Вы тут

Як далучыць мясцовых жыхароў да агульных добрых спраў?


Вопытам у вырашэнні пытанняў, якія датычацца паляпшэння якасці жыцця людзей, з «МС» падзяліліся старшыні райсаветаў дэпутатаў, камітэтаў тэрытарыяльнага самакіравання і сельскія старасты.


Анжаліка ГОМАН, старшыня Краснапольскага райсавета дэпутатаў:

— Разумеючы, што партнёрства ўлады і грамадскасці — фундамент паспяховага вырашэння мясцовых праблем, Краснапольскі раённы Савет дэпутатаў далучыўся да Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў і аказвае метадычную дапамогу пяці сельскім Саветам дэпутатаў, а таксама забяспечвае каардынацыю дзейнасці 64 органаў ТГС на тэрыторыі раёна.

Як мясцовыя жыхары ўключаюцца ў працэсы мясцовага развіцця? Гэта відаць па выніках. Калі ў 2015—2016 гадах члены ініцыятыўных груп прапанавалі 15 ідэй для мясцовага развіцця, то ў 2017—2018 гадах рэалізуюцца 17 праектаў на суму больш чым 250 тысяч еўра. Напрыклад, мы ствараем уласныя механізмы зялёных рэінвестыцый. Заклалі гадавальнік пладова-ягадных культур і фруктовы сад на 3000 саджанцаў пры дзвюх сельскіх школах, 30 шматдзетных сем'яў заклалі свае сады, адкрыты мясцовы цэнтр сельскага маркетынгу.

Мы стварылі дзве бізнес-супольнасці па 15 чалавек у аграгарадках Янаўка і Горы, заклалі эксперыментальныя ўчасткі, пабудавалі цяпліцы і правялі навучальныя заняткі. Дзякуючы гэтаму людзі маюць магчымасць вырошчваць экалагічна чыстую прадукцыю, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі, і дзяліцца вопытам з суседзямі.

З дапамогай праекта Еўрапейскага саюза «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні» ў раёне рэалізавалі некалькі мясцовых ініцыятыў: фестываль «Тэатральныя вечарыны», «Крок да самастойнасці», «Развіццё ганчарнага майстэрства для пазнавальнасці раёна», «Янаўка — хакейная сталіца Краснапольшчыны».

Вынікам удзелу некалькіх раёнаў — членаў Магілёўскай абласной асацыяцыі ў праектнай дзейнасці стала стварэнне Рэгіянальнага савета падтрымкі мясцовых ініцыятыў у сферы ўстойлівага развіцця. У 2017 годзе пяць райсаветаў дэпутатаў (Быхаўскага, Клічаўскага, Краснапольскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага
раёнаў) вырашылі аб'яднаць намаганні і распрацавалі план узаемадзеяння па павышэнні ўстойлівага развіцця раёнаў на 2018—2020 гады і на перыяд да 2030 года. Галоўнымі напрамкамі супрацоўніцтва сталі тэмы, якія забяспечваюць падтрымку навакольнага асяроддзя, крэатыўная эканоміка, занятасць і самазанятасць, павышэнне патэнцыялу мясцовых рэсурсных цэнтраў адукацыі дарослых.


Ала ПАСТУХОВА, старшыня мікразоны «Камсамольская» (г. Крычаў):

— Наша мікразона — адна з самых густанаселеных, тут жывуць больш за пяць тысяч чалавек. Традыцыйнымі сталі конкурсы «Упрыгожыць зямлю кветкамі», «Найлепшы пад'езд». Па ініцыятыве жыхароў ладзяцца суботнікі, каб навесці парадак, добраўпарадкаваць і азеляніць двары.

У мікразоне створаны выдатныя ўмовы для адпачынку, гульнявыя пляцоўкі для дзяцей з мноствам разнастайных лабірынтаў. Мы правялі акцыю «Арт-лаўкі — казачная лавачка горада», якую ініцыявалі жыхары мікразоны, выкладчыкі школы мастацтваў. Дзеці малявалі на асфальце, а выкладчыкі пераносілі іх малюнкі на лаўкі. Атрымалася прыгожа, святочна і казачна.

