Вы тут

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў


— Неабходна тэрмінова арганізаваць падпольную друкарню і выпуск улётак. Трэба выкрываць гітлераўскіх брахуноў, людзям праўду несці, на барацьбу з акупантамі клікаць. Падумайце, як гэта зрабіць...

Такое даручэнне даў сакратар падпольнага абкама Васіль Іванавіч Казлоў у 1941 годзе. Сапраўды акупацыйныя ўлады адразу разгарнулі буйную агітацыйную кампанію. Насельніцтву паведамлялі пра захопленыя Маскву і Ленінград, пра багатыя трафеі нямецкай арміі. Неабходна было даць адпор на ідэалагічнай ніве...


«Выйшлі мы ад Васіля Іванавіча і задумаліся. У нас не было журналістаў, друкароў, а самае галоўнае — не было шрыфту, — успамінае Аляксандр Сакевіч, былы рэдактар газет «Кліч Радзімы» (якая выдавалася Любанскім падпольным райкамам) і «Минский большевик» (орган Мінскага падпольнага гаркама партыі з верасня 1943 года). — Мясцовыя камуністы паведамілі, што з раённага цэнтра Любань не паспелі эвакуіраваць друкарню газеты. Вырашана было тэрмінова захапіць яе... На другі дзень мы варажылі над трафеем: шрыфты пры дастаўцы былі ссыпаны ў мяхі без разбору. Друкарскай касы ў нас не было, таму шрыфты вырашылі размяшчаць па алфавіце...

Спачатку справа ў нас не клеілася. Набраныя калонкі пры пераносе на вярстальную дошку рассыпаліся, і ўсё даводзілася пачынаць спачатку. Пасля доўгіх намаганняў атрымалася нарэшце звярстаць першую ўлётку. Набор шчыльна ўвязалі шпагатам, нанеслі валікам фарбу, затым, паклаўшы на шрыфт аркуш паперы, працерлі яе з націскам мяккай анучай. Пры такім друкаванні тыраж улётак не мог быць вялікі. За два дні мы змаглі аддрукаваць каля 300 экзэмпляраў памерам у ліст вучнёўскага сшытка...

За тры месяцы працы мы набылі некаторы вопыт выдання ўлётак. З хваёвай кары вырабілі клішыраваныя загалоўкі...»

Вы­дан­не Мінск­ага гар­ка­ма КП(б)Б, за­мас­кі­ра­ва­нае пад «за­гад прэ­зі­дэн­та Бе­ла­рус­кай цэнт­раль­най ра­ды». Наз­ва і под­піс па­да­дзе­ны, каб ад­цяг­нуць ува­гу нем­цаў.

Менавіта ўлёткі сталі самым распаўсюджаным відам бальшавіцкай друкаванай прапаганды. У розных беларускіх гарадах іх можна было сустрэць ужо з першых дзён вайны. Патрыёты пісалі іх ад рукі ці друкавалі на машынцы, а пасля і наогул стваралі пад носам у фашыстаў. Так, падпольшчыкі Лепеля выдавалі іх у раённай друкарні. Падпольная група дзейнічала і ў Жлобінскай друкарні. Распаўсюджваць улёткі дапамагала моладзь.Тамара Рэмізька была адной з першых сувязных і разведчыц падпольнага райкама камсамола. Яна хадзіла ў Жлобін, ствараючы сабе розны выгляд: то перапраналася ў бабулю, старэнькую, згорбленую, якую за руку вёў «унучак» (малодшы брат), то ў жабрачку (якая міласціну просіць нават у паліцаяў), а то проста ішла ў сваёй лёгкай летняй сукенцы. Яна ведала ўсе явачныя кватэры, прыносіла ў горад улёткі, заданні ад падпольнага райкама камсамола.

Падчас акупацыі ў Хойнікі вярнуўся былы рэдактар мясцовай раёнкі Яўген Казачук і ўладкаваўся загадчыкам друкарні. У хуткім часе на вуліцах горада пачалі з'яўляцца ўлёткі. А калі фашысты выкрылі вінаватых, Яўген Іванавіч сышоў у партызанскі атрад. У жніўні 1943 года з баявым заданнем ён прабраўся ў Хойнікі, здабыў шрыфты для партызанскай друкарні, але, калі вяртаўся ў атрад, натрапіў на засаду і загінуў у баі.

Ідэалагічны фронт

Нават маленькая ўлётка ў гады Вялікай Айчыннай вайны магла быць не горшай за зброю. Вядомы выпадкі, калі нумар газеты ці ўлётка заахвочвалі людзей аб'яднацца ў невялікія групы, а пасля ісці ў партызанскія атрады. Гебітскамісар Слоніма паведамляў у сваім данясенні: «Наша прапаганда слаба арганізаваная, а бальшавіцкая прапаганда пранікае ўсюды. Яна забівае нашу прапаганду. Ёй вераць, і само насельніцтва распаўсюджвае яе».

