75 гадоў таму — 13—31 снежня 1943 года — была паспяхова праведзена Гарадоцкая наступальная аперацыя.
Да канца 1943 года савецкія войскі, паспяхова завяршаючы летне-асеннюю кампанію і трывала ўтрымліваючы стратэгічную ініцыятыву, вялі зацятыя баі на беларускай зямлі. Яны вызвалілі першы абласны цэнтр БССР Гомель, шэраг раёнаў Гомельскай, Палескай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей.
У мемуарах «Так ішлі мы да перамогі» Маршал Савецкага Саюза Іван Баграмян згадваў, што пры прызначэнні яго на пасаду камандуючага 1-м Прыбалтыйскім фронтам Вярхоўны галоўнакамандуючы Іосіф Сталін адзначыў: «Мы вырашылі перадаць адзінаццатую гвардзейскую армію ў склад войскаў Першага Прыбалтыйскага фронту і ўскласці на вас задачу разграміць гарадоцкую групоўку войскаў праціўніка і далей — авалодаць Віцебскам». Па словах Сталіна, тут «...неабходна было ізаляваць дзве аператыўна-стратэгічныя групоўкі ворага: паўночную і цэнтральную, адкрыць сабе вароты і стварыць выгадныя ўмовы для вызвалення ўсёй Беларусі».
Праціўнік ператварыў Гарадок у своеасаблівую палявую крэпасць, якая прыкрывала стратэгічна важны горад Віцебск: вакол населенага пункта быў створаны магутны, добра абсталяваны ў інжынерных адносінах абарончы рубеж «Пантэра». Гарадоцкі выступ, заняты ворагам, меў у папярочніку ад 35 да 60 кіламетраў і цягнуўся з поўдня на поўнач да 85 кіламетраў. Яго абараняла значная групоўка праціўніка са складу 3-й танкавай арміі групы «Цэнтр» і паўднёвага крыла 16-й арміі групы «Поўнач». Гэты выступ ствараў вялікую небяспеку для савецкіх войскаў, бо з яго вораг лёгка мог нанесці ўдар у фланг і тыл нашым злучэнням і часцям, якія імкнуліся выйсці на аператыўны прастор з мэтай вызвалення Беларусі.
У склад 1-га Прыбалтыйскага фронту ўваходзілі тры агульнавайсковыя арміі: 4-я Ударная, 43-я, 39-я, а таксама 3-і гвардзейскі кавалерыйскі і 5-ы танкавы карпусы. Заканчвала перадыслакацыю ў франтавую паласу 11-я гвардзейская армія. Дзеянні наземных войскаў падтрымліваліся авіяцыяй 3-й паветранай арміі. Падрыхтоўка да наступлення пачалася 19 лістапада 1943 года пры неспрыяльных умовах надвор'я: дарогі сталі непраходнымі для колавага аўтатранспарту, а месцамі і для гусенічных машын. Іван Баграмян далажыў у стаўку аб тым, што ў існуючых умовах паспешлівы пачатак баявых дзеянняў мог пагібельна паўплываць на ход і вынік будучай наступальнай аперацыі, і звярнуўся з просьбай аб адтэрміноўцы аперацыі. Сталін з разуменнем паставіўся да пераканаўчых аргументаў камандуючага фронтам і дазволіў перанесці наступленне на больш позні тэрмін. Вымушаная перадышка была выкарыстаная для больш грунтоўнай падрыхтоўкі войскаў фронту і правядзення з 13 да 31 снежня Гарадоцкай наступальнай аперацыі. Задума яе заключалася ў тым, каб сустрэчнымі ўдарамі 11-й гвардзейскай і 4-й ударнай армій у напрамку станцыі Бычыха прарваць абарону праціўніка на флангах Гарадоцкага выступу, акружыць і знішчыць яго групоўку, а затым развіваць удар на поўдзень, авалодаць Гарадком і наступаць на Віцебск. Галоўны ўдар вырашана было нанесці сіламі 36-га і 16-га гвардзейскіх стралковых карпусоў у напрамку Мехавога, Гарадка. Прадугледжваліся таксама два дапаможныя ўдары.
У 9 гадзін раніцы 13 снежня пачалася агнявая апрацоўка варожага пярэдняга краю, якая доўжылася амаль дзве гадзіны, потым агонь артылерыі быў перанесены ўглыбіню. Адначасова стралковыя часці пры падтрымцы танкаў і артылерыі пачалі штурм варожых пазіцый. Нягледзячы на нездавальняючыя ўмовы надвор'я, 11-я гвардзейская, 4-я ударная і 43-я арміі прарвалі нямецкую абарону на 15-кіламетровым участку фронту і да 16 снежня прасунуліся ўглыб абароны праціўніка. У паласе дзеянняў нашых войскаў вызначыўся 2-і гвардзейскі корпус, і асабліва 47-я Невельская дывізія, якая сумесна з танкістамі 24-й танкавай брыгады дзёрзкім ударам не дала ворагу магчымасці замацавацца на прамежкавых рубяжах і да канца дня поўнасцю выканала сваю баявую задачу.