Па жаданні жыхароў мікрараёна і для стварэння новых сацыяльных сувязяў працуюць клубы па інтарэсах, дзе жыхары могуць рэалізаваць сябе ў розных напрамках. Па ініцыятыве індывідуальных прадпрымальнікаў горада ў мікразоне ўсталявалі вулічныя трэнажоры. Актыўныя члены Савета мікразоны арганізавалі групу «Здароўе» сярод насельніцтва мікрараёна з наведваннем фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Сож», плавальнага басейна.

У рамках рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон» распрацавалі праект «Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі», ініцыятарам якога стала жыхарка нашага мікрараёна, намеснік дырэктара школы. Так, каля школы з'явіліся сонечныя батарэі, здольныя асвятляць прылеглую тэрыторыю. А ў месцах агульнага карыстання ўстаноўлены лямпы з датчыкамі руху.

Партнёрамі шэрагу праектаў, распрацаваных у рамках Года малой радзімы, сталі самі жыхары мікрараёна. З 2018 года рэалізуецца праект «Палацава-паркавы ансамбль — тэрыторыя экатурызму і чыстай экалогіі», які стаў адным з пераможцаў конкурсу Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду. Быў распрацаваны праект «Палац Пацёмкіна — паўднёва-ўсходні экацэнтр па прапагандзе, асвеце і выхаванні».

Я з упэўненасцю магу сказаць, што будучыня нашага горада ў руках неабыякавых, дзейных людзей, якія ўмеюць не толькі паказаць прыклад руплівага і гаспадарнага стаўлення, але і зацікавіць сваіх суседзяў у добрых і карысных справах.


Святлана ЯЗЕРСКАЯ, старшыня Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў:

— Сёння мы можам казаць пра павелічэнне сацыяльнай актыўнасці грамадзян, гэтаму спрыяе вопыт узаемадзеяння ў праектнай дзейнасці з міжнароднымі структурамі. Актыўна развіваецца турыстычная галіна, рэалізуюцца сумесныя з замежнымі партнёрамі праекты. Падтрымана 21 мясцовая ініцыятыва жыхароў і арганізацый на суму 120 тысяч еўра, якія накіраваны на развіццё сельскага і экалагічнага турызму, аграсядзіб, рамёстваў, сыраварэння. Створана шэсць новых турыстычных маршрутаў, праводзіцца работа па іх інтэграцыі ў рэгіянальныя і нацыянальныя турыстычныя сеткі.

У выніку рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Музей пад адкрытым небам» у рамках усё таго ж праекта ЕС/ПРААН у аграгарадку Лясная з'явіўся яшчэ адзін аб'ект, прысвечаны падзеям часоў Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў.

Ужо стала брэндам раёна хатняе сыраварэнне: каля 40 хатніх гаспадарак робяць сыр для сябе і на продаж. Пры актыўнай падтрымцы сельскага Савета дэпутатаў быў створаны спажывецкі сельскагаспадарчы кааператыў «Гіжанскі аграрый». На сённяшні дзень у яго ўваходзяць 15 сыравараў, кааператыў рэалізуе праект «Падтрымка хатняга сыраварэння як альтэрнатыўнай формы занятасці» пры падтрымцы Праграмы малых грантаў ПРААН / ГЭФ. У аграгарадку Лясная адкрылася сырная крама, дзе з'явіўся міні-музей сыру, яго тут можна набыць і навучыцца рабіць.

Штогод праходзіць фестываль народных промыслаў «Гаспадарчы сыр», дзе мясцовыя сыравары дэманструюць да 50 гатункаў мяккага сыру, прыгатаванага ў хатніх умовах.

Рэалізацыя розных ініцыятыў дазволіла ўцягнуць 31 рамесніка, што займаюцца вышыўкай, лозапляценнем, вяжуць карункі, ткуць паясы, вырабляюць лялькі, вараць мыла, зарабляюць дрэваапрацоўкай, мастацкім каваннем металу. Адкрыўся салон-магазін у аграгарадку Лясная па продажы сувеніраў і рамесніцкіх вырабаў. Створаны клуб майстроў-рамеснікаў «Майстры Слаўгарадчыны».

