«Хочаш запусціць спадарожнік, арбітальную станцыю? Засяліць Месяц і Марс? Здабываць рэсурсы на астэроідзе? А можа, проста прыляцець на іншую планету на кактэйль? Спачатку пацікаўся касмічным правам і даведайся, ці можна гэта рабіць!» — гаворыць магістрант факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Дар'я Богдан. Сёлета яна з дапамогай выкладчыцы Кацярыны Кузняцовай сабрала каманду для ўдзелу ў самых прэстыжных студэнцкіх спаборніцтвах. Пісьмовая пазіцыя (мемарыял) прадстаўнікоў Беларусі ў Міжнародным конкурсе па касмічным праве імя Манфрэда Лахса, што прайшоў у нямецкім Брэмене ў рамках Міжнароднага кангрэса астранаўтыкі, стала найлепшай у свеце!
Калі па-простаму, міжнароднае касмічнае права — гэта звод правіл для дзяржаў і міжнародных арганізацый па вядзенні імі дзейнасці ў космасе. Яно, у прыватнасці, грунтуецца на дагаворах, нацыянальных заканадаўчых актах і каментарыях да іх.
Дар'я Богдан пачала цікавіцца касмічным правам яшчэ падчас вучобы на першым курсе, калі даведалася пра муткорты — конкурсы вучэбных судовых мадэляваных працэсаў. Пазней прыйшла ідэя стварыць сваю каманду для ўдзелу ў конкурсе.
— Добрая каманда — больш чым палова поспеху, — лічыць Дар'я. — Сабраць яе было няпроста, але ў нас усё атрымалася. Хаця, па шчырасці, у гэтую авантуру мала хто верыў. Выкладчыца Кацярына Уладзіміраўна Кузняцова пагадзілася быць трэнерам. Потым падцягнуліся астатнія: чацвёртакурсніца Алена Лаўрэнава і асістэнт трэнера Таццяна Зінякова.
Спачатку дзяўчаты перамаглі ў Еўрапейскім раўндзе, а затым прадставілі Еўропу ў сусветным фінале. Умовы конкурсу былі найскладанейшыя. Двум удзельнікам трэба напісаць пазіцыю за істца і адказчыка (мемарыял) на тую ці іншую тэму аб'ёмам у дзевяць тысяч слоў. А пасля выступіць з ёю ў фармаце пятнаццаці-сямнаццаці хвілін. І ўсё гэта — па-англійску! Таму пра падрыхтоўку і ўдзел у конкурсе дзяўчаты шчыра кажуць: было доўга і пакутліва.
— Калі знаёмішся з тэкстамі міжнародных дагавораў у касмічнай сферы, то разумееш, што яны не даюць вычарпальных адказаў на ўсе пытанні, — тлумачыць Дар'я Богдан. — Даводзіцца падключаць сваю крэатыўнасць і будаваць аргументацыю з яе дапамогай. Але суддзі могуць задаць любыя пытанні.
...Нягледзячы на недахоп часу, на тое, што прыходзілася ахвяраваць забавамі, выхаднымі і нават сном, успаміны ў каманды і пра трэніроўкі, і пра ўдзел у конкурсе — самыя пазітыўныя. За гэты перыяд кафедра міжнароднага права стала для дзяўчат і іх трэнераў другім домам. Тут па вечарах яны пісалі мемарыял, трэніравалі вусную частку, спрачаліся пра выбар аргументаў, «выратоўвалі» свет ад перанасялення і голаду. У іх была неверагодная матывацыя не проста паўдзельнічаць, а дасягнуць пэўнага выніку.
— Калі ёсць мэта і жаданне — знаходзяцца і сілы! — па-філасофску ставіцца да цяжкасцяў Дар'я. — Спачатку адкрываецца другое дыханне, а там і трэцяе... Я веру, што конкурс паспрыяе вырашэнню глабальных праблем чалавецтва. Касмічная супольнасць вельмі зацікаўлена ў «голасе маладых», іх актыўнай пазіцыі.
...Пасля вяртання са спаборніцтваў Дар'я Богдан прыдумала стварыць Школу па міжнародным касмічным праве як праект Кансультатыўнага савета касмічнага пакалення Беларусі.
— Зарэгістравалася 48 удзельнікаў, — расказвае яна, — у тым ліку і тыя, хто не валодае ведамі ў сферы права. Менавіта таму мы пачалі з уводзін у міжнароднае права. Астатнія тры заняткі школы былі прысвечаны найбольш актуальным пытанням у касмічным праве: здабычы касмічных рэсурсаў, мірнаму выкарыстанню касмічнай прасторы, адказнасці за касмічную дзейнасць і шкоду, прычыненую касмічнымі аб'ектамі. Таксама правялі дзве skype-сесіі з запрошанымі лектарамі. Адну — з Кацярынай Далдырынай, кандыдатам юрыдычных навук, юрыстам кампаніі D-Orbіt, па пытаннях камерцыялізацыі касмічнай дзейнасці. Другую — па пытаннях выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах і перспектывах стварэння касмічных войскаў, — з Майклам Фрыдлам, трэнерам каманды на конкурс імя М. Лахса ад універсітэта Вены. Лектарам у школе выступіла і калега Дашы па конкурсе Алена Лаўрэнава.
...Цікава, што да самога космасу дзяўчаты ставяцца па-рознаму. Дар'я спадзяецца паляцець да зор, калі ўмовы ў касмічнай прасторы стануць больш камфортнымі. А Алену больш цікавяць прававыя аспекты касмічнай дзейнасці. Хаця адзін яе знаёмы астранаўт неяк жартам заўважыў, што яна не здолее па-сапраўднаму займацца касмічным правам, не пабываўшы ў космасе.
Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.