Уведзеныя ў бітву 1-ы і 5-ы танкавыя карпусы акружылі і разграмілі ў раёне станцыі Бычыха часці 4-й пяхотнай дывізіі праціўніка. У фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны беражліва захоўваюцца ўзнагародныя лісты воінаў, якія вызначыліся ў ходзе Гарадоцкай аперацыі.
Вось апісанне аднаго з подзвігаў танкістаў. «Падчас баёў на паўднёвы захад ад Езярышча вызначыліся камандзіры танкавых рот 117-й танкавай брыгады капітан Іван Мікалаевіч Антонаў і старшы лейтэнант Мікалай Мартынавіч Рудык. 16 снежня танкавыя роты Антонава і Рудыка, прарваўшы абарону праціўніка на рубяжы Мехавое і Дражкі, пераўтвораныя ў магутны вузел супраціўлення праціўніка, якія мелі ўзмоцнены батальён пяхоты, 15 танкаў, 10 штурмавых гармат і дывізіён гармат, накіраваліся да станцыі Бычыха. Праціўнік быў акружаны. Антонаў і Рудык размясцілі танкі ў засадах і метадычным агнём знішчалі фашыстаў, якія імкнуліся вырвацца з акружэння. Бой доўжыўся больш за гадзіну. Большасць нашых танкаў была падбіта. Загарэліся і танкі камандзіраў рот. Антонаў і Рудык, будучы параненымі, з танкавымі кулямётамі і
боепрыпасамі выскачылі з падпаленых баявых машын, занялі пазіцыі і сваім агнём стрымлівалі ворага. Героі загінулі каля кулямётаў, але выканалі баявую задачу і абавязак перад Радзімай, забяспечыўшы захоп нашымі часцямі важнага вузла супраціўлення». Адважным танкістам-камандзірам пасмяротна прысвоены званні Героя Савецкага Саюза. Абодва пахаваныя на беларускай зямлі ў брацкай магіле каля вёскі Мехавое.
Пра поспехі савецкіх войскаў гаварылася ў аператыўнай зводцы Саўінфармбюро: «Войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту прарвалі ўмацаваную абарончую паласу праціўніка даўжынёй па фронце каля 80 км і ўглыбіню да 30 км. За пяць дзён напружаных баёў нашымі войскамі вызвалена больш за 500 населеных пунктаў». Сярод слаўных імёнаў воінаў, якія вызначыліся ў ходзе Гарадоцкай аперацыі, назаўжды ў памяці застанецца імя Анатоля Яфімавіча Углоўскага. Яго подзвіг апісвае ўлётка, якая была падрыхтавана афіцэрамі 43-й арміі. «20 снежня 1943 г. на шашы Сураж — Віцебск, — гаворыцца ў гэтым дакуменце, — ішлі цяжкія баі ў раёне дзеянняў 429-га знішчальна-супрацьтанкавага дывізіёна. Варожыя танкі стваралі крытычнае становішча для нашай пяхоты і ставілі пад пагрозу зрыву выкананне баявой задачы. Страта некалькіх танкаў не спыніла ворага, танкі працягвалі рухацца. Галаўны танк ворага набліжаўся да пазіцыі разліку бранябойшчыка Анатоля Углоўскага. Калі танк знаходзіўся за 30 метраў ад разліку, гвардзеец Углоўскі схапіў дзве супрацьтанкавыя гранаты, падняўся насустрач фашысцкаму танку і першую гранату кінуў пад дно танка, а другую — пад гусеніцу. Танк быў падбіты цаной гібелі героя. Варожыя танкі адмовіліся ад далейшай атакі і павярнулі назад». Адной з першых аб подзвігу 20-гадовага чырвонаармейца расказала армейская газета «Защитник Родины». За праяўленую мужнасць і геройства ў баях за Радзіму А. Я. Углоўскі ганараваны пасмяротна званнем Героя Савецкага Саюза. Пахаваны ў вёсцы Вымна Віцебскага раёна.
