Вы тут

Урокі спачування


Урокі спачування

Акей зноў прачнуўся ў дрэнным настроі.

Нічога дзіўнага: мінулым вечарам Крысціна прагаварылася, што ідзе на начную прагулку са сваёй кампаніяй, а яго, канешне, не запрасіла, і, калі меркаваць па яе твары, запрашаць і не думала. Так што Акей лёг спаць з думкай пра ўласную нікчэмнасць і прачнуўся раніцай у тым жа маркотным стане, такім цягучым і мярзотным, што нават не адразу ўспомніў яго прычыну. Ну, што ж, засталося толькі прайграць годна і не дазволіць сабе хвалявацца, калі Крысціна штосьці пра свой шпацыр раскажа. Акей прыгладзіў валасы рукою і спусціўся да сястры.

За сталом ужо сядзела Марына, глытаючы кукурузныя камячкі так, як быццам ад гэтага залежала яе жыццё.

— Раніца, бро–бро, — прагаварыла яна з поўным ротам і зноў убіла лыжку ў густую сумесь малака і размяклай кукурузы.

— І табе, — Акей абыякава глянуў на пліту.

Дзед Мікалай звычайна рыхтаваў на сняданак што–небудзь смачнейшае, але ў гэты раз на патэльні ляжаў толькі адзін блінец, і яго знешні выгляд быў вельмі сумны.

— Калі цябе гэта суцешыць, блінцы загінулі з гонарам, — сказала Марына, прасачыўшы за яго поглядам. Каб яны не былі з Акеем двайнятамі, той не зразумеў бы ні слова: сястра размаўляла з поўным рот гатовага сняданку.

— А што...

З–пад стала даляцела сытае гаўканне. Акей уздыхнуў — больш для прыліку. Ён злавіў сябе на думцы, што есці яму зусім не хочацца. Нічога не хочацца.

— Усё да лепшага! — Марына пракаўтнула сняданак, і яе маўленне зноў стала больш–менш разборлівым. — То зможаш мне дапамагчы з булавой Прынцэсы Стар?

— З чым–чым? — Акей без асаблівай зацікаўленасці крануў блінец лапаткай. — Што гэта зверху — сабачая сліна?

— З бу–ла–вою. У гэтай скрынцы зноў была карона. Я не супраць карон, у сэнсе, божачка, я ніколі не супраць карон, але ў мяне іх ужо восем. А ў Іры шэсць. І дваццаць дзве ў Ларысы.

Марына прабіла лыжкай амаль пустую каробку з–пад гатовага сняданку. На каробцы было намалявана жахлівага выгляду мульцяшнае дзяўчо ў ядзерна–ружовай пышнай сукенцы, абсыпанай зоркамі. Залатая карона ліха сядзела на высокай прычосцы, правая рука з абтыканай шыпамі булавой, не менш ружовай і бліскучай, чым сукенка, была занесена назад, а з раскрытага ў ваяўнічым поклічы рота вылятала бурбалка з назвай і слоганам: «Прынцэса Стар — незабыўны ўдар смаку!»

— Іх цэлых пяць тысяч штук, калі верыць ўпакоўцы, — Марына патыкала пальцам у намаляваную булаву. — І рана ці позна яна да нас трапіць. Я адчуваю гэта, і гэта будзе вялікі дзень. Дава–ай, Дзіма, калі даямо гэты пачак сёння...

— Добра, — Акей дастаў сабе чыстую міску.

Дзімам яго назвалі бацькі, але сам ён не любіў гэтае імя. Больш падабалася Акей. Усё проста: «Усё акей». Ён любіў цешыць сябе гэтай фразачкай, хаця ў сапраўднасці простасці не было месца.

Сястру ён болей не папраўляў: надакучыла.

Керамічнае донца міскі брыдка скрабанула па жалезнай пятлі шафы. Усё было кепска: і малако таксама заканчвалася.

— Тут нешта акрамя цукру наогул ёсць? — папярхнуўся Акей пасля першай лыжкі. Скрынка не хлусіла: смак біў як трэба.

