Вы тут

Каложская царква Пятра і Паўла


Уяўляю, як здзівіў загаловак усіх, хто хоць неяк, хоць на ўзроўні школьнай праграмы валодае ведамі пра помнікі нашай архітэктуры. Я ўжо не кажу пра саміх гарадзенцаў, для якіх Каложа — больш чым сімвал іх старажытнага горада. Вы яшчэ спадзеяцеся, што я нейкую іншую царкву маю на ўвазе, не нашу Барысаглебскую? Не, шаноўныя, менавіта тую самую, нашу. А «перайменавалі» яе людзі, для якіх — што Барыс і Глеб, што Пётр і Павел — усё адно. Як, падазраю, і ўсё астатняе, што датычыцца гісторыі нашай краіны...


І ўсё б яно нічога, і не варта яно было б таго, каб пра гэта пісаць, бо і памыліцца можа самы дасведчаны чалавек, і невукаў нават у самым адукаваным грамадстве хапае, калі б не адно «але». Згаданыя «ўнікальныя» звесткі пра Каложу я знайшла ў даведніку з прэтэнзійнай назвай «Гід па Беларусі», выдадзеным нашай вельмі нават самавітай канторай і ляжыць на століку ў кожным купэ цягніка «Масква — Мінск» (мяркуючы па накладзе — больш за дзве тысячы асобнікаў, ездзіць ён і ў іншых цягніках міжнародных ліній). Прыемная з выгляду кніжка, з выдатнай паліграфіяй і якасна аддрукаванымі фота. Так і цягнецца рука, каб пагартаць і пачытаць, тым больш у даволі доўгім падарожжы. Удалы маркетынгавы ход — вось так ненавязліва расказаць патэнцыйным турыстам пра Беларусь, спачатку запрасіўшы іх на буйныя спартыўныя спаборніцтвы, якія адбудуцца ў нас у хуткім часе, на наступных старонках расказаць пра гарады, прыродныя і аздараўленчыя аб'екты, якія можна і трэба ў нашай краіне наведаць...

Але калі ад разглядвання старонак пераходзіш да іх чытання, стракатая кніжка ўжо не здаецца такой удалай. Каб жа толькі пра Каложу ў ёй памыліліся! Ні адзін абласны цэнтр «пакрыўджаным» не застаўся.

Напрыклад, пра Мінск чытаем кароткую гістарычную даведку (стыль арыгінала пры перакладзе з рускай дакладна захаваны): «Узнікнуўшы як крэпасць Полацкага княства, горад апынуўся ў цэнтры новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. У 1793 годзе Мінск увайшоў у склад Расійскай Імперыі і ў 1796 годзе стаў цэнтрам Мінскай губерні. У 1918 годзе горад — сталіца Беларускай Народнай Рэспублікі». Далей — два сказы пра вайну, і адразу — пра сталіцу Рэспублікі Беларусь... Мінчанам таксама цікава будзе даведацца пра касцёл Святога Роха, які «схаваны ад турыстаў унутры спальнага раёна» (насамрэч храм знаходзіцца ў самым цэнтры, за некалькі крокаў ад плошчы Перамогі), і пра тое, што ў сталіцы каля дваццаці музеяў, але варта ісці глядзець чамусьці толькі на слуцкія паясы.

«Архітэктура Брэста падобная да еўрапейскіх гарадоў. Вы можаце цэлы дзень прагульвацца па горадзе, і толькі прыветлівы народ і руская мова выдадуць вам, што вы ўсё яшчэ ў Беларусі». «Свята-Мікалаеўскі гарнізонны сабор у Брэсце, можна сказаць, паўстаў з попелу, яго збіралі па самых дробных крупіцах, аднаўляючы першапачатковы выгляд»...

«Многія інтэр'еры палаца ў Гомелі адноўленыя, і цяпер сустрэчы важных асоб дзяржавы праводзяцца там жа, дзе шмат гадоў назад князі Румянцавы і Паскевічы прымалі сваіх гасцей». (Вы калі-небудзь чулі пра важныя дзяржаўныя сустрэчы ў сценах гомельскага палаца?)

Пішучы пра Віцебск і яго наваколле, аўтары «Гіда» Полацк згадалі ў раздзеле «Самае смачненькае: Полацк і Відзы», успомніўшы ў старажытным горадзе ўсё, што магчыма, толькі не Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. А жыхары Гродна даведаюцца пра свой горад яшчэ адзін цікавы факт: аказваецца, у Старым замку Ягайла гуляў вяселле з Соф'яй Гальшанскай! (Канешне, павянчаўся ў Навагрудку і паехаў святкаваць у Гародню. Паўтары сотні кіламетраў — хіба ж гэта адлегласць для пятнаццатага стагоддзя?)

Але найбольш з фактурай «пашанцавала» слаўнаму гораду Магілёву. «У перыяд Вялікай Айчыннай вайны горад мог стаць цэнтрам БССР, аб чым цяпер нагадвае толькі Дом Саветаў». Улічваючы, што «ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны» горад быў пад акупацыяй з ліпеня 41-га па чэрвень 44-га, нават баюся спытацца ў аўтараў, што яны мелі на ўвазе і хто, на іх думку, Дом Саветаў будаваў...

Нават калі палічыць усё вышэйнапісанае за нязначныя прыдзіркі: маўляў, разлічана ўсё не на саміх беларусаў, а на іншаземцаў (перш за ўсё, на расіян), якіх «Гід» проста інтрыгуе і запрашае... Людцы, дык гэтыя ж самыя расіяне — носьбіты рускай мовы, нам за здзекі з гэтай самай мовы маюць усе падставы гэту цуда-кніжку на галаву надзець. «Могилев имеет насыщенную историю: ставка Верховного главнокомандующего и резиденция последнего российского императора отражают сложные и печальные события начала ХХ века»... «Некоторые из фонарей созданы по мотивам произведений Н. Гоголя...» Я ўжо не кажу пра «перлы» накшталт «речка Припять» ці «сосновая роща». На якой гэта мове? Для каго напісана? Дзе павага — калі не да гісторыі сваёй зямлі, не да мовы, якая мае статус дзяржаўнай, дык хаця б да саміх сябе?!

А ўсё выглядае прыблізна так. Фірма атрымала выгадны заказ і рашыла выканаць яго сваімі сіламі. (З меркаванняў эканоміі, самаўпэўненасці, яшчэ нейкіх — тут не вельмі важна). Спецыялісты фірмы, дапускаю, выдатныя прафесіяналы ў справе маркетынгу. (Хоць, калі казаць пра маркетынг менавіта турыстычны, слова прафесіяналы тут ставіцца пад сумненне). Яны селі і, карыстаючыся неправеранымі крыніцамі і ўласнай фантазіяй (менавіта гэта ідзе ў ход, калі не хапае ведаў), напісалі кніжачку. Якую, перш чым друкаваць, дастаткова было даць пачытаць аднаму гісторыку і аднаму філолагу, вядома, не за бясплатна. Фірма зрабіць гэта патрэбным не палічыла. Вынік — «Гід» як ледзь не афіцыйнае выданне пра краіну Беларусь катаецца ў міжнародных цягніках і не здзіўлюся, калі даведаюся, што і ў самалётах. Фірма атрымала грошы, усе ў шакаладзе...

А і праўда, зрабілі ды зрабілі. Каму ад гэтага горш? Барыс з Глебам і Пётр з Паўлам прэтэнзій не прад'явяць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».