Вы тут

​У Мінскім раёне ветэранаў апякуюць талакой


Тут пражывае больш за 30 тысяч пенсіянераў, у тым ліку 12 інвалідаў і 63 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 8 жыхароў блакаднага Ленінграда, 149 былых вязняў фашысцкіх лагераў, 126 з іх — непаўналетнія вязні. Яны мудрыя, але часам бездапаможныя. Ёсць і адзінокія. У некаторых няма нікога, хто б мог аб іх паклапаціцца. У многіх не стае ні сіл, ні здароўя, каб выйсці з дома і дайсці да магазіна. У Мінскім раёне робяць усё неабходнае, каб падтрымаць гэтых людзей, дапамагчы ў вырашэнні жыццёвых і бытавых пытанняў.


— Наша арганізацыя працуе ў адной звязцы з райвыканкамам, раённым Саветам дэпутатаў, упраўленнем па надзвычайных сітуацыях, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прафсаюзамі, дэпутатамі ўсіх узроўняў. Асабліва цесна ўзаемадзейнічаем з сельвыканкамамі, — расказаў старшыня Мінскай раённай арганізацыі ветэранаў Анатоль МАІСЕЕЎ. — У нас 22 ветэраны выбраны дэпутатамі сельскіх Саветаў і раённага Савета, многія — старасты вёсак. Разам з камісіяй сельвыканкамаў прадстаўнікі арганізацыі ўдзельнічаюць у абследаванні жыллёва-бытавых і матэрыяльных умоў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, якія да іх прыраўнаваныя.

У пасяджэннях Савета прэзідыума ветэранскай арганізацыі, што праходзяць з выездам на месца, прымаюць удзел дэпутаты раённага і абласнога Саветаў, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, усе зацікаўленыя службы і структуры. Такое мерапрыемства прайшло ў Шаршунскім сельсавеце. На ім абмеркавалі жыццёва важныя для пажылых людзей сельскай мясцовасці пытанні: пажарнай бяспекі, забяспечанасці палівам.

У сельсавеце налічваецца 430 пенсіянераў, у тым ліку адзін удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, адзін вязень канцэнтрацыйнага лагера, 10 адзінокіх і 196 адзінока пражываючых грамадзян. Сёлета бясплатна завезлі дровы былому вязню Марыі Іванаўне Богдан, а работнікі камунальнага ўнітарнага прадпрыемства пры сельвыканкаме іх пасеклі і склалі. Астатнія могуць набыць дровы па льготнай цане, паколькі на тэрыторыі сельсавета ёсць лясніцтва. Пры мясцовым сельвыканкаме існуе таксама камісія па праверцы стану дамоў. Усім грамадзянам, якія адносяцца да ветэранскай арганізацыі, устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі, людзям нагадваюць аб правілах пажарнай бяспекі.

— Сёлета 57 адзінокім і 28 інвалідам Вялікай Айчыннай вайны і па агульным захворванні ўстанавілі бясплатна пажарныя апавяшчальнікі, пяці інвалідам і сямі ўдзельнікам вайны адрамантавалі печы, — працягвае Анатоль Міхайлавіч. — Нам дапамагаюць сельскія Саветы дэпутатаў, дзе вельмі ўважліва ставяцца да пажылых людзей. Падтрымліваюць ветэранаў вайны і працы кіраўнікі шмат якіх прадпрыемстваў, дзе некалі яны працавалі. Генеральны дырэктар агракамбіната «Ждановічы» Рыгор Чуйко забяспечвае ветэранаў гароднінай. Прадпрымальнік з Калодзішчаў Іван Сачышын да Дня Перамогі выдзеліў 12 удзельнікам вайны па 200 рублёў і па прадуктовым наборы. Такую дапамогу мужчына аказвае штогод. Дарэчы, ён дэпутат Мінскага абласнога Савета.

Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Рапс» Міхаіл Ламака родам з Крупіцы, добра ведае ўсіх ветэранаў. Калі ёсць патрэба — дапамагае нават ім матэрыяльна, а яшчэ рэгулярна возіць іх на экскурсіі.

Штогод медыцынскія ўстановы праводзяць комплексныя агляды інвалідаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, прыроўненых да іх. Вялікую ўвагу гэтым пытанням удзяляюць у Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Дарэчы, падчас пасяджэння ў Шаршунах намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Нацыянальнага сходу Беларусі Валянціна Курсевіч таксама звярнула ўвагу на пытанні медыцынскага забеспячэння ветэранаў і пенсіянераў:

— Кожны год мы імкнёмся рабіць як мага больш для гэтай катэгорыі грамадзян. Што датычыцца сацыяльных ільгот і гарантый, то яны прадугледжаны на заканадаўчым узроўні. Ветэранам, у прыватнасці гарантавана бясплатнае забеспячэнне лекамі, выраб зубных пратэзаў і шмат чаго іншага.

Валянціна Вацлаваўна высока ацаніла работу Мінскай раённай арганізацыі ветэранаў:

— Я лічу, што гэтая структура займае дастойнае месца ў краіне і сумленна выконвае свае задачы. Ветэраны зрабілі для нас вельмі шмат, і мы павінны з удзячнасцю да іх ставіцца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Ты не адзін...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».