— Ні–чо–га. Толькі магія.

Марына патрэсла ўпакоўку, прыслухоўваючыся да гуку. Унутры перакотвалася пара салодкіх драбочкаў. Сястра высыпала іх сабе ў рот і кінула скрынку цераз плячо — тая трапіла наўпрост у сметнік.

Акей цераз сілу з’еў яшчэ тры лыжкі.

— Ты норм, бро-бро? Не еш, калі не хочаш... Я б сабаку дала, але ты ведаеш: ад цукру ён чмурэе.

Сабака, альбо напаўсабака і напаўпоні па выглядзе, пад цукрам — апошняе, чаго хацеў бы ў гэтым доме дзед Мікалай. Пра гэта ён, зазірнуўшы ў кухню, паведаміў даволі голасна. Не дадаўшы, як млява адзначыў Акей, ніводнага жарту пра шаверму. І наогул ніводнага жарту. Дзіва.

Дзед выглядаў стомленым з самай раніцы і нават блінец з патэльні падчапіў без асаблівага энтузіязму.

— Наеліся? Патрэбная дапамога ў музеі, — дзед адкусіў ад блінца, перш чым двайняты паспелі сказаць хоць слова. — Дзіўна. На смак нейкі сыраваты.

Яны жылі ў хаце пры музеі народнай культуры («Беларуская сядзіба, сапраўдная аўтэнтыка!»). Часам наведвальнікаў было зашмат для маленькага штату супрацоўнікаў (дзеда Мікалая і Крысціны, якая жыла непадалёк і падпрацоўвала тут касіркай), таму двайняты дапамагалі як маглі.

— Пакупнікоў многа? — хутка спытала Марына, пакуль Дзіма сумна правёў вачыма рэшту блінца, які знік у дзедавым роце.

— Ну так. Папёрлі з самай раніцы, толькі паспявай паварочвацца. Давайце, працуйце. Я тут вып’ю пару таблетак і далучуся.

— Дрэнна сябе адчуваеш? — спытаў Акей.

— Ды не, проста клятыя камары. Каб мне праваліцца, калі я нармальна спаў хоць пару хвілін гэтай ноччу. А наша Крысціна сёння таксама нейкая вараная. Ну давайце, дзеткі, у гэтых турыстаў поўныя кішэні грошай.

У музеі і праўда тоўпіліся дзве турыстычныя групы. Мяркуючы па тым, што паспела сказаць узмакрэлая Карына Георгіеўна, экскурсавод, яны прыехалі гэтай раніцай з Мінска. Карыну адпойвалі ліманадам у кутку ля стойкі — для яе ён быў бясплатны: такая ўжо ў іх з дзедам была дамова. Плюс адсоткі ад прыбытку, само сабой: усе свае замежныя групы Карына абавязкова заводзіла ў сувенірную крамку пры музеі.

Акей павітаўся з экскурсаводам, адзначыўшы, як прагна яна п’е і якой замучанай выглядае. Прафесія ў Карыны няпростая, то нічога ў замучанасці няма дзіўнага.

Крысціна якраз стаяла за касай.

— Ведаеш, каго яны мне заўсёды нагадваюць? — прабурчала яна, калі Акей завязаў тры скруткі з глінянымі сувенірамі ў адзін. Кітайскія турысты дружна напіралі на касу. — Мядзведзяў, якія аб’еліся цукру.

Акей засмяяўся. Але яго зараз больш хвалявала іншае. Таму ўпакаваў яшчэ адзін сувенір і — наколькі мог — абыякава спытаў:

— Ну, як ўчора пагулялі?

І замёр у чаканні. Нават нажніцы ляснулі неяк грамчэй, чым звычайна.

— Адстой, — панізіла голас Крысціна, стукаючы кнопкамі касы. — Поўны. Нават не пытайся.

Акей не змог зразумець, як ён павінен да гэтага ставіцца: з аднаго боку, вядома, «адстой» — гэта дрэнна, але з іншага — і Крысціне, значыць, прагулка не спадабалася. То і сам ён мала што, выходзіць, прапусціў.

— Што рабілі?