Падпольны і партызанскі друк знаёміў насельніцтва акупаванай тэрыторыі з сапраўдным становішчам на фронце, змяшчаў зводкі Саўінфармбюро і загады, узнімаў на барацьбу, даваў практычныя парады, папярэджваў аб небяспецы і зрываў «мерапрыемствы», якія спрабавалі праводзіць акупацыйныя ўлады. Сярод лістовак багата «адрасных» — зваротаў да пэўнай групы насельніцтва: моладзі, жанчын, сялян, рабочых. Напрыклад, апошніх заклікалі сабатаваць выкананне нямецкіх планаў, зрываць выпуск прадукцыі, павялічваць брак, псаваць абсталяванне. Моладзь стараліся ўберагчы ад вывазу ў Германію. Так, у адной з улётак, выдадзенай ЦК ЛКСМ Беларусі ў 1942 годзе, друкуецца ліст з палону Вольгі Селязнёвай, вывезенай нямецкімі рабаўласнікамі ў горад Кёльн і прададзенай на рынку нявольнікаў. Беларусам раілі не з'яўляцца на паверку пашпартоў (бо іх могуць прымусова адправіць у Германію), не ісці ў так званыя карпусы самааховы (альбо браць там зброю і пераходзіць у партызанскі атрад), не здаваць хлеб. Падпольны друк — часта быў і практычным кіраўніцтвам да дзеяння. «Рабіце на дарогах завалы, перакопвайце глыбокімі равамі, мініруйце, узрывайце масты», — заклікалі ўлёткі. «Разбурайце тыл ворага і яго камунікацыі, падрывайце масты і чыгункі. Узрывайце і падпальвайце базы, склады з гаручым і боепрыпасамі. Знішчайце тэлефонную і тэлеграфную сувязь. Не дазваляйце фашыстам вывозіць нарабаваную маёмасць і харчаванне ў Германію. Не давайце паліць вёскі», — гэты зварот падпісаны сакратаром ЦК КП (б) Беларусі П. Панамарэнкам, старшынёй Саўнаркама Беларускай ССР І. Былінскім, старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Н. Наталевічам.

Многія падпольныя і партызанскія друкарні пачыналі сваю работу менавіта з выпуску ўлётак. З верасня 1942 года дзейнічала друкарня партызанскай брыгады «Стары», абсталяванне для якой збіралі «ўсёй грамадой». Шрыфт дала аператыўная група, касу, талер, валікі і іншае выраблялі самі. І першай прадукцыяй у сабранай такім чынам друкарні сталі ўлёткі, у тым ліку і на нямецкай, польскай і славацкай мовах, а пазней тут пачалі стварацца і газеты.

Прапаганда, скіраваная на варожыя гарнізоны, у тым ліку на паліцэйскіх, давала неблагія вынікі. Напрыклад, у Суражскім раёне, як згадваў у сваіх успамінах былы камандзір партызанскага злучэння У. Лабанок, пасля таго, як у паліцэйскі гарнізон былі дасланы партызанскія газеты, у якіх паведамлялася пра разгром фашыстаў пад Сталінградам, 105 чалавек са зброяй і каштоўнымі дакументамі перайшло на бок партызан.

Ліст з па­ло­ну Воль­гі Се­ляз­нё­вай.

«Кожны паліцэйскі асабіста атрымліваў нашу ўлётку з заклікам адмовіцца ад сабачай службы», — успамінаў Іван Крыскавец (рэдактар падпольнай магілёўскай абласной газеты «За Радзіму»). Як вынік, многія паліцэйскія ўчасткі Клічаўскага раёна партызанам удалося захапіць без крыві і наогул без адзінага стрэлу.

Часам работнікам друкарняў даводзілася мяняць дыслакацыю, газеты і ўлеткі выпускаліся ў баявых паходах. Сакратар мінскага падпольнага абкама КП(б)Б І. Д. Варвашэня ўспамінаў: «Увесь час вандроўны спосаб жыцця вялі. Прыязджаем на новае месца, гадзіны дзве праходзіць — друкарні ўжо набіраюць». Партызаны пашылі маленькія мяшочкі і на кожным вышылі літары: «а», «б» і г. д. Як закончылі набор, мяшочкі — за плечы, і можна пераязджаць на новае месца, дзе зноў будзе набірацца агітпрадукцыя. Дарэчы, улёткі, якія выдаваў Мінскі падпольны абкам, выпускаліся амаль штодзённа і распаўсюджваліся як па Мінскай вобласці, так і за яе межамі.

Калі патрэбнай паперы не хапала, у справу ішла любая — абгортачная, папяросная, нямецкія дакументы, пропускі, карты. У Гродзенскім музеі вы зможаце пабачыць улётку, надрукаваную на бяросце.

