Вы тут

На Гродзеншчыне рэзідэнцыі Дзеда Мароза з'явіліся амаль у кожным раёне


Не ўсе маюць магчымасць паехаць у Белавежскую пушчу, а дзеці (ды і дарослыя таксама) хочуць цудаў і сустрэчы з Дзедам Марозам. Таму ўпраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама было прапанавана пашырыць адрасы зімовага чараўніка. Іх зараз налічваецца шаснаццаць. Важны аргумент на карысць мясцовых рэзідэнцый — актывізацыя зімовага сямейнага адпачынку, магчымасць цікава правесці час бацькам з дзецьмі. Тым больш што навагоднія святы — працяглы адрэзак часу, які ахоплівае школьныя канікулы.


Агульная справа

Падрыхтоўкай рэзідэнцый заняты розныя службы: гэта і работнікі культуры, і камунальнікі, і лясная гаспадарка. Задзейнічаны летнікі, цэнтры рамёстваў, экалагічныя цэнтры, лясгасы. З гэтага выцякаюць і асаблівасці ў арганізацыі кожнай такой рэзідэнцыі.

Што датычыцца фінансавага і матэрыяльнага забеспячэння, напрыклад касцюмаў, транспарту, ялінак, упрыгажэнняў ды іншага, аб гэтым клапоцяцца непасрэдна мясцовыя ўлады і аддзелы культуры. Падрыхтоўка да Новага года — адна з частак бюджэтнага артыкула.

У гэтым годзе такіх адрасоў прыбавілася. Рэзідэнцыя Дзеда Мароза працуе амаль што ў кожным раёне. Усяго іх шаснаццаць, і гэта значна больш, чым у мінулым годзе. Мясцовыя ўлады ахвотна ідуць насустрач у стварэнні такога казачнага асяроддзя, бо ўсе разумеюць, наколькі гэта важна для арганізацыі дзіцячага адпачынку. Ёсць прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства, у Ашмянскім раёне такая рэзідэнцыя створана на базе аграсядзібы.

Запатрабаванасць гэтых рэзідэнцый будзе залежаць ад некалькіх складнікаў, — удакладняе начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена КЛІМОВІЧ. — Па-першае — іх рэклама, наколькі якасна і крэатыўна яна будзе зроблена. Не менш важны фактар — якасць мерапрыемстваў. Людзі самі будуць перадаваць іншым, калі гэта сапраўды цікавае відовішча. Так што ўсе будуць старацца зрабіць сваю рэзідэнцыю больш цікавай. Калі дзесьці такая рэзідэнцыя аказалася не вельмі запатрабаванай, гэта будзе аналізавацца пасля свят.

Незвычайны сваяк

Зімнік — не звычайны Дзед Мароз. Ён выглядае больш дэмакратычна і нагадвае простага селяніна. Носіць футра да калень, высокія валёнкі і трымае ў руках драўляны кій. Праўда, як і Дзед Мароз, мае пушыстую белую бараду. Суправаджае яго не дзяўчынка-Снягурка, а блакітнавокая прыгажуня Завіруха, а таксама яшчэ каля дваццаці казачных персанажаў. Усе яны — члены народнага тэатра «Зялёны фургон» пры Іўеўскім цэнтры культуры і адпачынку. Намеснік дырэктара ўстановы Наталля МУДРЫК расказала, што такая мясцовая рэзідэнцыя — адна з першых не толькі ў рэгіёне, але і ў рэспубліцы. Для Зімніка і Завірухі ў лесе пабудаваны цэлы казачны гарадок з некалькімі анімацыйнымі пляцоўкамі.

Квэст па чароўнай снежнай сцежцы з казачнымі персанажамі абыдзецца ў 10 рублёў, а з падарункам — у 15.

Быў летнік — стаў зімнік...

