Вы тут

Дэпутаты сустрэліся з актывісткай, якая патрабуе змен у сферы аховы жывёл


Вольга Маёрава пазіцыянуе сябе як заснавальніцу грамадзянскай ініцыятывы «Мы з табой у адным доме». Так называюцца групы ў сацыяльных сетках, якія яна стварыла ў канцы ліпеня і якія налічваюць некалькі соцень удзельнікаў. Вользе Маёравай удалося хутка звярнуць увагу на сваю дзейнасць не толькі беларускіх абаронцаў жывёл, але і замежных. Адным з вынікаў яе дзейнасці стаў зварот да кіраўніка Беларусі 84-гадовай французскай кінаактрысы Брыжыт Бардо з просьбай абараніць бяздомных жывёл у нашай краіне.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Зараз на інтэрнэт-старонках групы збіраюцца подпісы пад петыцыяй, у якой змешчаны патрабаванні аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да еўрапейскіх канвенцый, у тым ліку «Канвенцыі па абароне хатніх жывёл»; адмове ад работы над праектам закона «Аб абыходжанні з жывёламі», які быў унесены Саветам Міністраў у Палату прадстаўнікоў у канцы кастрычніка 2015 года; распрацоўцы праекта прынцыпова іншага закона — «Аб абароне жывёл» — пад эгідай Мінпрыроды і рэдакцыі артыкула 137 Грамадзянскага кодэкса Беларусі з тым, каб жывёлы не разглядаліся заканадаўствам у якасці маёмасці. Напярэдадні нашай публікацыі кампанію падтрымала каля 5000 чалавек.

Вольга Маёрава не толькі актыўна выкарыстоўвае інтэрнэт-рэсурсы, яна асабіста сустрэлася з міністрам фінансаў, удзельнічала ў першым ўсебеларускім з'ездзе зоаабаронцаў, дае інтэрв'ю, вядзе перапіску з прадстаўнікамі выканаўчай і заканадаўчай улады. Сустрэча ў Палаце прадстаўнікоў адбылася па ініцыятыве дэпутатаў.

— Мы хацелі б выслухаць пытанні, якія ў вас існуюць, пагаварыць па азначанай тэме, — растлумачыў мэту сустрэчы старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Юрый Дарагакупец.

Вольга Маёрава абазначыла сваю пазіцыю наступным чынам: «Мы лічым, што сітуацыя ў зоаабароне настолькі далёка зайшла ў тупік, што выйсці з гэтага тупіка можна толькі вельмі сур'ёзнымі кардынальнымі змяненнямі».

Патрабаванні грамадзянскай кампаніі «Мы з табой у адным доме», сфармуляваныя ў звароце да парламентарыяў, пераклікаюцца з тымі, што ў петыцыі: змена артыкула 137 Грамадзянскага кодэкса; змена дзяржаўнага органа, адказнага за распрацоўку і прыняцце закона, які рэгулюе адносіны ў сферы абыходжання з жывёламі; далучэнне да еўрапейскіх канвенцый па абароне жывёл; удзел спецыялістаў зоаабарончай супольнасці ў працэсах распрацоўкі новага праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне жывёл» і правядзення ўсіх этапаў рэфармавання заканадаўства Беларусі ў гэтай галіне.

«Мы лічым, што ў выпадку распрацоўкі новага закона мы можам паказаць нашаму грамадству і міжнароднай супольнасці прыклад сумеснай добрай работы», — аргументавала Вольга Маёрава. За мяжой ёсць шмат буйных зоаабарончых арганізацый, якія гатовы дапамагаць нашай краіне, але для гэтага патрэбна палітычная воля, лічыць актывістка. Вольга Маёрава выказала ўпэўненасць, што распрацоўка закона ў гэтай сферы на базе модульных дакументаў СНД бесперспектыўная. «Для нас далучэнне да еўрапейскіх канвенцый — гэта знак цывілізаванасці Беларусі», — безапеляцыйна заявіла яна.

На пытанне дэпутатаў, чым канкрэтна могуць дапамагчы міжнародныя зоаабарончыя арганізацыі, Вольга Маёрава адказала: «Яны могуць праводзіць семінары для валанцёраў і ветэрынараў, могуць правесці праграму стэрылізацыі. Калі яны ўбачаць заканадаўчы рух насустрач, то гэта будзе не разавым мерапрыемствам».