Па вадзе і па сушы

Падпольныя газеты і ўлёткі можна было сустрэць на варотах, платах і тэлеграфных слупах, на сценах дамоў і дзвярах нямецкіх камендатур, на чыгуначных вагонах і машынах фашысцкай адміністрацыі. Іх раскідвалі на кірмашах і ў тэатрах, наклейвалі на дошкі аб'яў, часам побач з фашысцкімі газетамі або паверх іх. Каб данесці інфармацыю да чытачоў, журналісты ўжывалі розныя хітрасці. Так, супрацоўнікі «Минского большевика» скапіравалі загаловак загаду ад так званай «Усебеларускай цэнтральнай рады», што развешваўся па ўсім горадзе. Аднойчы патрульныя заўважылі вялікую групу мінчан каля дошкі аб'яў, распіхалі натоўп і задаволена кінулі: «Гут. Загад прэзідэнта рады»... І не звярнулі ўвагу на тое, што надрукавана пад загалоўкам. Улётку немцы сарвалі толькі праз некалькі дзён.

Траплялі газеты і ўлёткі і на службовыя сталы адміністрацыі акупантаў, у лагеры для ваеннапалонных, ваенныя гарнізоны, іх падкідалі нават у кішэні паліцэйскіх.

ЦК КП(б) Беларусі даваў указанні падпольным партыйным арганізацыям і камісарам партызанскіх атрадаў падабраць спецыяльных развозчыкаў літаратуры па населеных пунктах. А ўжо на месцах сувязныя вынаходзілі розныя спосабы «дастаўкі» — у малочных бітонах з падвойным дном, на дне кошыкаў з яйкамі, на падводах у мяхах з зернем, бульбай, у цюках сена ці саломы, у качанах капусты. Газеты і ўлёткі закладваліся ў пустацелую дугу альбо аглоблю сялянскага воза і нават упакоўваліся разам з фашысцкімі газетамі і развозіліся па чыгунцы. Напрыклад, на станцыі Рудзенск у паштовым аддзяленні працавала партызанская сувязная. Па яе ініцыятыве газета «Минский большевик» і ўлёткі пакаваліся разам з нямецкай поштай, якая, як правіла, немцамі не правяралася. У Мінску на вакзале свае людзі прымалі пошту, вымалі партызанскія газеты.

У адной вёсцы Мінскай вобласці, дзе стаяў фашысцкі гарнізон, пошту гаспадарам дастаўлялі... коні. Партызаны лавілі іх на полі, у хвост увязвалі газету і пускалі дахаты ў вёску. Не забываліся партызаны пра работу з насельніцтвам і падчас баявых дзеянняў — выступалі з дакладамі, зачытвалі зводкі Саўінфармбюро, раздавалі друкаваную прадукцыю.

У некаторых населеных пунктах жанчыны і дзеці дзяжурылі на рацэ і вылоўлівалі з вады бутэлькі — так працавала партызанская пошта. Таксама патрыёты размяшчалі газеты і ўлёткі ў тых месцах, куды маглі дайсці сяляне, а фашысты баяліся сунуцца, каб не наткнуцца на засаду — на перакрыжаваннях дарог і на ўзлесках.

Гэ­ту ўлёт­ку мож­на па­ба­чыць у Гро­дзен­скім гіс­то­ры­ка-ар­хеа­ла­гіч­ным му­зеі.

У тыле ворага такія «падарункі» вельмі цаніліся, пра што сведчаць успаміны рэдактараў падпольных газет. Селянін вёскі Лыкава Андрэй Казлоў у чэрвені 1943 года перадаў партызанам дзве вінтоўкі, шэсць гранат і 1300 патронаў і ад імя ўсіх жыхароў прасіў для сваёй вёскі прысылаць як мага больш газет і ўлётак. У вёсцы Якубовічы 60-гадовы селянін Пётр Жардзецкі гаварыў партызанам: «Мне вашы газеты і лістоўкі даражэй за ўсё. Калі я дастану газету, то некалькі разоў прачытаю яе сам і потым перадаю суседзям». У сяле Айнаровічы Слабодскага сельсавета да грамадзяніна Канстанціна Стрыгі прынеслі прэсу. Праз некалькі хвілін пра гэта даведалася ўся вёска. Хата Стрыгі перапоўнілася людзьмі. Газету чыталі некалькі разоў. Потым грамадзянін Стрыга гэтую газету даставіў у суседнюю вёску.

Не менш чакалі падпольны друк і ў гарадах. Так, адзін з экзэмпляраў газеты «За Савецкую Беларусь» патрапіў у Мінску на тытунёвую фабрыку, а пасля таго як яго перагледзелі ўсе рабочыя, на наступны дзень быў перададзены на дражджавы завод.

Нягледзячы на небяспеку (за знойдзеную друкаваную прадукцыю фашысты расстрэльвалі), людзі перадавалі газеты і ўлёткі з рук у рукі. Спрацоўвала правіла, напісанае на іх: «Прачытаў — перадай другому».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Што хавалася ў капусце, або Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Аляксандр Рагожнік звярнуў увагу, што зусім хутка беларускаму народу трэба будзе чарговы лёсавызначальны выбар.

Эканоміка

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.