Вы тут

Замежнікам могуць дазволіць прылятаць па бязвізе праз Брэст і Гродна


Замежнікам могуць дазволіць прылятаць у нашу краіну па бязвізе праз аэрапорты Брэста і Гродна.

Таксама магчыма аб'яднанне бязвізавых зон Брэсцкага і Гродзенскага рэгіёнаў. Пра гэта ішла размова ў Палаце прадстаўнікоў на круглым стале: «Беларускі турызм: тэндэнцыі і перспектывы».


Абмеркаванне арганізавала Пастаянная камісія па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы. За круглым сталом сабраліся парламентарыі, прадстаўнікі міністэрства спорту і турызму, выканаўчых органаў улады, дзелавых колаў, навуковай суполкі і грамадскіх арганізацый.

Старшыня Пастаяннай камісіі Людміла Макарына-Кібак адной з мэт сустрэчы назвала вызначэнне праблемных пытанняў у турыстычнай сферы, якія патрабуюць дадатковага прававога рэгулявання. «Гэта асабліва актуальна зараз у сувязі з мяркуемай карэкціроўкай закона Рэспублікі Беларусь «Аб турызме», — сказала яна.

Штуршком для больш актыўнага абмеркавання праблем у турыстычнай сферы стала і сітуацыя, якая здарылася ў сёлетні сезон з расійскай кампаніяй «Наталі Турс». У Беларусі прадалі каля 400 тураў, якія былі ануляваныя ў сувязі з неплацежаздольнасцю кампаніі. Профільныя міністэрствы Расіі і Беларусі працуюць над тым, каб вярнуць сродкі людзям, паведаміў на круглым стале намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной, аднак гэта складаны працэс.

Банкруцтва «Наталі Турс» стала нагодай для досыць гарачага абмеркавання пытанняў страхоўкі ад падобных абставін. Ці абавязваць страхаваць рызыку ўзаемаадносін турагента і тураператара з пастаўшчыкамі турыстычных паслуг (перавозка, размяшчэнне, харчаванне, экскурсіі і інш.)? Хто будзе несці расходы па страхаванні: турыст ці турыстычнае агенцтва? У гэтай сувязі ўзнікае неабходнасць размежавання адказнасці турагентаў і тураператараў. Турагенты прадаюць туры, якія ствараюць тураператары.

— Тураператар павінен мець магчымасць адказаць па сваіх абавязацельствах, турагент павінен быць кампетэнтны, турыст — абаронены, а нацыянальныя інтарэсы — размежаваны з замежнымі. Гэта асноўныя прынцыпы, якія павінны быць замацаваны ў заканадаўстве, — лічыць старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп ГУЛЫ.

Аднак не менш важная тэма для Беларусі — уязны турызм, асабліва напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў. Ды і самы час падрыхтавацца да новага турыстычнага сезона.

Пакуль уязны турызм у нас развіты недастаткова, паведаміў Міхаіл Партной. «У сусветным рэйтынгу краіна займае 96-е месца па развіцці турыстычнага бізнесу сярод 186, — сказаў ён. — У асноўным да нас прыязджаюць з краін Балтыі, Расіі і Польшчы».

Па звестках Дзяржпагранкамітэта, за 9 месяцаў 2018 года ў Беларусі пабывала больш за 3,6 мільёна замежнікаў, гэта амаль на паўмільёна больш, чым за ўвесь мінулы год. Сярэдняя працягласць знаходжання арганізаваных турыстаў у краіне — каля чатырох дзён. Экспарт турыстычных паслуг за студзень — верасень сёлета склаў каля 171 мільёна долараў.

— Амаль 179 тысяч чалавек наведалі нашу краіну па бязвізавым рэжыме праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, — дадаў Міхаіл Партной. — Бязвізавы рэжым робіць нашу краіну больш прывабнай для замежнікаў.

У Міністэрстве замежных спраў згодныя з такой высновай і спадзяюцца, што на працягу 2018—2019 гадоў будуць унесены змяненні ва Указ № 8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян», якія дазволяць іншаземцам прылятаць у Беларусь па бязвізе праз аэрапорты Брэста і Гродна, а таксама праз Расію. Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення, начальнік упраўлення аналізу, планавання візавай і тарыфнай палітыкі Міністэрства замежных спраў Алякандр ГАНЕВІЧ.

Што датычыцца дазволу на ўезд па 30-дзённым бязвізе праз усе пункты пропуску, то да гэтага пытання магчыма вярнуцца толькі пасля таго, як запрацуе пагадненне па ўзаемным прызнанні віз з Расіяй. На сённяшні дзень парадак бязвізавага руху праз аэрапорт не распаўсюджваецца на іншаземцаў, якія прылятаюць у Беларусь авіярэйсамі з Расіі, а таксама на замежнікаў, якія плануюць вылецець з Беларусі ў расійскія аэрапорты. Бо гэтыя рэйсы лічацца ўнутранымі і пагранічны кантроль на іх не распаўсюджваецца.

— Праблема ў магчымасцях нашага Нацыянальнага аэрапорта, — растлумачыў Аляксандр Ганевіч. — Неабходна арганізаваць пункты пагранкантролю ў сектары, які працуе менавіта з рэйсамі з Расіі. Тады іншаземцы, якія знаходзяцца ў Расіі, змогуць да нас прылятаць і адлятаць па бязвізе абсалютна ў прававым полі.

На круглым стале таксама прапанавалі аб'яднаць бязвізавыя зоны Брэсцкага і Гродзенскага рэгіёнаў. Тады турысты, якія прыехалі ў Гродна без візы, працягнуць свае падарожжа без перашкод і ў Брэст, і наадварот. А пакуль такой магчымасці няма.

Апроч іншага, у Палаце прадстаўнікоў узнімаліся праблемы даступнасці беларускіх гасцініц (кошт якіх часта нятанны пры даволі сціплых умовах пражывання), няветлівасці работнікаў турыстычнай сферы і недастаткова развітой турыстычнай інфраструктуры.

У сферы турызму і сапраўды ёсць над чым працаваць па ўсіх кірунках, але па-ранейшаму для дзяржавы прыярытэтным застаецца развіццё ўязнога і ўнутранага турызму, бо гэта тыя кірункі, якія прыносяць краіне грошы, рэзюмавалі ўдзельнікі круглага стала.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Беларусь запрашае!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».