Выхаванец міні-футбольнай акадэміі «Сталіца-Юні» Данііл Крывіцкі дэбютаваў за асноўную каманду («Сталіца») у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі ў 15 гадоў і ў сваім першым жа матчы адзначыўся голам. Улетку Данііл займаўся ў кэмпе іспанскага топ-клуба «Інтэр Мовістар», і вось зімой беларус ізноў адправіўся ў шэрагі іспанцаў. З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.
— Данііл, адразу раскажы, чым запомніўся твой дэбют на дарослым узроўні за «Сталіцу», бо ты з'яўляешся адным з самых маладых гульцоў у гісторыі беларускага міні-футбола.
— Мой дэбют на дарослым узроўні адбыўся ў матчы «Сталіцы» супраць МФК «Шчучын». Гульня запомнілася вялікай колькасцю гледачоў (раней пры такой аўдыторыі гуляць не даводзілася) і велізарным хваляваннем. Калі трэнер сказаў рыхтавацца да выхаду на пляцоўку, я быў абсалютна спакойны, але як толькі ўвайшоў у гульню, было такое адчуванне, як быццам выключылі гук.
— Ці застаўся задаволены сваёй гульнёй у тым матчы?
— Быў вельмі задаволены тым, што мне даверылі выхад на пляцоўку і я адчуў на сабе атмасферу дарослай гульні. Што датычыцца матча, то ўсё ж шмат не атрымлівалася з-за хвалявання. А вось у другой гульні ўжо ўсё было больш якасна і без хвалявання, хоць працаваць мне трэба яшчэ вельмі шмат.
— Як цябе прынялі ў дарослай камандзе, хто з гульцоў дапамагаў адаптавацца?
— Прынялі мяне вельмі добра. Усе дапамагаюць, раяць і падказваюць. Але больш за ўсіх мяне апякуе мой першы трэнер па міні-футболе, настаўнік юнацкай каманды «Сталіца», адзін з самых вядомых міні-футбалістаў Беларусі, Аляксандр Міхайлавіч Чэрнік.
— Цяпер да «Інтэра», раскажы, чыя была ініцыятыва адправіцца туды?
— Летась мой бацька пазнаёміўся з кіраўніком дзіцячай акадэміі іспанскага клуба «Інтэр Мовістар». На пытанне пра магчымасць навучання ў акадэміі мне было прапанавана спачатку паўдзельнічаць у летнім кэмпе. У гэтым летнім лагеры праходзяць навучанне ўсе ахвотныя. Трэніроўкі праводзяць трэнеры акадэміі па методыках, якія дзейнічаюць у самім клубе. Па выніках заняткаў у кэмпе мяне адзначылі як аднаго з найлепшых у сваім узросце. Пасля гэтага была дасягнутая дамоўленасць аб маім навучанні і ў акадэміі. Сёлета таксама я прымаў удзел у летнім кэмпе, а зараз прыехаў у акадэмію на два месяцы.
— Як у вас праходзяць трэніроўкі?
— Яны, вядома, адрозніваюцца ад трэніровак «Сталіцы», тут больш увагі аддаецца індывідуальнаму майстэрству футбалістаў, а ў нас адпрацоўваюцца схемы і камбінацыі гульні. Калі іспанскія хлопцы больш тэхнічныя, то ў беларусаў больш развітыя байцоўскія якасці, уменне змагацца ў кожным эпізодзе да канца. Тут я праходжу навучэнне толькі ў міні-футболе. А наогул акадэмія «Інтэр Мовістар» знаходзіцца ў горадзе Алькала-дэ-Энарэс, за 30 кіламетраў ад Мадрыда. Дарэчы, гэта радзіма вядомага іспанскага пісьменніка Мігеля дэ Сервантэса. Горад невялікі, і ўсе адукацыйныя школы ў асноўным на іспанскай мове, а я іспанскую мову пакуль не вывучыў.
— А на якой мове праходзяць трэніроўкі?
— На іспанскай, але шмат хлопцаў ведаюць англійскую і перакладаюць мне ўсе патрабаванні і заданні трэнераў, так што я ўсё разумею і стараюся выконваць без памылак. Не нясе страт і мая школьная адукацыя, у мяне з сабой усе падручнікі. Штодня займаюся. Бацькі патрабуюць выканання ўсіх дамашніх заданняў, якія высылаюць мне аднакласнікі. Па новых тэмах, калі ў мяне ўзнікаюць пытанні, дапамагае разабрацца мой бацька. Па прыездзе буду здаваць залікі. Спадзяюся, што якасць маіх ведаў не пацерпіць, бо праз паўтара года я планую паступаць ва ўніверсітэт, і веды там спатрэбяцца.
— На першы погляд, чым адрозніваецца жыццё ў Іспаніі ад жыцця ў Беларусі і ці адчуваеш ты якія-небудзь складанасці ў новай краіне?
— Складанасцяў адразу не адчуваў ніякіх. Іспанцы вельмі прыязныя да ўсіх. Хлопцы ў акадэміі мяне прынялі вельмі цёпла, ніякіх цяжкасцяў не было. Клімат вельмі прыемны, цёплы. Іспанцы нікуды не спяшаюцца і вельмі любяць адпачываць і весяліцца. На вуліцах такая святочная абстаноўка, што здаецца, у Іспаніі Каляды і Новы год пачынаюць святкаваць з 1 снежня.
— Ты пачынаў займацца футболам, але потым прыйшлося перайсці ў міні-футбол. Чаму і ці складана гэта было?
— Я пачаў займацца футболам з пяці гадоў у ФК «Дынама-Мінск», вельмі падабалася, і ўсё было ўвогуле нядрэнна. Першы трэнер Андрэй Сцяпанавіч Расадкін навучыў мяне азам футбола, самастойнасці, рабоце ў камандзе, я з радасцю хадзіў да яго на трэніроўкі. Затым нашу каманду аддалі іншым трэнерам, якім я не падыходзіў з-за невялікага росту. У той час старэйшы брат гуляў у міні-футбол, МФК «Сталіца» адкрыла дзіцячую акадэмію міні-футбола, і гэты спорт мне падабаўся нават больш, таму я вырашыў паспрабаваць сябе ў ім. Ніякіх праблем з пераходам я не адчуў і да гэтага часу з задавальненнем займаюся міні-футболам.
— Ці ёсць у цябе куміры?
— У міні-футболе мне падабаецца гульня партугальца Рыкардзіньё, вельмі хуткасны і тэхнічны гулец, найлепшы ў свеце. У іншых відах спорту вельмі шмат дастойных спартсменаў, якія прабілі сабе шлях на вяршыню велізарнай працай. Я знаходжуся ў пачатку свайго спартыўнага шляху, але паспрабую зрабіць усё, каб дасягнуць сваіх мэт.
— У якім клубе ты марыш гуляць у будучыні?
— Я пакуль не задумваўся над гэтым. Хочацца пагуляць у моцным чэмпіянаце і ў клубе з добрым калектывам, а ўжо сваімі ўменнямі рабіць гэты клуб пераможцам.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.