Вы тут

Валанцёры 50+. Жыць не толькі для сябе


— Сёння серада. Ужо 11 гадзін. Дзе ж мой «спонсар»? — пытаецца бабуля Марыя. «Спонсарамі» яна часам называе валанцёраў. А спадарыня Зоя Пастухова — яе «асабісты» валанцёр. Бабуля так вырашыла і з нецярпеннем чакае яе.

Зоя Міхайлаўна ўжо другі год наведвае пацыентаў аддзялення сястрынскага догляду Мінскага хоспіса для дарослых. Яна вывозіць іх на вуліцу ў інвалідных калясках, размаўляе з імі, кантактуе са сваякамі.

Мінулым летам у бальніцы ляжаў пацыент — прыгожы, разумны, адукаваны, інтэлігентны мужчына за 50. І цалкам нерухомы. Зоя Міхайлаўна наведвала яго, падоўгу размаўляла, бо Леанід (так звалі пацыента) цікавіўся ўсім на свеце, а спадарыня Зоя, якая калісьці займала кіруючую пасаду і аб'ездзіла амаль увесь свет, з задавальненнем адказвала на яго пытанні. Падтрымліваць размову з Леанідам было зусім не лёгка, бо гаварыў ён вельмі ціха — гучней не мог з-за цяжкай хваробы, і, каб зразумець яго, трэба было схіляцца над самым яго тварам, нізка-нізка. Зоя Міхайлаўна пазнаёмілася і з жонкай Леаніда. Яны абмяняліся нумарамі тэлефонаў, а калі Леанід выпісаўся з бальніцы, спадарыня Зоя тэлефанавала жанчыне, а тая перадавала словы падтрымкі мужу.

Спадарыня Зоя натхніла на валанцёрства і сваю 80-гадовую сяброўку — спадарыню Веру Паўлічкову, якая таксама наведвае бальніцу раз на тыдзень, выводзіць на вуліцу хадзячых пацыентаў, размаўляе з імі, частуе піражкамі ўласнай выпечкі. Бабуля Вера заходзіць у бальніцу, абапіраючыся на кіёчак. Потым пакідае яго ў ардынатарскай разам з торбачкай і ідзе да сваіх падапечных. А калі надыходзіць час вяртацца дамоў, яна забірае торбачку, а пра кіёчак звычайна забываецца. Тады мы з калегай-псіхолагам даганяем яе, уручаем кіёчак і даводзім бабулі, што яна можа цудоўна абыходзіцца і без яго. Яна пагаджаецца, але наступны раз усё адно прыходзіць з ім. Спадарыня Вера мае вышэйшую адукацыю. Да пенсіі яна працавала інжынерам. Бабуля цікавіцца сучаснай камп'ютарнай тэхнікай і кажа, што ў наш час кожны чалавек павінен мець планшэт, бо ў інтэрнэце можна знайсці шмат цікавай і карыснай інфармацыі на розныя тэмы.

Неяк спадарыня Зоя спытала, ці ёсць яшчэ, акрамя іх з бабуляй Верай, валанцёры сталага веку, якія наведваюць пацыентаў хоспіса. І мне адразу ж успомнілася бабуля Жэня, якая прыходзіла да пацыентаў паліятыўнага аддзялення, калі я там працавала. Бабулі Жэні было за 70. Яна наведвала пацыентаў з апошняй стадыяй анкалогіі. Заходзіла ў палату, камусьці з пацыентаў дарыла шакаладку, камусьці — мандарынку, камусьці — усмешку і добрыя словы. Памятаю, як яна расчэсвала валасы адной самотнай жанчыне і рабіла ёй прыгожыя прычоскі. Бабуля Жэня сама перанесла складаную аперацыю і ведала, якую вялікую патрэбу ў спагадзе, падтрымцы, увазе і дабрыні маюць цяжкахворыя людзі.

У аддзяленне сястрынскага догляду на працягу некалькіх месяцаў прыходзіла сямейная пара пад 60, таксама валанцёры. Спачатку прыйшла жонка. Яна размаўляла з пацыентамі, дапамагала карміць зусім нямоглых, прыносіла самотным старым розныя пачастункі. Неўзабаве да яе далучыўся і муж. Ён выконваў «фізічную» працу — вывозіў на вуліцу пацыентаў у інвалідных калясках.

Прыходзіць у хоспіс і шмат маладых валанцёраў, але гэта ўжо асобная тэма. А летам разам з жанчынай-валанцёрам прыходзіў у аддзяленне сястрынскага догляду і... валанцёр-сабака — Сільвер. Сільвер кантактаваў з пацыентамі ў бальнічным двары, калі было добрае, цёплае надвор'е. Ён быў вельмі добразычлівы і спакойны. Сільвер цудоўна ведаў, як можна хутка падняць настрой цяжкахворым людзям — ён з задавальненнем дазваляў сябе пагладзіць. А калі Мікалай, пацыент з выдатным голасам, вельмі прыгожа праспяваў песню (а ўсе іншыя прысутныя падпявалі яму), Сільвер падышоў да яго і па-свойму, па-сабачы, падзякаваў за цудоўнае выкананне...

А яшчэ мне ўспомніўся гродзенскі валанцёрскі рух з прыгожай назвай «Цэнтр дапамогі жыццю», удзельнікі якога падтрымліваюць пацыентаў хоспісаў у Гродне, Мінску і іншых гарадах Беларусі. Валанцёрская дапамога зусім не «аднабаковая», як часам камусьці здаецца. Валанцёры не толькі аддаюць, але і атрымліваюць, бо чалавек, які жыве не толькі для сябе, не будзе баяцца адысці ў іншы свет.

Марына БАБРОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?