклікайце ратавальнікаў па нумары 101 або 112. Калі ж у вас дома стаіць печка, то юшку трэба зачыняць толькі пасля таго, як згаслі ўсе вугалькі, інакш вы рызыкуеце атрымаць атручэнне чадным газам.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Агонь не толькі грэе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».