«На сённяшні дзень закона аб абыходжанні з жывёламі ў Беларусі няма, — удакладніла старшыня Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна Кананчук. — Ёсць законапраект, і такіх законапраектаў можа быць некалькі. Вы можаце прапанаваць і накіраваць у Палату прадстаўнікоў свой».

Як толькі такі законапраект паступіць у парламент, будзе створана рабочая група, у якую могуць увайсці і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, калі будзе такое жаданне ў грамадскасці, дадала дэпутат. «У нас такая практыка ёсць. Напэўна, траціну рабочай групы па распрацоўцы законапраекта «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» складалі члены грамадскіх арганізацый і практыкі», — прывяла прыклад сумеснай работы грамадзянскай супольнасці і заканадаўцаў старшыня камісіі.

У сакавіку 2017 года ў Санкт-Пецярбургу Міжпарламенцкая асамблея дзяржаў — удзельніц СНД прыняла мадэльны закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі» ў новай рэдакцыі. Таццяна Кананчук звярнула ўвагу, што канцэптуальныя палажэнні гэтага закона добра стыкуюцца з адпаведнай еўрапейскай канвенцыяй, і на іх будзе арыентавацца беларускае заканадаўства.

«Што датычыцца міжнароднай дапамогі, то ніякай забароны для практычнай работы няма. У нас ёсць добры вопыт работы і з міжнароднай тэхнічнай дапамогай, можна працаваць праз гранты, бязвыплатную дапамогу... Кірункаў дастаткова. Галоўнае, каб гэта быў канструктыўны дыялог, а не аднабаковыя патрабаванні», — заўважыла Таццяна Кананчук.

Над праектам закона «Аб абыходжанні з жывёламі» таксама працавалі зоаабарончыя арганізацыі, і многія іх заўвагі былі ўлічаныя, нагадаў Юрый Дарагакупец. «Было праведзена грамадскае абмеркаванне. Пры прапрацоўцы законапраекта паступіла амаль паўтары тысячы зваротаў: меркаванні людзей падзяліліся на два полюсы прыкладна пароўну. Таму нам неабходна знайсці кансэнсус, — сказаў парламентарый. — Пры распрацоўцы законапраекта мы павіны ўлічваць рэаліі жыцця і разумець, ці гатова грамадства да змен».

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.

Законапраект «Аб абыходжанні з жывёламі» адкліканы Саветам Міністраў на дапрацоўку.

Стваральніца грамадзянскай ініцыятывы выказала сумненні наконт таго, што нормы мадэльнага закона СНД і Канвенцыі Еўрапейскага саюза па абароне жывёл ад жорсткага абыходжання стыкуюцца, аднак не змагла гэта аргументаваць. «Практыка — і расійская, і беларуская — адназначна паказвае, што гэта не так», — зноў безапеляцыйна заявіла яна, зноў забыўшы, што ў Беларусі закона яшчэ няма, а значыць, няма і практыкі яго прымянення. Вольга Маёрава таксама прызналася, што не аналізавала мадэльны закон МПА СНД.

— Для мяне маркерам з'яўляецца тое, што мадэльны закон СНД не патрабуе змяніць 137-ы артыкул Грамадзянскага кодэкса Беларусі, згодна з якім жывёлы разглядаюцца як маёмасць, — парыравала яна.

— А што вы скажаце на тое, што французскі Грамадзянскі кодэкс прызнае нерухомай маёмасцю жывёл, якіх уласнік змясціў на зямельны ўчастак для яго абслугоўвання і эксплуатацыі? — спытаў Юрый Дарагакупец.

— Я не ведаю гэтай фармулёўкі. Мне перакладчыца з французскай працытавала іншае: «Жывёлы — гэта істоты, якія валодаюць адчувальнасцю».

