Вы тут

Спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Васіля Маргелава


27 снежня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння актыўнага ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза, стваральніка сучасных паветрана-дэсантных войскаў генерала арміі Васіля Піліпавіча Маргелава.


Ён нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і рабочага-металурга. Радзіма бацькоў Васіля Піліпавіча — Магілёўская губерня. У пошуках лепшай долі сям'я Маргелавых пераехала ў Екацярынаслаў, але ў пачатку 1914 года вярнулася на радзіму. Пасля заканчэння шасці класаў пачатковай школы ў Касцюковічах Васіль пачаў сваю працоўную дзейнасць. Ён змяніў мноства рабочых прафесій, працаваў таксама лесніком, старшынёй рабочкама леспрамгаса ў Касцюковічах. Па камсамольскай пуцёўцы на працягу трох гадоў працаваў на шахце ў Данбасе.

У дакументальнай кнізе сына Васіля Піліпавіча Героя Расіі Аляксандра Маргелава «Дэсантнік № 1 генерал арміі Маргелаў» прыводзяцца словы легендарнага генерала: «Той, хто ні разу не пакідаў самалёт, адкуль гарады і вёскі здаюцца цацачнымі, хто ні разу не адчуваў радасці і страху свабоднага падзення, свіст у вушах, струмень ветру, які б'е ў грудзі, той ніколі не зразумее гонару і гордасці дэсантніка».

У Чырвоную Армію Маргелаў быў прызваны ў 1928 годзе. З верасня 1928 да красавіка 1931 года навучаўся ў Мінску ў Аб'яднанай беларускай ваеннай школе. Пасля яе заканчэння пачалася афіцэрская служба Маргелава ў Беларускай ваеннай акрузе: камандзірам кулямётнага ўзвода 99-га стралковага палка 33-й стралковай дывізіі ў Магілёве, камандзірам узвода, камандзірам кулямётнай роты ў Мінскім ваенным пяхотным вучылішчы. У якасці камандзіра батальёна, начальніка аддзела разведкі штаба 8-й стралковай дывізіі імя Ф. Э. Дзяржынскага капітан Маргелаў у верасні 1939 годзе ўдзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходняй Беларусі. Тут ён атрымаў першае баявое хрышчэнне, выканаўшы асобае заданне разведупраўлення Беларускага фронту здабыць у немцаў сакрэтны процівагаз. Падчас аперацыі быў паранены, шрам жа на левай шчацэ застаўся памяццю пра тыя дні на ўсё жыццё...

У гады савецка-фінляндскай вайны ў 1939—1940-м Маргелаў — камандзір асобнага разведвальнага лыжнага батальёна 596-га стралковага палка 122-й стралковай дывізіі 24-га стралковага корпуса 4-й арміі Беларускага фронту. Яго батальён здзяйсняў дзёрзкія рэйды па тылах праціўніка, ладзіў засады, наносячы саперніку вялікія страты. Падчас аднаго з іх Васіль Піліпавіч узяў у палон афіцэраў Генеральнага штаба нейтральнай Швецыі. Пасля заканчэння савецка-фінляндскай вайны маёра Маргелава прызначаюць памочнікам камандзіра таго ж палка па страявой частцы. З кастрычніка 1940 года ён камандзір 15-га асобнага дысцыплінарнага батальёна Ленінградскай ваеннай акругі. На гэтай пасадзе і сустрэў Вялікую Айчынную вайну на Ленінградскім фронце. Вопыт лыжных рэйдаў па варожых тылах успомнілі ў канцы восені 1941 года ў абложаным Ленінградзе. Маргелаву даручылі ўзначаліць сфарміраваны з добраахвотнікаў 1-ы Асобы лыжны полк маракоў Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту. Шмат слаўных подзвігаў здзейснілі маракі-лыжнікі пад яго кіраўніцтвам. Марпехі, пераканаўшыся ў найвышэйшым узроўні ваеннай падрыхтоўкі, у вельмі багатым баявым вопыце камандзіра, безагаворачна палічылі яго сваім. І ў знак асаблівай прыхільнасці звярталіся да яго па-флоцку: «таварыш капітан 3-га рангу». Пад Ленінградам у канцы грознага 1941 года Маргелаў сустрэўся з ваенурачом Ганнай Куракінай, з якой прайшоў усю суровую дарогу Вялікай Айчыннай вайны і не расставаўся да канца жыцця. Разам яны выгадавалі і выхавалі пяцярых сыноў, якіх Васіль Піліпавіч любоўна называў «мае гвардзейцы».

Пасля цяжкага ранення і лячэння ў шпіталі Маргелаў атрымаў прызначэнне на пасаду камандзіра стралковага палка 54-й арміі Ленінградскага фронту. Полк працягваў весці актыўныя баявыя дзеянні на Ленінградскім фронце, а затым на Волхаўскім.

З лістапада 1942-га гвардыі падпалкоўнік Маргелаў — на Сталінградскім фронце. Далейшы баявы шлях Васіля Піліпавіча і яго часцей пралёг ужо на захад. Пасля Маргелаў ваяваў на Паўднёвым фронце намеснікам камандзіра 3-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Злучэнне прайшло баявы шлях у кірунку Растова-на-Доне, удзельнічала ў прарыве непрыступнага «Міус-фронту», вызваленні Данбаса. У сакавіку 1944-га яго дывізія з ходу фарсіравала Дняпро і за некалькі гадзін авалодала Херсонам, а праз тыдзень камандзіру дывізіі палкоўніку Васілю Маргелаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Воіны 49-й гвардзейскай Херсонскай стралковай дывізіі прынеслі свабоду жыхарам Нікалаева, Адэсы, вызначыліся падчас Яска-Кішынёўскай аперацыі, увайшлі ў Румынію, Балгарыю, паспяхова ваявалі ў Югаславіі, бралі Будапешт і Вену. 13 падзяк ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага заслужыла 49-я гвардзейская Херсонская Чырванасцяжная ордэна Суворава стралковая дывізія — дывізія Маргелава!

