У святочную ноч хочацца выглядаць на ўсё сто. І не важна — сустракаеш ты Новы год у рэстаране ці ў гасцях. Як скласці ўдалы вобраз? Модныя падказкі дае імідж-стыліст міжнароднага класа Вольга ЯКУШАВА.
Колер настрою
2019-ы — год Жоўтага Кабана. Астролагі раяць выбраць убор менавіта ў гэтым колеры і яго адценнях: залатым, лімонным, канарэечным. Але эксперт перасцерагае: не спяшайцеся так рабіць.
— Большасць жыхароў нашай краіны маюць славянскую знешнасць — русыя валасы, светлыя вочы і светлую скуру. Усе адценні жоўтага — не самыя выйгрышныя для такога тыпу знешнасці. Яны могуць падкрэсліць зелень ці сінь скуры. А таксама зробяць больш заўважнымі ўзроставыя змены і сляды стомленасці. Жоўтыя адценні пасуюць тым, у каго пігмент скуры і валасоў цёплы — усе рыжавалосыя (не фарбаваныя) і золатавалоскі. Хоць для халоднага каларыту, да якога адносіцца славянскі тыпаж знешнасці, выйгрышным можа быць выбар светла-лімоннага колеру — але пры наяўнасці дагледжанай скуры.
Астатнім прапануем прыглядзецца да іншай гамы. Большасці падыдуць такія колеры, як цёмна-сіні, серабрыста-шэры (асабліва ў бліскучых тканінах) і малочны.
Ярка ці практычна?
Каб не адставаць ад модных тэндэнцый, выберыце сукенку ў паеткі (бліскаўкі) ці з пяром страуса. Такі дэкор ідэальны для свята. Хочаце купіць штосьці больш універсальнае, каб потым гэта можна было насіць у паўсядзённым жыцці? Тады ваш варыянт — белая кашуля і спадніца любой даўжыні з такіх матэрыялаў, як шоўк, аксаміт, парча. Кашулю можна заправіць спераду — гэта візуальна падоўжыць ногі. Калі ж пакідаеце яе на спадніцу, паспрабуйце перавязаць тонкім раменьчыкам, каб падкрэсліць талію.
Для тых, хто не любіць сукенкі, альтэрнатывай стане камбінезон ці шырокія штаны-палаца ў спалучэнні з той жа белай кашуляй. Або офісныя штаны-дудачкі і прыгожы топ у паеткі.
Дэталёвы падыход
— Асноўнае правіла: чым ярчэйшы ўбор і чым больш на ім дэкору, тым мінімалістычнейшыя павінны быць упрыгажэнні. І наадварот — пры простых паўсядзённых рэчах можна дазволіць сабе якія заўгодна «сакавітыя» аксесуары, — нагадвае Вольга Якушава. — Але важна ўлічваць іх маштаб: пры мініяцюрнай фігуры аддаём перавагу больш дробным упрыгажэнням, пры буйным целаскладзе — вялікім.
Аднатонны касцюм можна дапоўніць масіўнымі завушніцамі і бранзалетам. Незвычайны ход — павязаць хустку як чалму: атрымаеце багемны вобраз. У выпадку з белым уборам можна абысціся і без аксесуараў — гэты колер ужо сам па сабе ўрачысты і добра глядзіцца ў мінімалістычным акружэнні.
Адразу «не»
Стыліст настойліва рэкамендуе не выбіраць для навагодняй вечарынкі трыкатаж (асабліва грубай вязкі) і рваныя джынсы (якія да таго ж ужо сталі антытрэндам). Іншая распаўсюджаная памылка — надзець усё яркае і найлепшае адразу.
— Лепш недабраць, чым перабраць. Так не з'явіцца сумненняў у вашым добрым гусце.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Аляксандр Рагожнік звярнуў увагу, што зусім хутка беларускаму народу трэба будзе чарговы лёсавызначальны выбар.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.