Вы тут

Стаўка рэфінансавання да канца наступнага года складзе 9—10 %


Стаўка рэфінансавання да канца наступнага года складзе 9—10 %, паведаміў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур.


Фота БЕЛТА

Ні кроку назад

Але ў канцы гэтага года Нацыянальны банк не бачыць прычын для карэкціроўкі цяперашняй манетарнай палітыкі. Працэнтныя стаўкі адпавядаюць макраэканамічнай палітыцы і ўлічваюць рызыкі на наступны год. Праўленне Нацбанка прыняло рашэнне захаваць стаўку рэфінансавання і працэнтныя стаўкі па аперацыях рэгулявання ліквіднасці на цяперашнім узроўні.

Па словах Паўла Калаура, фінансавы рэгулятар кіраваўся тым, што са жніўня гэтага года назіраецца паскарэнне інфляцыйных працэсаў. Дадатковыя выклікі для нацыянальнай эканомікі генеруе высокая нявызначанасць патэнцыялу знешніх шокаў і геапалітычная напружанасць у рэгіёне. Гэтыя фактары абмяжоўваюць магчымасць па змякчэнні манетарных умоў. Разам з тым значных падстаў для ўзмацнення жорсткасці таксама пакуль няма.

Акрамя таго, разглядаецца пытанне адмовы ад рэкамендацый гранічнага ўзроўню працэнтных ставак на крэдытна-дэпазітным рынку. Пры гэтым рэгулятарнае ўздзеянне на генерацыю банкамі павышаных рызык захаваецца. Яно будзе ісці праз сістэму спецыяльных інструментаў.

Мэтавы параметр па золатавалютных рэзервах на наступны год — 7,1 мільярда долараў. Адносна курсу беларускага рубля ў 2019 годзе Павел Калаур падкрэсліў, што ён будзе справядлівы.

Прывязка да валюты — перажытак мінулага

Павел Калаур адзначыў, што эксперты банка падрыхтавалі прапановы па ўнясенні змяненняў у Грамадзянскі і Банкаўскі кодэксы, каб адысці ад прывязак да валютных эквівалентаў у дагаворах. Ён адзначыў, што, калі важна ў дагаворы забяспечыць захаванне пакупніцкай здольнасці рублёў, ёсць магчымасць прывязкі да інфляцыі. «Мы глыбока перакананыя ў правільнасці гэтых мер», — сказаў Павел Калаур.

Адказваючы на пытанне аб хуткасці прыняцця прапанаваных змяненняў, ён адзначыў, што «ўсё залежыць ад разумення гэтых працэсаў ва ўрадзе і парламенце». Павел Калаур падкрэсліў, што працэс дэдаларызацыі працяглы і залежыць ад макраэканамічнай палітыкі краіны, ад цэнавай і фінансавай стабільнасці. Для паспяховасці неабходныя давер і да Нацбанка, і да грашова-крэдытнай палітыкі ў цэлым.

Праблема «таксічных» даўгоў

У нашай краіне падрыхтаваны праект указа аб рынку праблемных даўгоў. Ён прадугледжвае стварэнне роўных і зразумелых умоў гандлю для ўсіх удзельнікаў рынку, парадак гандлю імі на Беларускай валютна-фондавай біржы і надзяленне Агенцтва па кіраванні дрэннымі даўгамі новымі функцыямі. На гэтай тэме асобна спыніўся намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Лапко.

У прыватнасці, ён заявіў, што 26 снежня будзе пагаджальная нарада, і да канца года дакумент плануецца ўнесці ва ўрад. Дзмітрый Лапко падкрэсліў, што фінансавая стабільнасць — адзін з прыярытэтаў краіны, і банкаўскі сектар уносіць самы істотны ўклад у гэта. «Узровень дастатковага капіталу знаходзіцца на высокім узроўні, прыбытковасць не выклікае трывогі ў рэгулятара. Гранічны ўзровень па дрэнных актывах — не вышэй за 10 %», — адзначыў ён.

Для работы з праблемнымі даўгамі ў Беларусі ўжо зроблены пэўныя захады, у прыватнасці, прыняты ўказ № 200. «Гэта не банкам трэба ў першую чаргу, страты ўжо ўлічаны ў капітале. Гэта пытанне справядлівасці размеркавання рэсурсаў, пытанне ўздзеяння таксічных прадпрыемстваў на нармальныя, на тых, каму яны не плацяць», — падкрэсліў Лапко.

Расказваючы пра сутнасць дыскусіі вакол дакумента, намеснік старшыні звярнуў увагу на тое, што пытанне справядлівай цаны актыву складанае. «Мы прапануем аўкцыён, каб разумець, як цана будзе ўтварацца. Ёсць пытанне да першапачатковага дысконту, да дысконту па даўгах дзяржпрадпрыемстваў. Мы лічым, што правы ва ўсіх павінны быць роўныя. У тым ліку для дзяржпрадпрыемстваў».

Сярод ключавых удзельнікаў рынку рэгулятар бачыць Агенцтва па кіраванні актывамі, куды перададзены сельгаспрадпрыемствы, частка з якіх праходзіла санацыю, а частка актываў прызначалася на продаж. «Мы сваю задачу бачым у забеспячэнні правоў крэдытораў. Гэта пераклікаецца з рэкамендацыямі Сусветнага банка, з тым, што мы не дабіраем балы ў рэйтынгу ацэнкі ўмоў вядзення бізнесу па пазіцыі «правы закладных крэдытораў».

Нашы рахункі ў замежных банках

Беларусам могуць дазволіць свабодна адкрываць бягучыя рахункі ў замежных банках з 1 сакавіка наступнага года. Гэта прадугледжана праектам дакумента аб змяненні ў заканадаўстве.

Цяпер ён праходзіць рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі. Намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц звярнуў увагу, што забарону прапануецца зняць менавіта на адкрыццё ў замежных банках бягучых рахункаў, а каб адкрыць дэпазіт, прыйдзецца атрымліваць дазвол Нацбанка. У дакуменце ёсць і шэраг іншых навацый, у тым ліку ў плане дэдаларызацыі. Падрабязныя тлумачэнні аб навінах будуць размешчаны на сайце Нацбанка.

Нацыянальны банк мае намер праводзіць палітыку адкрытых і ініцыятыўных камунікацый, заснаваных на рэгулярным двухбаковым дыялогу з грамадскасцю. Гэты падыход замацаваны ў камунікацыйнай палітыцы, распрацаванай пры рэалізацыі твінінг-праекта Еўрапейскага саюза «Умацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь» і зацверджанай праўленнем Нацбанка 19 снежня 2018 года. Асноўная мэта камунікацый — фарміраванне больш высокага ўзроўню даверу да Нацбанка.

Пры камунікацыях з грамадскасцю Нацыянальным банкам будзе ўлічвацца розны ўзровень эканамічных ведаў асобных сацыяльных груп і асаблівасці ўспрымання імі інфармацыі. Для гэтага ў камунікацыйнай палітыцы вызначаны асноўныя мэтавыя аўдыторыі, з якімі будзе найбольш актыўнае ўзаемадзеянне і на якія Нацбанк будзе арыентавацца пры падрыхтоўцы і распаўсюджванні інфармацыі.

Як паведаміў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, на сайце абнародуюць графік правядзення ў 2019 годзе пасяджэнняў праўлення па пытаннях грашова-крэдытнай палітыкі. Інфармацыя аб выніках пасяджэння таксама будзе публікавацца.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Працэнтная стаўка будзе па-ранейшаму зніжацца

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.