Падчас Параду Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года баявы генерал узначаліў адзін з батальёнаў зводнага палка 2-га Украінскага фронту. Пасля заканчэння вайны Маргелаў скончыў Ваенную акадэмію. У выпускной атэстацыі адзначалася: «Тав. Маргелаў — дысцыплінаваны, валявы, рашучы і ў страявых адносінах добра падрыхтаваны генерал».

З 1948 года пачалася служба ў паветрана-дэсантных войсках — камандзірам 76-й гвардзейскай Чарнігаўскай дывізіі ў Пскове, камандзірам 37-га гвардзейскага Свірскага корпуса. Чвэрць стагоддзя — з 1954-га да 1979-га — генерал Маргелаў камандаваў паветрана-дэсантнымі войскамі, ператварыўшы іх у грозную ўдарную сілу, якая не ведала сабе роўных. Яго дэвіз: «Збілі з ног — змагайся на каленях. Не можаш устаць — лежачы наступай!» Менавіта Васіль Піліпавіч дабіўся, каб дэсантнікі насілі цяльняшкі і блакітныя берэты. Паводле сведчання былога начальніка Генеральнага штаба Маршала Савецкага Саюза Віктара Кулікова, Маргелава любілі не толькі ў ПДВ, але і ва ўсіх Узброеных Сілах. Любілі за мужнасць, асабістую адвагу, наватарскі падыход да справы. Дзецішча «дэсантніка № 1» і па сёння з любасцю называюць «Войскі дзядзькі Васі».

5 студзеня 1973 года ўпершыню ў сусветнай гісторыі каля Тулы была скінута БМД-1 на парашутна-платформенных сродках з дэсантнікамі ўнутры машыны. Экіпаж «Кентаўра» — камандзір падпалкоўнік Леанід Зуеў і наводчык-аператар старшы лейтэнант Аляксандр Маргелаў. Адправіўшы сына на гэты смяротна небяспечны эксперымент, камандуючы добра разумеў усю ступень рызыкі, дабрасловіў яго на рызыкоўны скачок, а пісталет зарадзіў адным баявым патронам — для сябе. Пасля ўдалага прызямлення генерал абняў сына і сказаў: «Не пасароміў, малайчына!»

Цесныя сувязі пастаянна звязвалі Васіля Маргелава з роднай Беларуссю. У сакавіку 1970-га на заснежаных палях Беларусі праведзена буйное агульнавайсковае вучэнне «Дзвіна». Тады ўсяго за 22 хвіліны 280 самалётаў Ан-12 і 4 самалёты Ан-22 за адзін вылет дэсантавалі восем тысяч дэсантнікаў і 152 адзінкі баявой тэхнікі!

У лютым 1978 года ў Беларусі адбыліся агульнавайсковыя вучэнні «Бярэзіна», дзе ад ПДВ удзельнічаў парашутна-дэсантны полк Віцебскай 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі. На вучэннях упершыню цэлая дэсантная часць дэсантавалася ў поўным складзе з тэхнікай і ўзбраеннем з самалёта Іл-76. Асабліва сяброўскія адносіны склаліся ў Васіля Маргелава з першым сакратаром ЦК КП Беларусі Пятром Машэравым, які часта бываў у дэсантнікаў, што дыслацыраваліся на тэрыторыі БССР, усяляк дапамагаў ім.

Васіль Маргелаў — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, кандыдат ваенных навук, кавалер больш як 60 савецкіх і замежных ордэнаў і медалёў. Памяць пра легендарнага генерала свята захоўваецца ў памяці нашчадкаў. Ён залічаны Ганаровым салдатам у спісы 76-й Пскоўскай дывізіі ПДВ, заснаваны ведамасны медаль Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі «Генерал арміі Маргелаў». У многіх гарадах былога СССР усталявана каля двух дзясяткаў помнікаў, ёсць вуліцы, школы, названыя ў гонар Маргелава. Помнікі Дэсантніку № 1 ёсць таксама ў Мінску, Брэсце і на малой радзіме генерала — у Касцюковічах. Імя Маргелава носяць Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча і кафедра ПДВ Агульнавайсковай акадэміі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. Аб легендарным дэсантніку напісаны кнігі, у тым ліку серыі «Жыццё выдатных людзей», ансамблем ПДВ «Голубые береты» складзена некалькі песень. У 2008 годзе рэжысёрам Алегам Штромам зняты васьмісерыйны серыял «Дэсантны Баця», галоўную ролю ў якім сыграў савецкі акцёр Міхаіл Жыгалаў.

Многія пакаленні крылатых гвардзейцаў-дэсантнікаў, для якіх на ўсе часы сталі дэвізам словы генерала арміі Васіля Маргелава «Ніхто, акрамя нас!», выраслі на яго прыкладзе самаахвярнага служэння Айчыне.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

Загаловак у газеце: Дэсантнік нумар адзін

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.