Вы тут

Як у дэкрэце бясплатна атрымаць прафесію


Курсы ад службы занятасці могуць праходзіць не толькі тыя, хто афіцыйна зарэгістраваны беспрацоўным, але і мамы, якія даглядаюць дзіця да трох гадоў. Жанчынам у дэкрэце прапаноўваюць бясплатна асвойваць прафесіі цырульніка, лагіста, кухара, прадаўца. Наколькі перападрыхтоўка павышае шанцы знайсці работу, мы даведаліся з першых вуснаў.


Марыя Віскушэнка разам з сям'ёй.

На работу — у салон прыгажосці

Марыя Віскушэнка — мама дзвюх дачок. Да дэкрэту працавала бухгалтарам. Прызнаецца: гэта прафесія зусім не па ёй. Школьніцай Марыя хацела паступаць у тэхналагічны каледж на спецыяльнасць «цырульніцкае мастацтва, дэкаратыўная касметыка». Але ў той год быў вялікі конкурс — больш за 20 чалавек на месца, — і дзяўчына «праляцела». Пайшла на эканаміста, каб атрымаць хоць якую адукацыю.

Уладкоўвацца бухгалтарам зноў пасля дэкрэту не хацелася. Запісацца на курсы па манікюры ад цэнтра занятасці, каб здзейсніць сваю даўнюю мару, Марыі параіла яе майстар.

— Мяне прывабіла тое, што на гэтых курсах даецца пасведчанне дзяржаўнага ўзору і прысвойваецца пачатковы разрад — трэці. Плюс у такой прафесіі можна працаваць на сябе — напрыклад, здымаць кабінет, — дзеліцца жанчына.

Заняткі цягнуліся два з паловай месяцы. Вучэбны дзень — васьмігадзінны. Малодшая дачка тым часам была ў дзіцячым садку.

— Мне лёгка давалася навучанне, — заўважае Марыя, якая некалі займалася ў мастацкай школе. — Залік па роспісе на пазногцях здала без цяжкасцяў.
А па прадмеце «пластычная анатомія» ў мяне адзінай у групе была «дзясятка».

Месца для практыкі навучэнцы шукалі самі. «Нам сказалі: у салоны можаце нават не спрабаваць уладкавацца — толькі ў цырульні. А я рызыкнула і пайшла прасіцца на практыку ў салон. Мяне ўзялі — і цяпер там працую. Пытанняў наконт таго, што я маці малых дзяцей, і, магчыма, давядзецца часта браць бальнічныя, не было. Тым больш на рабоце не трэба сядзець з ранку да вечара, прыходзіш на той час, калі запісаліся кліенты».

Марыя адзначае, што на курсах даюць добрую базу па апрацоўцы пазногцяў («а гэта самае асноўнае, бо на недагледжаных руках ніякае пакрыццё глядзецца не будзе»). Але пасля ўсё роўна трэба павышаць кваліфікацыю: асвойваць нанясенне таго ж гель-лаку, які зараз у модзе.

На новым месцы жанчына працуе каля месяца. Кажа, што абсалютна не расчаравалася: «Мне заўсёды падабалася наводзіць прыгажосць. Планую яшчэ навучыцца рабіць прычоскі і макіяж. Хочацца, каб усё было ідэальна, каб кожная жанчына выходзіла ад мяне лялечкай».

Трэніроўкі па... гутарках

У Анастасіі Сачак вышэйшая юрыдычная адукацыя. Але так атрымалася, што пастаянную работу да нараджэння дзіцяці яна знайсці не змагла. І, калі сядзела дома з малым, задумалася над тым, каб пашырыць свае навыкі. Пра курсы ад службы занятасці пачула па радыё і запісалася на «Аўтаматызацыю бухгалтарскага ўліку ў праграме 1С: Бухгалтэрыя».

— Усюды патрэбны такі спецыяліст, — тлумачыць жанчына, чаму спынілася менавіта на гэтай прафесіі. — Таксама цяпер шмат арганізацый, якія займаюцца бухгалтарскімі паслугамі на заказ для іншых прадпрыемстваў.

Курсы разлічаны на месяцах. Ухіл на практыку — на занятках ты адразу працуеш у праграме 1С. Яшчэ адзін плюс — кантакты выкладчыкаў, з якімі і пасля навучання можна будзе пракансультавацца па асобных пытаннях.

Прыглядаць за дзіцем дапамагала бабуля. Але калі ў яе не атрымлівалася, Анастасія брала чатырохмесячнага малога з сабой на заняткі. «Вядома, на мяне спачатку вылуплялі вочы. Але дзіця нікому не перашкаджала — яно спакойна спала».

Анастасія Сачак.

Выдзеліць час на самаадукацыю для жанчыны было нескладана. Жартуе, што тыя гадзіны, якія некаторыя мамы трацяць на мыццё да бляску кватэры, яна праводзіла за чытаннем канспектаў.

Акрамя таго што курсы бясплатныя (па словах Анастасіі, такія ж прыватныя каштуюць каля 400 рублёў), можна атрымліваць стыпендыю. «Яна невялікая (у мяне рублёў 17 было), але на пачак памперсаў хопіць». Дапамогі па доглядзе дзіцяці ў гэты перыяд таксама не пазбаўляюць.

На работу жанчына пакуль не выйшла — яе малому яшчэ паўтара года. Але свой дэкрэт мінчанка вырашыла правесці максімальна карысна.

— Стараюся адаптаваць сына да дзіцячага садка (ён пайшоў туды некалькі месяцаў таму), каб потым, калі яму споўніцца тры гады, не рваць сабе валасы на галаве і спакойна працаваць. Я спачатку хвалявалася, што рана адпраўляю малога ў садок. А потым зразумела, што жанчыны, якія працуюць там, ужо па 30 гадоў займаюцца маленькімі дзецьмі, і ў іх вопыту нашмат больш, чым у мамы, якая нарадзіла першынца.

Анастасія ўжо нагледзела іншыя цікавыя курсы — па падрыхтоўцы інспектара па кадрах і спецыяліста па арганізацыі закупак. Не выключае, што пазней запішацца на які-небудзь з іх, каб больш упэўнена адчуваць сябе на рынку працы. Хоць на некаторыя вакансіі яна ўжо цяпер можа прэтэндаваць — напрыклад, работа за касай, улік заробку. Аплата па іх — 500—600 рублёў.

— Я вывучаю рынак, нават хаджу на гутаркі — проста трэніруюся. Рыхтуюся загадзя, пакуль у мяне ёсць час, — тлумачыць жанчына свой падыход.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.