Вы тут

Дзе і як вырошчваюць ёлкі - галоўны навагодні атрыбут


Днямі па ўсёй краіне запрацавалі ёлачныя базары. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, які шлях праходзіць кожнае дрэўца перад тым, як трапляе да пакупнікоў.


Валянціна САХАР вырошчвае ялінкі больш за дваццаць гадоў.

Мадэльныя параметры калючых прыгажунь

«Што было найперш — ёлка ці шышка?» — любімае жартаўліва-філасофскае пытанне леснікоў у канцы снежня. Менавіта з яго пачалася мая экскурсія па тэрыторыі Стаўбцоўскага лясгаса.

— Дакладнага адказу вам ніхто не дасць, — з усмешкай кажа начальнік пастаяннага гадавальніка Валянціна САХАР. — Але ў вас ёсць магчымасць убачыць яліначкі, якія яшчэ два гады таму «сядзелі» ў шышках.

Мы стаім на заснежаным полі, якое на першы погляд нічым не адрозніваецца ад сельскагаспадарчых. Раптам Валянціна сыходзіць з пратаптанай сцяжынкі ўбок, прысядае і акуратна расчышчае рукою мяккі снег. Пад белым дываном — тысячы маленькіх саджанцаў вышынёй не больш за 10—15 сантыметраў.

— Гэта малышы. Вясной іх чакае перасадка ў «школьнае аддзяленне», а яшчэ праз два гады яны адправяцца на лясныя плантацыі. На кожным этапе адбіраюцца найлепшыя экзэмпляры з эталоннымі параметрамі: раўнюткія ствалы, сіметрычныя лапкі, якія тырчаць угару, і густая зялёная «прычоска» з іголак.

Па словах Валянціны, навагоднія ёлкі патрабуюць асаблівага догляду. Іх пастаянна падкормліваюць, акуратна падразаюць і праполваюць рукамі. Каб вырасціць метровую прыгажуню з насення, трэба мінімум 7—9 гадоў. Сярэдні ўзрост навагодніх дрэў — 12—15 гадоў. За гэты час іх вышыня дасягае 1,5—2 метраў. Ёлка лічыцца капрызным дрэвам, паколькі каранёвая сістэма ў яе паверхневая. Рыхліць глебу ў момант засухі вельмі небяспечна. Да таго ж тэмпы росту ў два разы меншыя за сасну.

— Разам з тым блакітная ёлка, туя, ядловец, сасна займаюць толькі каля дзесяці працэнтаў навагодніх плантацый. Мода на экзотыку беларусаў не кранае. З году ў год самым хадавым таварам застаецца наша родная елка звычайная, — кажа галоўны ляснічы Стаўбцоўскага лясгаса Сцяпан ЯВІД.

Многія адмаўляюцца ад куплі жывой ёлкі, мяркуючы, што так яны праяўляюць свой клопат аб прыродзе. Аднак нават «Грынпіс» адзначае, што штучнае дрэва з пластыку і металу наносіць экалогіі больш значны ўрон (асабліва калі яго немагчыма адправіць на перапрацоўку).

А на святочныя базары трапляюць ялінкі са спецыяльных навагодніх плантацый. У продаж таксама паступаюць дрэвы, якія ўсё адно былі б зрубленыя — падчас планавага прарэджвання ляснога масіву ці тыя, што выраслі пад лініямі электраперадачы. Пакуль ёлкі растуць, яны дапамагаюць экасістэме. А выручаныя ад продажу навагодніх дрэў грошы лясгасы пускаюць на аднаўленне лесу.

Раз, два, тры... ялінку сячы

— Калматую бяром? — гучны мужчынскі голас даносіцца з самай сярэдзіны густога ельнічка.

— Бяром! Якраз для яе месца ў кузаве засталося, — адказвае яму нехта басам; пачынаецца рытмічнае пілаванне, а пасля глухі стук сякеры.

У спіс рэчаў, на якія можна глядзець вечна, дакладна можна дадаць нарыхтоўку навагодніх ёлак. Супрацоўнікі Старынскага лясніцтва з дабрадушнымі ўсмешкамі на тварах і самі атрымліваюць неймавернае задавальненне ад працы: «Мы ж людзям шчасце павязём!» А старэнькі «ўазік», пад завязку набіты пахучымі дрэвамі, нагадвае паштоўку савецкага перыяду.

На навагодняй плантацыі стаяць камеры фота- і відэафіксацыі, гатовыя ў любы момант «злавіць» ахвотнікаў незаконна нажыцца за кошт лясных багаццяў.

