Я прадпрымальнік. Некалькі гадоў працую на раённым рэчавым рынку. Надумаўся арганізаваць невялікую ўласную фірму і хачу назваць яе гэтаксама, як вёску, дзе нарадзіўся. Аднак мясцовыя ўлады кажуць, што выкарыстоўваць найменне геаграфічнага аб'екта ў назве кампаніі нельга. А калі і можна, то гэта прывілея толькі дзяржаўных юрыдычных асоб. Ці так гэта насамрэч?
Валянцін, г. Івацэвічы.
На пытанне адказвае Сяргей ЕЛІСЕЕЎ, юрыст:
— Хутчэй за ўсё супрацоўнік упаўнаважанага органа вашага раёна, з якім вы павінны ўзгадніць меркаваную назву, не мае права адмовіць вам у выкарыстанні ў найменні фірмы назвы вёскі, дзе вы нарадзіліся. За рэдкім выключэннем, назвы геаграфічных аб'ектаў дазваляецца свабодна выкарыстоўваць у найменнях юрыдычных асоб любых формаў уласнасці. Аднак пры гэтым павінны быць вытрыманы ўсе патрабаванні працэдуры ўзгаднення назваў камерцыйных і некамерцыйных арганізацый.
Дазвол на выкарыстанне
Згодна з п. 12 Палажэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання, зацверджанага Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.01.2009 года № 1 «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання» (далей — Палажэнне), уласнік маёмасці, заснавальнікі (удзельнікі) ствараемай камерцыйнай або некамерцыйнай арганізацыі павінны ўзгадніць найменне арганізацыі з органам, што праводзіць рэгістрацыю, перш чым падаць у яго дакументы, прадугледжаныя Палажэннем, для дзяржаўнай рэгістрацыі.
Ва ўпаўнаважаны орган неабходна прадставіць наступныя дакументы:
- заяву па форме;
- копію дакумента, які пацвярджае ва ўстаноўленым парадку паўнамоцтвы заяўніка, у выпадку падачы дакументаў прадстаўнікамі юрыдычнай або фізічнай асобы, калі заканадаўствам не ўстаноўлена іншае;
- пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу;
- дазвол на выкарыстанне прозвішчаў, псеўданімаў вядомых асоб або выкарыстанне найменняў у выпадках, устаноўленых заканадаўствам.
Прававымі нормамі прадугледжана, што заяўнік можа прапанаваць адзін або некалькі варыянтаў назвы юрыдычнай асобы. Узгадняюцца варыяцыі ў той чарговасці, як яны былі пазначаны ў заяве, да першай назвы, якая адпавядае патрабаванням, устаноўленым заканадаўствам.
Упаўнаважаны супрацоўнік органа, што праводзіць рэгістрацыю, можа ўзгадніць прапанаваны заяўнікам варыянт наймення юрыдычнай асобы наступным чынам:
- пры асабістым звароце ў орган, што праводзіць рэгістрацыю, — у прысутнасці заяўніка ў дзень звароту;
- пры прадстаўленні дакументаў па пошце — цягам двух працоўных дзён з даты паступлення заявы;
- пры адпраўцы дакументаў у электронным выглядзе — не пазней наступнага рабочага дня з даты накіравання заявы.
Звяртаю вашу ўвагу на выпадкі, калі найменне юрыдычнай асобы нельга ўзгадніць.
Назва юрыдычнай асобы супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, у тым ліку патрабаванням па выкарыстанні найменняў, устаноўленым Міністэрствам юстыцыі.
У Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў ёсць запісы аб юрыдычных асобах, якія маюць найменні, тоесныя назвам, прапанаваным для ўзгаднення.
У базе даных узгодненых найменняў Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў узгоднены (зарэзерваваны) назвы, тоесныя прапанаваным, і тэрмін іх рэзервавання не скончыўся.
Не прадстаўлены неабходныя для ўзгаднення наймення дакументы або заява аформлена з парушэннем патрабаванняў заканадаўства.
Прапаную падрабязней разгледзець першую падставу для адмаўлення ва ўзгадненні назвы юрыдычнай асобы — калі яна супярэчыць заканадаўству.
Не дапускаецца да ўзгаднення ў якасці найменняў (часткі найменняў) юрыдычных асоб, у прыватнасці, наступнае:
- афіцыйныя назвы дзяржаў, у тым ліку былых (як поўныя, так і скарочаныя), за выключэннем выпадкаў узгаднення назваў юрыдычных асоб, якія ствараюцца па рашэнні дзяржаўных органаў і арганізацый альбо якія ім падпарадкаваны;
- абрэвіятуры арганізацыйна-прававых формаў юрыдычных асоб;
- найменні юрыдычных асоб, якія супадаюць з поўнай або скарочанай назвай дзяржаўных органаў;
- псеўданімы вядомых асоб;
- поўныя і скарочаныя найменні міжнародных і міжурадавых арганізацый;
- назвы, якія змяшчаюць элементы, што могуць выклікаць цяжкасці пры аўтаматызаванай апрацоўцы інфармацыі (знакі, якія не ўваходзяць у стандартны алфавіт, накшталт апострафа, коскі, кропкі, сімвала падкрэслівання, надрадковыя і падрадковыя лічбы і літары і г. д.), за выключэннем выпадкаў, калі выкарыстанне знакаў прыпынку абумоўлена агульнапрынятымі граматычнымі і арфаграфічнымі правіламі беларускай і (або) рускай моў;
- найменні з выкарыстаннем слоў у найвышэйшай ступені параўнання, а таксама назвы, якія дазваляюць пазіцыянаваць гэтую юрыдычную асобу ў якасці лідара пэўнай галіны (сферы дзейнасці) на падставе яе наймення, такія як «найлепшы», «першы», «адзіны» і г. д., у любым родзе, склоне, ліку.
Падкрэслю, што найменне геаграфічнага аб'екта ў назве суб'екта гаспадарання можа выкарыстоўвацца незалежна ад яго месцазнаходжання. Напрыклад, фірма размешчана ў Мінску, а ў назве мае слова «Лагойск».
Адзіны вядомы выпадак, калі найменне геаграфічнага аб'екта не можа свабодна выкарыстоўвацца ў назве юрыдычнай асобы, устаноўлены адпаведным рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Паводле п. 1 яго рашэння назва «Мінск» (і яе вытворныя) выкарыстоўваецца ў рэквізітах прадпрыемстваў і арганізацый толькі па рашэнні Мінгарвыканкама. Аднак і згаданы прыклад не ўтрымлівае забароны на выкарыстанне геаграфічнай назвы «Мінск». Каб ужываць гэтае найменне, неабходна папярэдне звярнуцца ў Мінгарвыканкам для прыняцця апошнім адпаведнага рашэння.
Ірына СІДАРОК
Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста і іншых ведамстваў мы будзем шукаць на іх адказы.
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.