Дэпутаты растлумачылі Вользе Маёравай, што беларускі Грамадзянскі кодэкс мае адсылачную норму, згодна з якой абыходжанне з жывёламі рэгулюе адпаведны закон пасля яго прыняцця. Мадэльны закон МПА СНД, з якім будзе карэлявацца нацыянальны закон, дэкларуе міжнародныя прынцыпы абыходжання з жывёламі, тыя ж «адносіны да жывёл як да істот, якія валодаюць здольнасцю адчуваць, у тым ліку адчуваць страх і боль». Актывістка пагадзілася, што ёй трэба вывучыць гэты дакумент, а наконт артыкула 137 ГК прапанавала правесці ў парламенце круглы стол.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы спаслаліся на тое, што праграма стэрылізацыі бяздомных жывёл у нашай краіне не была рэалізаваная з-за таго, што, згодна з беларускім заканадаўствам, жывёлы — гэта рэчы, а, маўляў, стэрылізаваць рэчы немагчыма. Тут ужо дэпутаты не ведалі, што адказаць. Яны не чулі пра такую праграму.

У выніку бакі дамовіліся пра магчымасць далейшага супрацоўніцтва пры ўмове захавання цывілізаванага і канструктыўнага дыялогу. «Распрацоўвайце вашы нормы, дасылайце і будзем сустракацца, — прапанавала Таццяна Кананчук. — Каб арганізаваць сустрэчу з удзелам спецыялістаў, якія валодаюць пэўнымі кампетэнцыямі, трэба ведаць прадмет абмеркавання». Гэта датычыцца і патрабавання змяніць артыкул 137 ГК. «Вы згодныя, што яго трэба мяняць?» — спыталі актывісты. «Мы згодныя гэта абмяркоўваць», — удакладнілі заканадаўцы.

Да ведама

Артыкулам 137 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што да жывёл прымяняюцца правілы аб маёмасці пастолькі, паколькі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам і не вынікае з асаблівасцяў гэтага аб'екта. Пры гэтым пры ажыццяўленні правоў не дапускаецца жорсткае абыходжанне з жывёламі, якое супярэчыць прынцыпам гуманнасці, пракаментавалі згаданую норму ў Палаце прадстаўнікоў.

Як бачна, Кодэкс выкарыстоўвае асцярожную фармулёўку аб прымяненні да жывёл правілаў аб маёмасці тады, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам і не вынікае з асаблівасцяў гэтага аб'екта права. Тым самым грамадзянскае заканадаўства не рашаецца катэгарычна абвясціць жывёл аб'ектамі права ўласнасці, а выкарыстоўвае правілы аб маёмасці за адсутнасцю іншага інструмента.

Такі падыход, які прыраўноўвае жывёл да асаблівых рэчаў, характэрны для ўсіх «традыцыйных» заканадаўстваў. Напрыклад, Грамадзянскі кодэкс Латвіі (арт. 931) называе лясных жывёл «жывымі безгаспадарнымі прадметамі». Французскі Грамадзянскі кодэкс (арт. 522, 524) прызнае нерухомай маёмасцю жывёл, якіх уласнік змясціў на зямельны ўчастак для яго абслугоўвання і эксплуатацыі (жывёлы для апрацоўкі зямлі, рыбы ў вадаёмах, пчаліныя вуллі, галубы ў галубятнях, трусы ў садках і да т. п.).

У заканадаўстве некаторых краін выкарыстоўваецца іншы падыход, які вылучае жывёл з сукупнасці іншай маёмасці і які надзяляе іх асаблівым статусам. Напрыклад, згодна з арт. 135.3 Грамадзянскага кодэкса Азербайджана, «жывёлы не з'яўляюцца рэччу. Іх прававое становішча вызначаецца адмысловымі законамі», пры гэтым купля-продаж жывёл, раслін, рыб захавана, але выдзелена ў асобную разнавіднасць дагавора куплі-продажу (арт. 608—613).

Такім чынам, у Рэспубліцы Беларусь, як і ў многіх краінах свету, незалежна ад падыходу, які выкарыстоўваецца, і тэрміналогіі, якая ўжываецца, да хатніх жывёл прымяняюцца правілы аб маёмасці, жывёлы выступаюць аб'ектамі здзелак. Пры гэтым у заканадаўстве прадугледжана забарона на жорсткае абыходжанне з жывёламі, якое супярэчыць прынцыпам гуманнасці.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: «Істоты, здольныя адчуваць страх і боль»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».