Вы тут

Духавы аркестр Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў адсвяткуе юбілей


У наступным годзе ўзорны духавы аркестр Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў святкуе 30-гадовы юбілей. З гэтай нагоды яго ўдзельнікі рыхтуюць вялікі канцэрт.


Ніводнае значнае мерапрыемства ў Вілейцы, ды і наогул у вобласці, не абыходзіцца без удзелу гэтага калектыву. Літаральна ўвесь горад збіраецца, каб паглядзець яго выступленне ў суправаджэнні групы мажарэтак, якія з'яўляюцца неад'емнай часткай аркестра, школы і іх упрыгожаннем. Мажарэткі — гэта памочніцы тамбурмажора, галоўнага барабаншчыка. Звычайна яны маршыруюць у прыгожай форме. Найбольш часта — у кароткіх спадніцах з галунамі і ўпрыгожаннямі, у руках жэзлы або барабаны, якія адбіваюць рытм.

Створаны аркестр у 1989 годзе Фёдарам Гурай. Калектыў — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Дзесяць апошніх гадоў мастацкім кіраўніком і дырыжорам яго з'яўляецца Валерый Чачулін. За гэты час аркестр тройчы пацвярджаў званне «ўзорны», у 2019 годзе рыхтуецца зноў яго абараніць. За апошнія гады аркестр перажыў шмат узрушальных і адказных момантаў, падзей, прымаў удзел у многіх мерапрыемствах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Напрыклад, у Першым Нацыянальным фестывалі духавых аркестраў «Фанфары Беларусі» стаў лаўрэатам у намінацыі «Дзіцячыя калектывы».

А наогул, у аркестра столькі ўзнагарод, што іх пералік склаў бы не адну старонку.

Узрост удзельнікаў — ад 10 і да 63 гадоў (гэта некалькі педагогаў, якія дапамагаюць мастацкаму кіраўніку і іграюць у аркестры).

У рэпертуары — у асноўным маршы, гімн. Калектыў не стаіць на месцы, развіваецца, выкарыстоўвае музыку беларускіх кампазітараў. Яго задача перш за ўсё — папулярызаваць айчыннае песеннае мастацтва. Яшчэ адзін кірунак — сучасная джазавая музыка.

Вядома, далёка не ўсе выхаванцы стануць прафесіяналамі, знакамітымі музыкантамі. Аднак, лічыць мастацкі кіраўнік, удзел у аркестры дапаможа іх станаўленню, дысцыплінуе. Юным музыкантам уласціва перш за ўсё пачуццё таварыскасці, калектывізму.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Па галоўнай вуліцы з аркестрам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.