Вы тут

Як зменяцца правы спажыўцоў


Змяненні ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» уступаюць у сілу з 23 снежня. У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю расказалі, пры якіх умовах можна будзе вяртаць тавары, ці варта разлічваць на рэшту з падарункавых сертыфікатаў і як змагацца з навязлівым сэрвісам.


Шрыфт нармальнага памеру

З улікам прапаноў спажыўцоў, у апісанні тавару будзе ўказвацца інфармацыя аб краіне паходжання (калі яна не супадае з адрасам вытворцы) і класе энергаэфектыўнасці (напрыклад, у маркіроўцы халадзільнікаў, пральных машын). Прадаўцы, якія рэалізуюць тавары дыстанцыйна праз рэкламу ці іншыя крыніцы (у тым ліку праз інтэрнэт), мусяць указваць цану шрыфтам, не меншым па памеры за палову найбольшага шрыфту ў апісанні.

Замацавалі права пакупніка разлічвацца гатоўкай ці ў безнаяўнай форме. Пры гэтым цана ў залежнасці ад формы аплаты не павінна адрознівацца.

Прадаўцу забаронена патрабаваць у вас пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу, пры вяртанні вам грошай. Спажывец зможа таксама адмаўляцца ад дагавора аб выканні работ (паслуг) у аднабаковым парадку — пры ўмове аплаты выканаўцу фактычна панесеных выдаткаў.

Некаторыя нормы з'явіліся з улікам прапаноў бізнесу. Так, замяніць ці вярнуць тэхнічна складаныя і дарагія тавары праз 30 дзён пасля пакупкі і пазней можна будзе толькі ў двух выпадках: калі ёсць істотны недахоп ці прадавец парушыў тэрміны бясплатнага рамонту. А якасны тавар неабходна будзе вяртаць ва ўпакоўцы, у якой вы яго набылі.

Тэрмін гарантыйнага рамонту можа быць павялічаны з 14 да 30 дзён, але толькі з пісьмовай згоды спажыўца. Калі праз два месяцы пасля экспертызы ці бясплатнага рамонту вы так і не прыйшлі па сваю рэч (без уважлівай прычыны), з вас маюць права спагнаць выдаткі за яе захоўванне.

Тавары ў падарунак

Крамы (у тым ліку інтэрнэт-гандляры) павінны будуць паведамляць пра змены ў рэжыме работы не пазней, чым за пяць дзён. Гэта прадугледжана праектам пастановы, распрацаваным міністэрствам. Калі работа прыпынілася па прадпісанні кантрольных органаў ці з тэхнічных прычын, якія не залежаць ад прадаўца (стаў працякаць дах, напрыклад), праінфармаваць пакупнікоў трэба неадкладна — аб'явай на самой краме ці на сайце.

На разглядзе ва ўрадзе цяпер знаходзіцца праект палажэння аб рэалізацыі тавараў, работ і паслуг па падарункавых сертыфікатах.

— Да сёння гэта пытанне амаль не рэгулявалася, на практыцы ўзнікала шмат спрэчных момантаў, — пакрэсліла начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай МАРГ Іна ГАЎРЫЛЬЧЫК у прэс-цэнтры БелТА. — На жаль, мы сутыкаліся з выпадкамі, калі па рашэнні прадаўца быў зменены тэрмін дзеяння сертыфіката, хоць у самім дакуменце нічога не было ўказана.

Новыя правілы ўлічваюць такія моманты: крамы не будуць мець права ўстанаўліваць умовы, якія скарачаюць перыяд дзеяння сертыфіката ці патрабуюць дадатковых дзеянняў для яго рэалізацыі.

Раней міністэрства анансавала, што падарункавы дакумент можна будзе здаць і вярнуць грошы ці атрымаць рэшту, калі яго намінальны кошт большы за суму тавараў, якія хочаш набыць. Але гэтыя нормы ў выніку не ўключылі ў палажэнне. Адзінае — прадаўцоў абавяжуць забяспечваць шырокі асартымент, каб пакупніку было на што патраціць сертыфікат.

— У спажыўца ёсць альтэрнатыва — падарыць грошы або сертыфікат. Таму тройчы падумайце, што лепш выбраць, — дадае Ірына БАРЫШНІКАВА, намеснік начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай МАРГ.

Не плаціце шантажыстам

Што будзе з прадаўцамі, якія зазываюць на прэзентацыі каструль і пасцельнай бялізны? Асобнай нормы для іх у абноўленым законе не прапісана. Абараніць ад навязлівага сэрвісу пакупнік мусіць сябе сам.

— Не трэба адчуваць сябе абавязаным набыць тавар, нават калі вам на прэзентацыі ўручылі падарунак, — кажа Іна Гаўрыльчык. — Асабліва звяртаем увагу пажылых людзей: абавязкова парайцеся з дзецьмі, суседзямі. Не купляйце адразу. Трэба сувымяраць свае даходы: ці зможаце вы кожны месяц выплачваць у растэрміноўку істотную суму? Рэкамендуем як мага больш інфармацыі даведацца аб прадаўцу і тавары. Трывожны званок — калі вам гэтыя звесткі не даюць. Неабходна не толькі слухаць прадаўца, але і чытаць, што на ўпакоўцы. Калі інфармацыя ёсць толькі на англійскай мове, лічыцца, што яна не даведзена да пакупніка — патрабуйце на рускай ці беларускай.

Што да камерцыйных структур, якія пад выглядам таварыстваў абароны правоў спажыўцоў шантажыруюць прадаўцоў, то зменаў у рэгуляванні іх дзейнасці таксама не прадугледжана.

— Гэтыя арганізацыі зарэгістраваныя як юрыдычныя асобы, што ажыццяўляюць адукацыйныя паслугі. Яны ходзяць па крамах, праводзяць праверкі, запалохваюць і прымушаюць адпраўляць супрацоўнікаў на курсы. Дзейнасць гэта прыбытковая, таму такіх фірмаў хапае: пару гадоў таму мы налічылі іх больш за 20, — каментуюць у міністэрстве. — Адзіная рэкамендацыя прадаўцам — не плаціць вымагальнікам. Не парушайце закон, тады і не будзе падстаў вас шантажыраваць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Грошы за сертыфікаты вяртаць не будуць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?