Вы тут

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?


Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз. На яго тэрыторыі знаходзіцца і пункт пропуску «Брузгі» — адзін з самых буйных пагранпераходаў рэспублікі. Вядома, замежнікі заўважаюць у першую чаргу стан дарог і наваколля, у тым ліку старыя сядзібы.


Сёлета тут знеслі дзевяць спарахнелых дамоў, але працэс гэты даволі працяглы, можа заняць некалькі гадоў, зазначае старшыня Адэльскага сельсавета Уладзімір Трутнеў. З новым указам тут звязваюць значныя спадзяванні. У прыватнасці, па спрашчэнні працэдуры адчужэння. Згодна з дакументам, працэс паскорыцца ў некалькі разоў. А гэта, у сваю чаргу, дазволіць скараціць і бюджэтныя выдаткі.

— У нас ёсць такі дом, але мы яго не зносім, а будзем спрабаваць, згодна з новым указам, яго прадаць. На практыцы «абкатаем» новую працэдуру і паглядзім, як гэты працэс пойдзе далей, пачнём адразу пасля Новага года, — кажа суразмоўнік.

Каб прызнаць дом безгаспадарным, патрэбна 3-4 месяцы. Большую частку займае падрыхтоўчая работа, бо ў ёй задзейнічана некалькі службаў, выязджае спецыяльная камісія. Бывае, што доўгі час вядзецца пошук нашчадкаў, якія павінны пісьмова пацвердзіць, ці будуць жыць у гэтым доме. Спрыяльным фактарам з'яўляецца адмова нашчадкаў ад уладання домам. Гэта спрашчае работу па зносе старых дамоў. Але паўстае праблема продажу ўчастка.

— Вось мы нядаўна ў Адэльску знеслі дом, скасілі траву, выкарчавалі дрэвы. Але мы не можам участак выставіць на аўкцыён. Калі гэта аграгарадок, патрэбны генеральны план забудовы, а ў нас яго няма, і яго трэба распрацаваць. А гэта вельмі вялікія грошы. У звычайнай вёсцы можна распрацаваць проста схему землеўпарадкавання, але і гэта работа патрабуе значных затрат. Мы распрацавалі тры ўчасткі, што нам абышлося ў 30 тысяч рублёў, — расказаў Уладзімір Трутнеў.

Традыцыйна высокі попыт на ўчасткі захоўваецца ў вёсцы Брузгі, што на беларуска-польскім паграніччы. Тут створана добрая інфраструктура: газ, водаправод, добрыя дарогі. У першую чаргу ўчасткі выдзяляюцца тым, хто мае патрэбу. Зараз будуць спрабаваць прадаць праз аўкцыён безгаспадарныя дамы. Пакуль ахвотных няма. Кошт стартуе з 6 тысяч рублёў. Згодна з указам, цана з кожным аўкцыёнам павінна зніжацца.

У Адэльску спрабуюць падключыць тых гаспадароў, якія за ўласныя сродкі арганізуюць знос трухлявага будынка, у выніку чаго становяцца ўладальнікамі ўчастка пад будаўніцтва свайго дома. Такі кірунак старшыня сельскага Савета лічыць найбольш перспектыўным.

Каб не трапіць у пастку

Сітуацыя са старымі і безгаспадарнымі дамамі няпростая, таму і работа вядзецца марудна, і нарматыўная база пастаянна карэктуецца. Па словах спецыяліста Індурскага сельскага Савета Алены Радыён, паспешныя рашэнні могуць прывесці да канфлікту. Жанчына прыгадала выпадак, які нядаўна адбыўся ў адным з сельскіх Саветаў Гродзенскага раёна, калі мясцовыя ўлады прадалі па спрошчанай схеме дом, але пакупнік не можа зарэгістраваць яго ў БТІ і стаць уладальнікам па той прычыне, што дом не стаяў на балансе сельскага Савета. Новы ўказ, па словах Алены Радыён, не патрабуе такой працэдуры. Вось і дом, які тут збіраюцца прадаваць, не зарэгістраваны ў БТІ.

— Гэты кірунак патрабуе больш спрошчанай схемы, — упэўнена спецыяліст сельскага Савета. — Мясцовай уладзе патрэбна больш паўнамоцтваў у гэтых пытаннях, таму што афармленне дакументаў, пастаноўка на баланс абыходзіцца нятанна. Усе дадаткі не абгрунтаваны. Кошт на афармленне дакументаў перавышае кошт дома. А калі ісці па спрошчанай схеме і не афармляць дакументаў, можна трапіць у заканадаўчую пастку. Гэты вопыт таксама трэба ўлічваць.

Пакуль у Індуры плануюць выставіць на аўкцыён адзін дом. Каб зрабіць апошні дакумент, атрымаць пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, трэба заключэнне Гродзенскага райвыканкама аб магчымасці выкарыстоўваць гэты дом як жылы. Але і гэта працэдура чамусьці займае працяглы час.