— Я табе кажу — не пытайся.

Крысціна пачасала скроню, і Акей, падняўшы на яе вочы, са здзіўленнем заўважыў некалькі кароткіх пластыраў, няўмела прылепленых на скуру ля самых валасоў. З–пад ніжняга быў прыкметны краёчак свежай шырокай драпіны.

— Ты нармаль…

— Акей, — Крысціна сярдзіта прабіла на касе драўляную статуэтку зубра. — Я сур’ёзна. І я спала гадзіны дзве ад сілы, так што — так, адчуваю сябе не вельмі добра.

— У цябе драпіна. І пластыры.

— Ну так. Я паранілася. І заклеіла.

Шум натоўпу перакрыў радасны крык: Марына, якая трымала ў руцэ мегафон, збірала ля сябе турыстаў–замежнікаў.

— Блін. Паспаць бы яшчэ. Башка баліць, — Крысціна зноў пацерла скроню і скрывілася. Здавалася, яе нешта прыгнятае.

Акей зноў паглядзеў на яе. Крысціна вымучана ўсміхнулася яму. Падобна, з усіх людзей у хаце–музеі (вядома, акрамя Марыны) бадзёрыя былі толькі турысты, і чужыя гутаркі і позіркі іх не цікавілі. Калі першая група, прыціскаючы да сябе сувенірную здабычу, вывалілася на двор, а дзед Мікалай і Карына таксама выйшлі, Крысціна цераз сілу пацерла галаву і скрывілася яшчэ раз.

— Акей, толькі ты — нікому, добра?

— Магіла.

— Карацей, — уздыхнула Крысціна і перайшла амаль на шэпт, — мы з хлопцамі ноччу ўзялі машыну пакатацца. І... тыпу, трохі разбілі яе.

— Твайго бацькі машыну? — з жахам спытаў Акей. — Ці чыю?

— Ды не ведаю я, чыю! За магазінам на паркоўцы стаяла.

— Вы яе што, скралі?!

У Акея нават дыханне перахапіла. Гэта было так жудасна, так незаконна і так... Ну, напэўна, трохі крута. Асабліва для такога нуднага ціхага падлетка, як ён сам.

А вось Крысціна была бунтарка.

— Ціха! Ды не, вядома, проста ўзялі пакатацца — мы назад яе паставілі б і нават бензіну залілі. Кіроўцам мой Рома быў. Ну і... Карацей, паршыва ён водзіць.

— Ён наогул хоць што–небудзь робіць не паршыва? — прабурчаў Акей. Рома быў яму непрыемны, таму што — «мой».

Крысціна закаціла вочы.

— Усё ў парадку, тыпу. Адно мне галаву шкрабанула, ну і Рома стукнуўся, а так усё ў норме. Акрамя, ну, машыны. Мы яе там і пакінулі, на вуліцы, пад ліхтаром. І ты цяпер, тыпу, таксама саўдзельнік. Калі гэта ведаеш. Прабач.

— Ды ўсё нармальна, — Акей пакруціў галавой. — Дапамагчы?..

Яна паціснула плячыма. Цяпер, выгаварыўшыся, Крысціна выглядала значна менш напружана, і Акея гэта парадавала.

— Аспірын ёсць?

— Зараз зганяю, — абяцаў Акей. — А можа, табе сапраўды лепш паспаць?

— За касай?

— Ды не, дома. Дзядуля, можа, цябе адпусціць.

— Ага, вядома.

— Адпусціць, — паўтарыў Акей.

На яго здзіўленне, дзед нават не стаў занадта доўга бурчаць — напэўна, быў рады прыбытковаму дню. Усе шумныя турысты і Карына ўжо з’ехалі, крамка і музей народнай культуры зноў апусцелі. Так што праз гадзіну Крысціна ўжо накіравалася адсыпацца, а Акей да канца дня заняў яе месца на касе.

Ён таксама не адмовіўся б заснуць, нягледзячы на тое, што на гадзінніку яшчэ не было і поўдня. Праўда, Акей сумняваўся, што сон будзе добры.