Маршал Баграмян успамінаў, што «вырашальны бой за Гарадок пачаўся 23 снежня 1943 года. Пасля гадзіннай артпадрыхтоўкі перайшлі ў наступленне злучэнні 11-й гвардзейскай і 43-й армій. Разгарэліся жорсткія рукапашныя сутычкі ў траншэях і хадах злучэнняў. Пры гэтым ярка выявіўся наступальны парыў нашых салдат і афіцэраў, іх маральная перавага над ворагам». Атака не была лёгкай, фашысты чапляліся за горад, які быў важным стратэгічным чыгуначным вузлом. У ноч на 24 снежня 1943 года быў дадзены загад на атаку воінам 83-й, 26-й і 11-й гвардзейскіх дывізій. У момант піка боя на штурм Гарадка была кінута 5-я гвардзейская дывізія. Удар гвардзейцаў быў люты і нястрымны. Пераадолеўшы рэчышча ракі па лёдзе, яны ўварваліся на паўночную ўскраіну горада. У цесным узаемадзеянні воіны 10-й танкавай брыгады і 83-й гвардзейскай дывізіі знішчылі важны вузел супраціўлення ў раёне вакзала. З дапамогай артылерыйскага і мінамётнага агню, а таксама танкавага дэсанту праціўнік быў знішчаны і ў цэнтры горада. Да поўдня рэшткі варожага гарнізона адступілі ў паўднёвым напрамку ў бок Віцебска. Гарадок быў вызвалены. У гэтым баі ўдзельнічалі таксама байцы партызанскай брыгады імя Кутузава. У загадзе Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 24 снежня 1943 года адзначалася: «У баях за авалоданне Гарадком вызначыліся войскі генерал-лейтэнанта Галіцкага, генерал-лейтэнанта Малышава, артылерысты генерал-лейтэнанта артылерыі Хлебнікава і генерал-лейтэнанта артылерыі Сямёнава». За выдатныя баявыя дзеянні асабоваму складу войскаў, які ўдзельнічаў у баях за вызваленне Гарадка, аб'яўлена падзяка Іосіфа Сталіна. У адзначэнне атрыманай перамогі 12 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў баях за вызваленне Гарадка, прысвоена найменне «Гарадоцкіх». У гэты ж дзень Масква салютавала нашым доблесным войскам 12 артылерыйскімі залпамі са 124 гармат. У вызваленым горадзе адбыўся ўрачысты мітынг, у якім удзельнічалі жыхары навакольных вёсак, воіны.
Зрэзаўшы Гарадоцкі выступ, савецкія войскі «навіслі» над паўночным флангам нямецкай групы армій «Цэнтр», парушылі яе флангавую сувязь з суседняй групай армій «Поўнач», якая вымушаная была пачаць адыход на захад. Адкрыліся таксама магчымасці далейшых дзеянняў злучэнняў і часцей Чырвонай Арміі ў раёне Віцебска, удару па Полацку і на тэрыторыі Прыбалтыкі. Наперадзе быў 1944-ы — год поўнага вызвалення Беларусі ад акупантаў, вырашальных перамог савецкіх войскаў.
Цяпер у памяць пра воінаў, якія аддалі жыццё ў баях за вызваленне Гарадка, на цэнтральнай плошчы горада ўзведзены мемарыяльны комплекс «Неўміручасць». На вуліцы Баграмяна ўстаноўлены помнік у гонар воінаў 2-й гвардзейскай Чырванасцяжнай ордэна Аляксандра Неўскага Гарадоцка-Берлінскай мінамётнай дывізіі. Узведзены таксама помнік воінам-танкістам, якія аднымі з першых уварваліся ў горад у дзень вызвалення. У раённым краязнаўчым музеі прадстаўлены дакументы ваенных гадоў, фатаграфіі і музейныя прадметы, прысвечаныя Гарадоцкай наступальнай аперацыі і яе героям. Сёлета 19 мая ў Гарадку быў адкрыты помнік-бюст двойчы Герою Савецкага Саюза маршалу Івану Баграмяну.
Мікалай ШАЎЧЭНКА
У Гарадоцкім раёне маштабна святкуюць 75-гадовы юбілей вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
15 снежня ў Езярышчы — у дзень вызвалення гэтага гарадскога пасёлка — пройдуць урачыстасці, прысвечаныя 75-й гадавіне пачатку Гарадоцкай наступальнай аперацыі, у выніку якой было вызвалена 1220 населеных пунктаў, знішчана больш чым 65 000 фашыстаў, узята ў палон больш за 3000 тысячы.
У праграме мерапрыемстваў у гарадскім пасёлку — урачысты мітынг «Мы гэтай памяці верныя», фотавыстаўка «Вуліцы нашай перамогі», выстаўка з фондаў раённага краязнаўчага музея «Славе — не гаснуць! Памяці — жыць!», святочная праграма «Мелодыі і песні ваенных гадоў».
А ў райцэнтры гадавіну вызвалення адсвяткуюць 22 снежня. Там таксама намецілі правесці шмат мерапрыемстваў. У прыватнасці, можна будзе паслухаць радыёгазету «Мы гэтай памяці верныя», наведаць тэматычныя інтэрактыўныя пляцоўкі:
«Імгненні мінулай вайны», «Партызанская застава», «Франтавы медсанбат», «На прывале». Ахвотныя возьмуць удзел ва ўрачыстым шэсці акцыі «Мы перамаглі». Плануюць арганізаваць паказальныя выступленні воінаў 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады Узброеных Сіл. Вучні СШ № 1 рыхтуюцца да сустрэчы з нашчадкамі Баграмяна. Вечарам запланавалі святочны салют.У памяць аб трагічных старонках гісторыі і гераічным подзвігу савецкіх салдат, землякоў, якія вызвалялі Гарадоччыну, у раёне ўстаноўлена 129 помнікаў і мемарыяльных знакаў. 89 з іх — гэта воінскія магілы, у якіх пахавана больш за 31,3 тысячы чырвонаармейцаў. У ходзе пошукава-даследчай работы толькі сёлета ўстаноўлена больш за 1100 прозвішчаў тых, хто раней лічыўся невядомым. А ўсяго пачынаючы з 2011 года пошукавікамі раёна ўстаноўлена 5800 імён вызваліцеляў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.