— Мы маглі б прадаць тры дамы, і быццам бы ёсць ахвотныя іх набыць, але ўсё балансуе на стадыі дакументаў: што патрэбна, а што — не. Трэба ўлічваць усе выпадкі развіцця падзей, — кажа спецыяліст сельскага Савета.

Літоўскі «след» старой сядзібы

У Воранаўскім раёне дадзены даручэнні кожнаму сельскаму Савету правесці на тэрыторыі рэвізію і ўдакладніць, колькі пустуючых дамоў знесена, колькі прададзена, колькі перададзена «ў добрыя рукі». Па словах Алены Даневіч, якая сёлета была абрана старшынёй райсавета, гэта тэма будзе мець адзін з прыярытэтных кірункаў.

— Для нас гэта тэма вельмі актуальная, — кажа старшыня райсавета. — У раёне шмат хутароў, многія з якіх пустыя. Мы многае паспелі зрабіць падчас Года добраўпарадкавання на зямлі. Добрыя зрухі зроблены і сёлета, у Год малой радзімы.

Ёсць у раёне і сельсаветы-лідары, дзе гэту работу можна лічыць узорнай. Так, у Канвелішкаўскім сельскім Савеце толькі сёлета знесена 10 аб'ектаў — два старыя дамы і восем фундаментаў. Землі перайшлі ва ўладанне сельскіх гасгаспадарак.

Работу ў гэтым кірунку варта працягваць, лічыць Алена Янаўна. І добрая дапамога — новы Указ № 357, згодна з якім мясцовыя ўлады маюць магчымасць скараціць тэрмін уцягвання бясгаспадарнага дома ў абарот. Гэта датычыцца і пошуку гаспадара. Калі, напрыклад, уласнік праз азначаны тэрмін не адгукнуўся, дом рыхтуецца альбо на продаж, альбо пад знос. Такія меры распаўсюджаны на тую катэгорыю грамадзян, якія доўгі час не заяўляюць аб сабе, з'ехалі за мяжу, напрыклад у суседнюю Літву. А дом у гэты час нагадвае нейкія руіны. Ёсць варыянты, калі ўласніка знайшлі, але ён не мае намеру клапаціцца аб старой сядзібе.

— У такім выпадку мы можам гэты дом па згодзе ўласніка выставіць на продаж. Дастаткова проста дамовіцца і правесці працэдуру належным чынам: гэта можа быць аўкцыён альбо прамы продаж, — кажа Алена Даневіч.

Вядома, для раёна выгадней прадаць дамы. Магчыма, гэта магло б зацікавіць і пакупнікоў. Ва усялякім разе, райсавет актыўна апавяшчае аб гэтым вяскоўцаў падчас сходаў, інфармуе праз СМІ. Алена Янаўна з аптымізмам зазначае: калі дом прыдатны для жыцця і даступны па кошце, яго могуць купіць.

Ігар Лябецкі, старшыня Гродзенскага раённага Савета дэпутатаў:

— У раёне каля дзясятка сядзіб можна выстаўляць на продаж. Прадалі пакуль толькі адну. Новы ўказ дазволіць прадаваць па больш спрошчанай схеме: праз аўкцыён з паніжэннем кошту альбо напрамую. У дадзенай сітуацыі трэба выкарыстоўваць усе магчымасці, каб палепшыць сітуацыю з безгаспадарнымі дамамі. Калі «абкатаем» гэту працэдуру, справа пойдзе хутчэй. Зараз даводзіцца траціць грошы на знос, распрацоўку ўчастка, каб яго прадаць. Значна выгадней прадаць дом. Рыхтуюцца на продаж дамы ў Скідзелі, Сапоцкінскім і Індурскім сельскім Саветах. Першапачатковы кошт — ад трох да пяці тысяч рублёў.

У некаторых вёсках дамы павінны праходзіць толькі праз аўкцыён, у аддаленых населеных пунктах будзе дзейнічаць заяўляльны прынцып. І мясцовая ўлада мае паўнамоцтвы на продаж такога дома па азначаным кошце. Такая схема ўжо складзена. Варта адзначыць, што ацэньваецца толькі пабудова, зямлю пакупнік набывае без аўкцыёна. Таксама ёсць магчымасць атрымаць зямельны ўчастак з умовай самастойнага зносу.

У тэму

Безгаспадарныя пабудовы ствараюць і пажарную небяспеку. Па даных Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, сёлета ў рэгіёне адбылося 36 пажараў у такіх кінутых пабудовах. Зімой рызыка ўзгарання значна ўзрастае: тут знаходзяць прытулак грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Нярэдка такія зборы прыводзяць да пажару.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

З прапанаваных для абмеркавання дат, адна з якіх можа стаць Днём народнага адзінства — 14 лістапада.

Грамадства

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.