Вы тут

Як больш эфектыўна рухацца да Мэт устойлівага развіцця?


На пасяджэнні ў Савеце Рэспублікі парламентарыі, прадстаўнікі міністэрстваў і арганізацый абмеркавалі, як больш эфектыўна рухацца да Мэт устойлівага развіцця. Размова ідзе не толькі пра рэкамендацыі, але і пра пэўныя заканадаўчыя акты.


Ала БОДАК, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, гаворачы пра карэкціроўку закона аб абыходжанні з адходамі, адзначыла: «Мы прапануем увесці так званую працэдуру зялёных закупак. І аддаваць прыярытэт прадукцыі, якая была выраблена ў выніку перапрацоўкі адходаў. І мы прапануем таксама знізіць мытную пошліну на ўвоз абсталявання, матэрыялаў, найноўшых тэхналогій, якія якраз і накіраваныя на перапрацоўку другасных рэсурсаў. Для нас вельмі важна не толькі прыняццем канкрэтнага закона забяспечыць дасягненне Мэт устойлівага развіцця, а прыняць праграмныя дакументы, якія б адлюстроўвалі комплексны падыход да іх дасягнення».

Генадзь ТРУБІЛА, першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі, расказаў падрабязней аб праграмах «Чыстая вада» і «Абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі (ЦКА)»: «Задача стаіць да 2020 года забяспечыць якаснай пітной вадой насельніцтва, у якога ўжо існуюць трубаправоды і водазабеспячэнне. І да 2025 года — поўнасцю ўсё насельніцтва. Для гэтага нам неабходна за два гады пабудаваць каля 500 станцый абезжалезвання вады». Што датычыцца ЦКА, то мэта стаіць да 2025 года атрымаць каля 25 % другасных матэрыяльных рэсурсаў з цвёрдых камунальных адходаў.

Іаана КАЗАНА-ВІШНЯВЕЦКІ, пастаянны каардынатар ААН, пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі, падкрэсліла, што наша краіна адрозніваецца на фоне іншых: «У тым сэнсе, што тут сістэма каардынацыі работы па Мэтах устойлівага развіцця вельмі добра ўжо пабудавана. Зараз неабходна нам напоўніць гэту сістэму каардынацыі канкрэтнымі праектамі і рухам наперад, звязаць з парадкам-2030. Развіваем праекты, якія накіраваны на ўстойлівае развіццё ўвогуле, але і з прынцыпам, каб нікога не пакінуць убаку, каб звяртаць увагу на ўразлівыя катэгорыі. Гэта могуць быць людзі з інваліднасцю, тыя, хто не мае доступу да нейкіх паслуг ці магчымасцяў, напрыклад уладкавацца на працу». Гэта дастаткова складаныя праекты, у якіх важны партнёрскія адносіны, у тым ліку паміж рознымі галінамі і ўзроўнямі ўлады, недзяржаўнымі арганізацыямі, прыватным бізнесам, каб усе разам глядзелі, што яшчэ палепшыць для канкрэтных людзей.

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.