***

У сне ён сядзеў на траве над возерам, ведаючы, што хутка сцямнее: закат дагараў, і сонца апускалася кудысьці за пагоркі, накрытыя хваёвым лесам. Ён круціў у руках банку з газіроўкай і думаў, ці варта яе адкрываць: яму вельмі хацелася піць, але ён яе, напэўна, паспеў ужо ўзбоўтаць, так што пена павінна ўзняцца да нябёсаў.

Дзьмуў лёгкі вецер. Нябачнае возера ўнізе ледзь чутна шумела, хвалі ціхенька плёскалаліся аб бераг. Плёскат здаваўся нейкім дзіўным: больш шэптам і шоргатам, чым дотыкам вады да галькі.

Акей не разумеў многіх рэчаў. Напрыклад, чаму ўсё так любяць Стыва Джобса і лічаць яго вялікім чалавекам, хоць ведаюць, што ён зарабляў мільярды на дзіцячай працы. Ці, можа, гэта проста агульнае адчуванне таго, што ўсе нашы героі як быццам ліпавыя. Увесь свет — суцэльны падман. Чаму мы завальваем адно аднаго вар’яцкімі каментарамі? Чаму сацсеткі даюць ўяўную блізкасць? Хіба гэтага мы хочам, гэтага дамагаемся — усімі сваімі рэчамі, уласнасцю, грашыма?

Людзі ўсё гэта робяць свядома. Таму што не жадаюць паказваць, што ім балюча, таму што ўсе баязліўцы. Нічога не ведаюць і не хочуць ведаць.

Ёсць шмат спосабаў стаць лепш за іншых.

Напрыклад, расізм. Тады ты — у сваім уяўленні — на аўтамаце лепшы за мільёны. Так. Ці сэксізм. Тады ты думаеш, што лепшы ад усіх прадстаўнікоў супрацьлеглага полу. Вось так проста. Гамафобія, рэлігійны фанатызм — што заўгодна. Абы былі «свае» і «чужыя».

Акей разляпіў вочы і мімаходам зірнуў на гадзіннік — восьмая раніцы. Пасля паляжаў, старанна прыслухоўваючыся да кожнай часткі свайго арганізма. Учора ён лёг спаць каля адзінаццатай. Зараз восьмая. Ён спаў дзевяць гадзін. Цела адчувала сябе цалкам адноўленым. А розум — не.

Вось што гэта было на самой справе — і сёння, і ўчора. Стомленасць не цела, а розуму. Заўсёдная. Дзіўнае адчуванне.

Стомленасць была ў ім самім. І ён ведаў, што сапраўды вельмі стаміўся.

***

Акей спусціўся па лесвіцы, гукнуўшы сястру і на імгненне спалохаўшыся, што яна не адкажа. Усё было, як учора: ён зноў знайшоў Марыну на кухні.

Сястра сядзела за сталом і, падпёршы рукой шчаку, ляніва калупалася ў талерцы з кукурузнымі камячкамі. Побач стаяла толькі што адкрытая скрынка з ружовай прынцэсай, а злева на стале ляжала маленькая, памерам з асадку, цацачная ружовая булава з пластыкавымі круглявымі шыпамі.

— Раніца… — Марына млява паглядзела на брата.

— Віншую з булавой, — машынальна сказаў Акей, падыходзячы бліжэй і кранаючы цацку пальцам. Багата насыпаныя бліскаўкі распірала клеем.

— Ага, — Марына паглядзела ў міску і шырока пазяхнула, а потым адставіла сняданак. — Усё. Досыць. Больш у мяне не лезе.

— Колькі ты ела гэтую дрэнь?

— З аўторка.

— Два дні запар? Што, замест абеду нават і…

— Ага.

Марына абыякава сунула цацку назад у скрынку і паднялася.

— Але нешта я стамілася, бро–бро.

Акей зазірнуў у скрынку: ярка–ружовая бліскучая булава, ужо нікому не патрэбная, напалову патанула ў шматках.

Усё вакол было сур’ёзна да немагчымасці.

Мiхалiна БУРВІНА

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?