У раёне рэалізуецца шэраг сумесных з замежнымі партнёрамі праектаў, з дапамогай якіх у эканоміку раёна прыцягнута звыш 81,8 мільёна рублёў.

Для далейшага развіцця прадпрымальніцтва мы плануем рэалізаваць праект «МОСТ як пілотная эка-бізнес-мадэль для мясцовага і рэгіянальнага эканамічнага росту», у рамках якога запланаваны мерапрыемствы па развіцці тэрыторыі левабярэжжа ракі Сож і створаны Цэнтр сельскага прадпрымальніцтва на базе трох будынкаў, што не ў вёсцы Старая Каменка. Бюджэт праекта — 600 тысяч еўра.

Таксама рэалізуем другі праект сумесна з чатырма раёнамі паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці «Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцяў працаўладкавання ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці», падтрыманы Еўрапейскай камісіяй.


Алена ШКЕЛДА, стараста аграгарадка Кальчуны Ашмянскага раёна:

— На тэрыторыі сельсавета 35 сельскіх населеных пунктаў, у якіх жывуць каля трох тысяч чалавек, у сельсавеце працуюць 16 старастаў. Дзякуючы сумесным намаганням мы зрабілі столькі працы на карысць людзей, не ўзяўшы ні капейкі ў дзяржавы. Напісалі праект, які выйграў. Так, у 2015 годзе быў рэалізаваны праект дзейнасці клуба старастаў вёсак «Культура кіравання тэрыторыяй» (ККТ). Праект стаў сапраўдным прыкладам грамадзянскага ўдзелу ў мясцовым самакіраванні. Стварылі клуб старастаў вёсак, на базе бібліятэкі працуе сацыяльна-інфармацыйны цэнтр з групай валанцёраў. Ініцыятыва праекта ішла ад групы мясцовых актывістаў і прадстаўнікоў грамадскасці, якую я ўзначальвала.

Было відавочна, што рэалізацыя праекта будзе спрыяць актыўнасці вырашэння пытанняў сельскага жыцця ў людзей. Скажу, што вынікам конкурсу «Добрая справа» сталі пасаджаны грамадскі сад у вёсцы Мардаcы, адрамантаваны мост у вёсцы Будзёнаўка і пабудаваная дзіцячая пляцоўка ў Кальчунах. Хачу сказаць, што наш грамадскі сад ужо два гады дае плады, якія мы аддаём у інтэрнаты, дзіцячыя прытулкі і пажылым людзям.

Конкурс «Найлепшы гаспадар — 2014» паказаў імкненне людзей у аддаленых вёсках добраўпарадкоўваць асабістыя падворкі, падтрымліваць эстэтычны выгляд сваіх дамоў. Не менш значным стаў і дзіцячы творчы конкурс «Мой родны кут». Ён быў самым шматлікім па колькасці ўдзельнікаў, дзеці ў мастацкай форме паказалі сваю любоў да малой радзімы.

Конкурсы, якія праводзіліся, сталі добрым стымулам для павышэння актыўнасці простых людзей, цікавасці да таго, што адбываецца, жадання паказаць і праявіць сябе. Напрыклад, калі прапановы на конкурс «Добрая справа» не разглядаліся па шэрагу прычын членамі журы, яны самастойна рэалізоўваліся жыхарамі.

Паралельна на базе Кальчунскай бібліятэкі стварыўся сацыяльна-інфармацыйны цэнтр. Для яго дзейнасці закуплена абсталяванне: інфармацыйны стэлаж, праектар, экран, ноўтбук, ткацкі станок, тэнісны стол, танометр і тры хуткасныя веласіпеды для валанцёраў. І ўсё гэта актыўна выкарыстоўваецца ў працы. Валанцёры выязджаюць у аддаленыя вёскі, дастаўляюць пажылым людзям і інвалідам літаратуру, прывозяць лекі, вымяраюць ціск, дапамагаюць па гаспадарцы. Набытае абсталяванне дазваляе ажыццяўляць абслугоўванне жыхароў і стацыянарна, а таксама з выездам у малыя населеныя пункты.

