Вы тут

Дзе купіць ёлку на Новы год?


Масавы гандаль навагоднімі дрэвамі пачнецца ўжо ў гэтую пятніцу. Сёлета святочныя елкі і хвоі, якія спецыяльна вырашчаны ў лясгасах, можна будзе купіць ва ўсіх рэгіёнах краіны больш чым на тысячы гандлёвых пунктаў, паведаміў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Валянцін Шатраўка.


Усюды і нядорага

«Першыя ёлачныя базары пачнуць працаваць у Мінскай і Брэсцкай абласцях ужо 20 снежня, аднак масавы гандаль у краіне пачнецца на дзень пазней», — сказаў Валянцін Шатраўка ў прэс-цэнтры БелТА. Ёлачныя базары будуць арганізаваны як у сталіцы, так і ў абласных, раённых цэнтрах, іншых населеных пунктах. Акрамя таго, навагоднія дрэвы будуць прадавацца ва ўсіх лясніцтвах Беларусі, якіх налічваецца больш за 800. Сярэдні кошт ёлкі да метра на гандлёвых кірмашах і складах лясгасаў складзе каля васьмі рублёў, ад аднаго да двух — 11 рублёў, ад двух да трох метраў — 15 рублёў. Варта адзначыць, што ў лясніцтвах навагоднія дрэвы можна будзе купіць танней: за 7, 9 і 13 рублёў адпаведна. Кошт ёлкі ў кадцы (вазоне ці скрыні) у залежнасці ад выгляду і памеру будзе вар'іравацца ад 15 да 20 рублёў.

Хопіць усім

Лясгасы Беларусі плануюць рэалізаваць не менш за 150 тысяч навагодніх дрэў. Ёлак і соснаў у кадках будзе выстаўлена на продаж больш за 2,5 тысячы адзінак. Гэта еўрапейская і калючая елка, хвоя звычайная, заходняя туя і ядловец.

Упершыню ў гэтым сезоне па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі ва ўсіх населеных пунктах, колькасць насельніцтва якіх складае больш за 30 тысяч чалавек, пройдзе акцыя «Захавай сімвал свята». Лясгасы і Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр прапануюць беларусам набыць навагоднія дрэвы ў кадках ці скрынях, захаваць іх да вясны (напрыклад, на балконе або дачы) і высадзіць у найбліжэйшым лясніцтве падчас акцыі «Тыдзень лесу». Кожнаму пакупніку такога навагодняга дрэва лясгасы падораць памятку па доглядзе сімвала свята.

«У гэтым годзе ёсць таксама магчымасць выбраць сабе навагодняе дрэва непасрэдна ў лесе. Для гэтага трэба прыехаць у лясніцтва і ў суправаджэнні работніка лясной аховы ссекчы сабе дрэва на навагодняй плантацыі. Кошт будзе яшчэ ніжэйшы, чым пры куплі ў лясніцтве», — дадаў Валянцін Шатраўка.

А парушальнікаў пакараюць

Напярэдадні свят будзе ўзмоцнены рэжым аховы лясоў ад самавольных высечак. Рэйдавыя мерапрыемствы плануецца праводзіць сумесна з супрацоўнікамі Дзяржаўнай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету, Мінпрыроды і іншых кантрольных органаў з 19 снежня. «Акрамя таго, на аўтадарогах краіны плануецца выставіць каля 300 кантрольных пастоў», — сказаў Валянцін Шатраўка.

У сістэме Мінлясгаса налічваецца 637 камер фота- і відэафіксацыі. Яны перыядычна мяняюць сваю дыслакацыю. Камеры працуюць у рэжыме анлайн, імгненна перадаючы здымкі на мабільны тэлефон, што дазваляе дзяржаўнай лясной ахове аператыўна рэагаваць на парушэнні і неадкладна прымаць меры. Фотапасткі могуць доўгі час працаваць у аўтаномным рэжыме, яны надзейна абаронены ад неспрыяльных умоў надвор'я, а раздзяленне камеры дазваляе ідэнтыфікаваць асобы і рэгістрацыйныя нумары аўтамабіляў парушальнікаў. Пра прысутнасць такіх пастак у лесе паведамляецца папераджальнымі знакамі. «Штогод павялічваецца колькасць парушальнікаў, выяўленых з дапамогай сродкаў фотафіксацыі: калі ў 2015 годзе іх было 106, то сёлета — ужо 453», — адзначыў першы намеснік міністра.

Незаконная высечка ў прыродаахоўных, рэкрэацыйна-аздараўленчых і ахоўных лясах цягне накладанне штрафу на фізічную асобу ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь (БВ, на сёння яна складае 24,5 рубля), на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 20 да 200 БВ, на юрыдычную асобу — ад 50 да 300 БВ. У эксплуатацыйных лясах за такія парушэнні чалавек мусіць заплаціць штраф у памеры да 30 базавых велічынь, ІП — ад 10 да 150 БВ, юрасоба — ад 20 да 200 БВ.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.