«Сфатаграфуйце мяне на фоне гэтай карціны, калі ласка! — папрасіла мяне прыемная пажылая жанчына. — Мы яе ўсе разам малявалі. І ад душы пры гэтым весяліліся!»
Мая новая знаёмая, 80-гадовая Раксана Лук'янава, аказалася валанцёрам з ліку тых, хто працуе з былымі вязнямі канцлагераў і іншымі людзьмі, якія пацярпелі ад нацысцкіх пераследаў. «Вельмі многія з іх ужо не выходзяць са сваіх кватэр, мы, валанцёры, тэлефануем ім, размаўляем, наведваем», — кажа яна.
Раксана Сяргееўна сама дзіця вайны. Усё жыццё працавала з моладдзю, выкладала хімію ў політэхнічным інстытуце (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), з'яўляецца дацэнтам.
«Цяпер група з тых пажылых людзей, якія могуць хадзіць, збіраецца па панядзелках, каб маляваць, — захоплена расказвае яна. — І я з імі як валанцёр. З намі працуе прафесійны мастак, Аксана Чутцава, яна нас карэктуе і натхняе. Я зусім не ўмела маляваць да гэтага. А зараз дзеці і ўнукі ў захапленні ад маіх карцін! А яшчэ мы шмат размаўляем. Прывозім яблыкі з дачы, прыносім пірагі з дому і п'ём разам гарбату. Нашы дзеці і ўнукі выраслі, я сама ўжо ўдава, на жаль, таму стасункі — гэта самае важнае, я лічу, гэта вялікая справа!»
А Людміла Балабко прачытала пра гэты фестываль у інтэрнэце. Прыйшла — і тут жа прыняла актыўны ўдзел у адкрытай дыскусіі аб старасці «Як стаць сталым і не пашкадаваць пра гэта». «Мне здаецца, усё залежыць ад унутранага свету і настрою чалавека, ад таго, наколькі ён адчувае сябе сучасным, — упэўненая яна. — Мне 62 гады, працавала інжынерам-будаўніком, а цяпер стала мастаком-фларыстам. Я захапляюся Японіяй за тое, што там умеюць бачыць прыгажосць квітнеючай сакуры, любуюцца прыродай. Сама стараюся ўпрыгожыць сваю кватэру, працую з пялёсткамі кветак, хваёвай карой, ракавінкамі, рэжу выцінанкі... Ужо нават была мая персанальная выстаўка. Я лічу, што шчасце — прадметнае, і радасць шукаем мы самі сваімі вачамі...»
Наталля Хлапкова з Універсітэта трэцяга ўзросту напярэдадні зламала правую руку, але тым не менш правяла на арт-выстаўцы майстар-клас па вязанні на руках: «Проста не магла падвесці і не апраўдаць даверу арганізатараў і ўдзельнікаў. Усё атрымалася!» — лічыць яна.
* * *
Паводле звестак Белстата, у нашай краіне налічваецца больш за два мільёны пажылых людзей, — гэта кожны пяты жыхар Беларусі. Ці ёсць у іх магчымасць рэалізаваць свае здольнасці і жаданні, удзельнічаць у важных для грамадства падзеях? Як людзям трэцяга ўзросту адчуваць сябе камфортна і паўнавартасна на пенсіі? Гэтыя важныя пытанні падняў арт-фестываль «Дыялог ±60». Яго арганізатары паставілі перад сабой задачу стварыць асяроддзе, дзе няма граніц для ўзросту, а ёсць прастора для бязмежнай творчасці, дзе кожнага пачуюць і зразумеюць, дзе можна наладзіць дыялог паміж прадстаўнікамі розных узростаў.
На фестывалі можна было ўбачыць выстаўку партрэтаў былых ахвяр нацыянал-сацыялізму і дзяцей вайны фатографа Ягора Войнава і карціны людзей трэцяга ўзросту, якія яны стварылі ў творчай майстэрні «Мой звыклы новы дом» у рамках праекта «Скажам адзіноце «не». Паглядзець дакументальна-прэзентацыйны фільм «Месца сустрэчы: дыялог» (рэжысёр Раман Раманаў, Беларусь, 2018 год) аб былых вязнях нацыянал-сацыялізму, які ламае стэрэатыпы пра старасць і спрыяе сацыялізацыі пажылых.
Ахвотныя маглі прыняць удзел у адкрытых дыскусіях з беларускімі філосафамі, гісторыкамі, рэдактарамі і экспертамі на тэмы: «Як мы памятаем тое, што памятаем», «Як стаць сталым і не пашкадаваць пра гэта» і нават «Секс у пажылым узросце». А яшчэ — далучыцца да майстар-класаў для ўсіх узростаў — па вязанні без пруткоў, роспісе па фарфоры, вегетарыянскім харчаванні.
Была прадстаўлена і інсталяцыя «Біялогія мастацтва» — сумеснае даследаванне аўдыявізуальнага мастака Bаzіnаtо і групы пажылых людзей з майстэрні «Мой звыклы новы дом». Удзельнікі паспрабавалі стварыць новы твор мастацтва — калектыўную карціну — па-за межамі знаёмых мастацкіх практык. Менавіта на яе фоне мяне папрасіла сфатаграфаваць адна з яе стваральніц Раксана Лук'янава. Працэс з'яўлення гэтай карціны быў зняты на відэа і зроблены часткай інсталяцыі.
* * *
«Ужо дзесяць гадоў мы каардынуем праграму «Месца сустрэчы: дыялог» у Беларусі. У розных рэгіёнах краіны сумесна з партнёрамі рэалізавалі больш за 130 праектаў, праз якія штогод падтрымліваем каля дзвюх тысяч чалавек, — сказала на адкрыцці фестывалю старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб'яднання «Узаемаразуменне» Анжаліка Аношка. — Арт-фестываль «Дыялог ±60» — гэта мерапрыемства, якое мы робім да юбілею гэтай праграмы. Праз выстаўку, дыскусіі, майстар-класы мы хочам паказаць, як можна павысіць якасць жыцця былых вязняў і іншых пажылых людзей. Фармат фестывалю дапамагае прадэманстраваць, што ўзаемадзеянне паміж пакаленнямі можа быць змястоўнае і цікавае для людзей рознага ўзросту».
Святлана БУСЬКО
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.