Вы тут

Якія энцыклапедычныя выданні з'явіліся сёлета ў Беларусі?


Гісторыя сямейных і культурных традыцый нашых продкаў, трагічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны, маляўнічы даведнік пра музеі краіны і ўнікальнае выданне, прысвечанае беларускім арганам... Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» падвяло своеасаблівыя вынікі года і прадставіла свае галоўныя навінкі, якія ўбачылі свет у канцы 2018-га.


У прыватнасці, сёлета была завершана фундаментальная праца — трохтомнік «Янка Купала», над якім працавалі агулам больш за 1000 даследчыкаў, літаратуразнаўцаў і супрацоўнікаў выдавецтва. Акрамя таго, выйшаў з друку зборнік «Музеі Беларусі», у якім падрабязна прадстаўлены амаль 200 музейных устаноў нашай краіны — ад нацыянальных да гарадскіх і прыватных: гісторыя стварэння, выгляд звонку і знутры, змест асноўных экспазіцый, кантакты і час работы для наведвальнікаў.
У наступным годзе гэта работа прадоўжыцца і ахопіць народныя школьныя музеі, якіх у Беларусі налічваецца каля 1,5 тысячы.

Адзін з такіх кірункаў — захаванне гістарычнай памяці. Кніга «Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы» на рускай, беларускай і англійскай мовах працягвае серыю «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці» пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны (адкрыла серыю на пачатку гэтага года выданне, прысвечанае Хатыні). Пад вокладкай — гістарычныя звесткі пра вёскі і іх жыхароў, дакументы, архіўныя фотаздымкі і падрабязны расказ пра нацысцкую «фабрыку смерці», якая перамалола ў бязлітасных жорнах сотні тысяч грамадзян Савецкага Саюза, Германіі, Аўстрыі, Чэхіі і іншых краін Еўропы... У планах выдавецтва — аповед у наступных кнігах пра іншыя месцы масавага знішчэння нацыстамі мірнага насельніцтва і лагеры для ваеннапалонных: Навагрудскае і Мінскае гета, Красны Бераг, Масюкоўшчынскі лагер смерці, энцыклапедыя спаленых вёсак Беларусі...

«Пра цывілізаванасць дзяржавы можна меркаваць па розных паказчыках, у тым ліку — па колькасці энцыклапедый, якія даюць поўнае ўяўленне пра культуру, гісторыю і сучаснасць краіны», — адзначыў дырэктар музея старабеларускай культуры НАН Беларусі Барыс Лазука, прадстаўляючы шэраг культуралагічных кніжных навінак. Так, кніга акадэміка НАН Беларусі, дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Аляксандра Лакоткі «Мелодыі і летапіс эпох», дзе ў навукова-папулярнай форме расказваецца пра развіццё беларускай культуры — шляхецкай і сялянскай, гарадской і вясковай, традыцыйнай і сучаснай. А зборнік «Арганы Беларусі» без перабольшання ўнікальны, бо змяшчае ў выдатнай паліграфічнай якасці больш як 600 гадоў гісторыі і апісанне 123 арганаў, якія знаходзяцца ў храмах розных хрысціянскіх канфесій, расказвае пра тэхнічныя характарыстыкі і асаблівасці стварэння інструментаў, пра выдатных кампазітараў і выканаўцаў, а ў дадатак — дыск з арганнай музыкай.

Выклікае цікавасць і чарговая кніга доктара педагагічных навук Ірыны Калачовай «Ад добрага кораня — добры парастак», якая проста, займальна і цікава расказвае пра сямейныя традыцыі беларусаў, прыёмы і метады выхавання, а сучасным бацькам, дзецям і педагогам прапануе таксама практычную частку — тэматычныя гульні і заданні, якія дапамогуць засвоіць атрыманыя ўрокі і працягнуць традыцыі.

Нарэшце, у супрацоўніцтве з Белтэлерадыёкампаніяй выдавецтва падрыхтавала кнігу «Запальвай. Дзіцячае Еўрабачанне» — пра міжнародны конкурс, які зусім нядаўна адбыўся ў Мінску, яго ўдзельнікаў і пераможцаў, у тым ліку і юных артыстаў з нашай краіны.

«Наша задача — рабіць пашпарт краіны, суверэннай Беларусі, адлюстроўваць яе жыццё з розных бакоў», — падкрэсліў дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч, які выказаў спадзяванне, што гэтыя і іншыя выданні знойдуць сваё месца на паліцах бібліятэк і сустрэнуць зацікаўленых чытачоў.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».