У Лідскай рэзідэнцыі гасцей прымаюць толькі другі год, але збіраюцца працаваць штодзень, прычым даюць па некалькі прадстаўленняў. Адкрылася сядзіба Дзеда Мароза ў Лідскім раёне падчас старту дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Яна размешчана на тэрыторыі аздараўленчага летніка. Наведвальнікі сочаць за прыгодамі казачных персанажаў, удзельнічаюць у конкурсах, а затым іх частуюць блінамі ды гарачай гарбатай. Абавязковы пункт праграмы — фота на памяць. Таксама можна набыць сувенір мясцовых майстроў. Па словах дырэктара лагера Аліны КАРГІНОЙ, многія бацькі задаволены, што не трэба везці дзяцей далёка па навагодні цуд. Цуды можна знайсці ў сваім раёне. Рэзідэнцыя будзе працаваць у выхадныя і святочныя дні, кошт білета сімвалічны — 5 рублёў. Дарэчы, ужо некалькі летнікаў пайшлі па гэтым шляху і стараюцца задзейнічаць свае плошчы ў зімовы перыяд.

Пачала працаваць рэзідэнцыя Дзеда Мароза і Снягуркі каля возера Свіцязь, што ў Навагрудскім раёне. Тут наведвальнікаў, а гэта ў першую чаргу дзеці, — чакае сустрэча з усімі 12 месяцамі. Адсюль ніхто не выйдзе з пустымі рукамі: майстры-рамеснікі правядуць майстар-клас. Што зробіш — тое і тваё. А хто не ўпэўнены ў сваіх сілах, можа набыць самабытную рэч прафесіных майстроў. У рэзідэнцыю на Свіцязі можна завітаць кожную суботу і нядзелю. Дарэчы, усе яны будуць працаваць на працягу зімовых школьных канікул.

У Ваўкавыску Дзед Мароз «прапісаўся» ў раённым Доме рамёстваў. У цудоўную драўляную хатку працягваюць паступаць пісьмы ад дзяцей, якія чытае, вядома ж, сам гаспадар. Навагоднюю ёлку не трэба прывозіць здалёк: зялёная прыгажуня 50 метраў вышынёй расце якраз непадалёку. Яе і ўпрыгожылі па-святочнаму.

Ён «разбудзіў» Аўгустоўскі канал

Галоўны ж гродзенскі чараўнік пачне сваю работу з 21 снежня. Яго штаб-кватэра вось ужо некалькі гадоў знаходзіцца на Аўгустоўскім канале. А сёлета тут з'явіцца новы казачны персанаж — Цмок, які лічыцца ахоўнікам воднага царства. Ён правядзе прысутных па Сцежцы часу да вялікага гадзінніка — галоўнай фотазоны вандроўкі. Наведвальнікі сядзібы змогуць зрабіць здымкі і на троне Дзеда Мароза ў яго рэзідэнцыі — былым будынку наглядчыка канала. Доміку больш за сто гадоў, у ім дзейнічае экспазіцыя гісторыі канала старога гідратэхнічнага збудавання. Летась падчас навагодніх і калядных свят тут пабывала каля 2,5 тысячы чалавек. Прычым большая частка — у рамках дабрачынных акцый.

— Гэтую традыцыю мы будзем працягваць і сёлета, — кажа начальнік аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Наталля РАМАНОВІЧ. — Разам з тым хочам задзейнічаць і турыстычныя группы, у тым ліку бязвізавых турыстаў. Для ўсіх, хто пажадае і дасць заяўку, Дзед Мароз будзе сустракаць наведвальнікаў не толькі па выхадных, але і ў будныя дні. Тут могуць выканаць заяўкі з фолк-шоу-праграмай і дэгустацыяй страў беларускай кухні. Для гэтага задзейнічаны фальклорны гурт «Жывіца» і гаспадыні з Сапоцкіна і Адэльска. Думаю, гэта «ажывіць» канал у зімовы перыяд, калі яго папулярнасць зніжаецца.

У тэму

За мінулыя выхадныя Гродна наведала амаль 1300 бязвізавых замежнікаў, якія прыехалі ў горад спецыяльна, каб акунуцца ў перадкалядную і навагоднюю атмасферу старажытнага горада і прыняць удзел у карнавальным шэсці Дзядоў Марозаў і Снягурак. З кожным годам гэта падзея становіцца ўсё больш яскравай. Напрыклад, сёлета карнавальны парад узначаліў святочны бескантактны тралейбус з калонай рэтра-аўтамабіляў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Дзед Мароз тыражуецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.