Самым гучным і значным мерапрыемствам праекта стаў фестываль народнай культуры «КУТарскі фэст», у праграме якога працавалі пляцоўкі народных умельцаў з майстар-класамі, выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ладзілася выступленне самадзейных артыстаў.

Поспех праекта абумоўлены тым, што ініцыятыўная група грамадзян аб'яднала вакол сябе неабыякавых актыўных людзей, гатовых удзельнічаць у вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Стрыжнёвай ідэяй праекта было стварэнне клуба старастаў, які і цяпер працягвае сваю работу. Сёння ў склад клуба ўваходзяць 11 старастаў з 16. Але клуб адчынены не толькі для іх, але і для сельскіх актывістаў.

Адметная асаблівасць праекта ў тым, што наўпрост ці ўскосна былі задзейнічаны ўсе жыхары населеных пунктаў сельскага Савета. У сацыяльна-інфармацыйным цэнтры можна з карысцю правесці час: пачытаць газеты, жанчыны асвойваюць ткацкі станок, мужчыны і моладзь гуляюць у тэніс, пажылыя людзі ў вёсках чакаюць валанцёраў з літаратурай, старасты з работнікамі культуры арганізуюць сустрэчы для насельніцтва з цікавымі праграмамі. Усё гэта паспяхова працуе і сёння.


Кацярына КУХАРЧЫК, старшыня КТГС «Надзея» (г. Баранавічы):

— Камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Надзея» з'явіўся ў 2003 годзе на тэрыторыі мікрараёна «Усходні», ён аб'ядноўвае 25 шматкватэрных дамоў, дзе жывуць каля пяці тысяч чалавек.

Орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання абіраецца на чатыры гады. Актыўныя жыхары мікрараёна такім чынам аб'ядноўваюцца для вырашэння актуальных пытанняў. Механізм працы камітэта «Надзея» досыць просты: пазначаецца праблема, напрыклад жыхары прапаноўваюць устанавіць лаўкі ў дварах або зрабіць ямачны рамонт. КТГС выступае арганізатарам мерапрыемстваў, праводзіць сходы, дзе абмяркоўваецца, наколькі будзе карысная ініцыятыва для жыхароў, і вырашаюць, што трэба зрабіць, якія арганізацыі прыцягнуць, колькі спатрэбіцца на гэта сродкаў і які ўдзел будуць прымаць самі жыхары.

Для рэалізацыі ініцыятыў мы выкарыстоўвалі па магчымасці тры крыніцы фінансавання: асабістыя сродкі жыхароў, гранты ЕС і рэсурсы мясцовых органаў улады. Акумуляваць сродкі з розных крыніц дазваляе статус юрыдычнай асобы.

Добраўпарадкаванне тэрыторыі пачалі з устаноўкі ліхтароў, паколькі гэтая праблема была самай актуальнай. Добраўпарадкавалі двары, паставілі новыя лаўкі, пабудавалі дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, альтанкі, адрамантавалі фасады дамоў і дахі. Рэалізавалі гэтую ініцыятыву дзякуючы тэхнічнай дапамозе Сусветнага банка, бюджэтным сродкам і ўзносам грамадзян, якія акумулявалі на рахунак камітэта «Надзея».

Арганізацыяй работ займаліся члены КГС, жыхары дамоў і работнікі ЖЭС № 5. Дарэчы, дзеці актыўна прымалі ўдзел у добраўпарадкаванні: фарбавалі арэлі, баскетбольныя шчыты, лаўкі, дапамагалі рамантаваць сталы і лаўкі, упрыгожвалі клумбы каля пад'ездаў. Для падтрымання парадку на тэрыторыі камітэта «Надзея» актывістамі рэгулярна ладзяцца суботнікі, якія праходзяць масава.

Там, дзе дзейнічаюць органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, можна бачыць, наколькі актыўна і канструктыўна праяўляюць сябе грамадзяне. Яны не толькі ставяць перад мясцовымі органамі ўлады пытанні, але і самі ўдзельнічаюць у іх вырашэнні.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».