— Каля чвэрці ўсіх парушэнняў у лесе выяўляюць дзякуючы гэтым маленькім незаўважным скрыням на дрэвах. Рэагуюць імгненна: як толькі ў кадр трапляе сцэна правапарушэння, на тэлефоны і электронную пошту леснікам прыходзіць паведамленне. Нават калі браканьера не ўдасца ўзяць на месцы, у нас застануцца доказы злачынства — фота і відэа. Па іх можна высветліць асобу ці нумар аўтамабіля, — расказаў інжынер па ахове і абароне лесу Стаўбцоўскага лясгаса Аляксей ДОРАХ. — Асабліва «вынаходлівыя» парушальнікі пасля ўчыненага лезуць на дрэвы, быццам мядзведзі па мёд, і спрабуюць скрасці камеры. Праўда, не ўлічваюць, што там, дзе ёсць адна камера, будзе і другая, якая дакладна ўсё зафіксуе.

Чым ад Мінска далей, тым дрэва таннейшае

Збіраючыся паставіць дома жывую ёлку, не спяшайцеся ісці па дрэва на найбліжэйшы ад дома «зялёны» базар. Ёсць аўто і вольны час? Смела адпраўляйцеся на пошукі самай прыгожай «калючкі» ў вёсцы.

У аграгарадку Шашкі гандаль ёлкамі ідзе бойка. Каля будынка лясніцтва пры дарозе аўтамабілі спыняюцца адзін за адным — прыцягвае яркая вывеска і дэмакратычныя кошты.

— Прыемна, што апошнім часам попыт на натуральныя ёлкі вяртаецца. Народ адмаўляецца ад «мёртвага» пластыку і звяртаецца да нас са словамі «каб пахучая была, як у дзяцінстве». Мы ў сваю чаргу толькі радыя дапамагчы ў выбары святочнага сімвала, — кажа ляснічы Алег Лукша. — У нас дрэва вышынёй 1-2 метры абыдзецца ўсяго ў восем рублёў, у Стоўбцах цана на такое ўздымаецца да 12,85.

А пакуль ёлка даедзе да сталіцы, то падаражэе яшчэ на некалькі рублёў. Разам з тым выбар на вясковых базарчыках заўсёды большы. Пры жаданні можна ў суправаджэнні ляснічага выбраць сабе ёлку непасрэдна на плантацыі.

Пенсіянер Франц Іосіфавіч прыйшоў на шопінг у лясніцтва ў першы дзень продажу:

— Ёлку звычайна выбіраеш, як дзяўчыну. Хочацца статную, гнуткую, з пушыстымі галінкамі, каб іголкі былі насычанага зялёнага колеру. Мая жонка любіць, калі ў перадсвяточныя дні дом напоўнены водарам хвоі. Зараз ва ўнукаў пачнуцца канікулы, яны прыедуць у госці, і будзем разам упрыгожваць нашу ёлачку цацкамі і гірляндамі. Гэта сямейная традыцыя.

Калі ў кватэры мала месца ці патрэбы ў цэлай ёлцы няма (актуальна для тых, у каго дзеці выраслі), прыгледзьцеся да святочных букетаў і вянкоў. У гэтым годзе супрацоўнікі лясніцтваў прыемна здзівяць пакупнікоў сваёй вынаходлівасцю і фантазіяй.

Праўда, трэнд на еўрапейскія ўпрыгажэнні ацэняць не ўсе. Напрыклад, дзяды з Шашак на вянкі нават не пазіраюць. Кажуць, што такое ў беларускай традыцыі не прынята. Ялінка побач са святочным сталом — калі ласка. «А вось хвойныя лапкі на ўваходзе ў дом у нас раней зусім па іншых прычынах з'яўляліся», — падкрэсліваюць старыя.

Маладое пакаленне з імі не згаджаецца: на ёлачным базары ў Стоўбцах вянкі і букеты разлятаюцца ў імгненне вока. Сучасна, з густам і экалагічна. Бо робяцца такія ўпрыгажэнні з галінак, якія застаюцца пасля высечкі ёлак.

Ганна КУРАК

Фота аўтара

Стаўбцоўскі раён


Сакрэтамі стойкасці навагодняй прыгажуні падзяліўся Дзмітрый Пінчук, начальнік аддзела аховы і абароны лесу, паляўніцтва і паляўнічага турызму Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання:

— Ёлка павінна быць зрэзаная ў дзень, калі вы збіраецеся яе паставіць. Таму на базарах не саромейцеся запытвацца дакументы на дрэва.

Прынеслі дадому сваю «пушыста-іглістую» — крыху падгаблюйце ствол і адразу ў ваду. У сярэднім дрэва штодня будзе выпіваць каля 2-3 літраў. Ад канструкцый, якія не прадугледжваюць падачу вады, лепш адкажыцеся. Лепш стаўце ёлку ў вільготны пясок. Як варыянт, можна сваімі рукамі зрабіць «падтрымку» з пенапласту і паставіць ствол у вядро з вадой. Некаторыя ў якасці падкормкі дадаюць да вады аспірын, мел або цукар.

Месца для калючай прыгажуні падбярыце загадзя. Не стаўце яе побач з батарэямі ці печчу.
А калі вы набылі дрэва ў кадцы, то памятайце: яго нельга трымаць у кватэры больш за тры тыдні.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?