Вы тут

Андрэй Худык: Пры будаўніцтве завода ў Брэсце ўлічаць грамадскія прапановы


Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык сустрэўся з грамадзянамі, якія выступаюць супраць будаўніцтва завода акумулятарных батарэй у СЭЗ “Брэст”.


Сустрэча адбылася падчас прыёму грамадзян, іх прадстаўнікоў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб”, расказалі ў прэс-службе прыродаахоўнага ведамства.

Звароты і прапановы, якія паступілі ў ходзе прыёму грамадзян, датычыліся пытанняў рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, выканання прыродаахоўнага заканадаўства пры выдаленні аб’ектаў расліннага свету, парадку выдачы спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на дзейнасць, звязаную з выкарыстаннем прыродных рэсурсаў і ўздзеяннем на навакольнае асяроддзе, і інш.

Падчас прыёму міністр сустрэўся з ініцыятыўнай групай па пытанні будаўніцтва завода акумулятарных батарэй на тэрыторыі СЭЗ “Брэст”. Сустрэча “вочы ў вочы” прайшла па ініцыятыве Андрэя Худыка, каб разам разгледзець і даць кампетэнтныя адказы на ўсе існуючыя пытанні. Менавіта таму яна прайшла ў пашыраным складзе — на ёй прысутнічалі прадстаўнікі заказчыка будаўніцтва завода ТАА “АйПауэр”, арганізацыі, што ўдзельнічалі ў распрацоўцы праектнай дакументацыі і справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе прадпрыемства па вытворчасці акумулятарных батарэй, якое будуецца, эксперты, прадстаўнікі арганізацый Мінпрыроды і Мінздароўя.

Андрэй Худык таксама заклікаў актывістаў дакладна фармуляваць пытанні і весці канструктыўны дыялог.

Асноўнай тэмай, якая абмяркоўвалася падчас працяглай размовы, стала выкананне патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства пры будаўніцтве завода акумулятарных батарэй ААТ “АйПауэр”. Пытанні грамадзян датычыліся справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, катэгорыі ўздзеяння будучага завода на атмасфернае паветра, праверкі фактаў забруджвання навакольнага асяроддзя на тэрыторыі і за межамі дзеючых прадпрыемстваў у Пінску і Белаазёрску, праверкі на іх асобных крыніц выкідаў і сцёкаў, працы ачышчальных збудаванняў і абсталявання і інш.

Міністр падзякаваў актывістам ініцыятыўнай групы за неабыякавыя адносіны да праблем навакольнага асяроддзя і адзначыў, што шэраг выкладзеных фактаў ужо ўлічаны ў рабоце спецыялістаў прыродаахоўнага ведамства, а шэраг новых заслугоўвае дадатковага разгляду. Частка пытанняў была растлумачана падчас прыёму.

— Пры праходжанні экалагічнай экспертызы праекта акумулятарнага завода па ўнесеных зменах, які цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Рэспубліканскім цэнтры дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, адказнымі службовымі асобамі будуць узяты пад увагу ўсе заўвагі і прапановы грамадскасці і экспертаў па дадзеным аб’екце, — адзначыў у завяршэнні сустрэчы Андрэй Худык. — Завод не будзе ўведзены ў эксплуатацыю, калі ён не будзе адпавядаць заяўленай праектнай дакументацыі, якая прайшла дзяржаўную экалагічную экспертызу, а значыць прыродаахоўнаму заканадаўству.

— Наша агульная мэта — зрабіць так, каб сваёй дзейнасцю прадпрыемства не нанесла шкоду здароўю насельніцтва і не забрудзіла навакольнае асяроддзе, — падкрэслілі ў Мінпрыроды.

Нагадаем, узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". Будуе прадпрыемства ТАА «АйПауэр» — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Група жыхароў Брэсцкага раёна і Брэста лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота прэс-службы Мінпрыроды

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.