Вы тут

На прамую лінію Мікалаю Шарснёву патэлефанавалі дваццаць чалавек


У мінулую суботу на прамую лінію старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарснёву патэлефанавалі дваццаць чалавек.


Два заяўнікі з Сенненскага раёна расказалі губернатару, што ўжо два месяцы чакаюць зарплату. Завінавацілася сельскагаспадарчая арганізацыя. Губернатар даручыў пад асабістую адказнасць старшыні райвыканкама пасля выхадных станоўча вырашыць пытанне. І ніякія апраўданні, аргументы супраць гэтага рашэння прымацца не будуць.

Вельмі актыўным быў жыхар аграгарадка Жарнасекі Полацкага раёна, які агучыў некалькі пытанняў. У прыватнасці, мужчына не разумее, чаму трэба плаціць за ваду, якая падаецца з калонак. Губернатар растлумачыў, што час, калі ўсё было бясплатна, прайшоў. Паскардзіўся заяўнік і на тое, што закрылі лазню. Між іншым, для жыхароў глыбінкі арганізоўваюць паездку ў лазню ў Полацк. І плаціць за праезд не трэба. Цікава, што да такога ваяжу ў райцэнтр дадаецца яшчэ і адвоз па пакупкі ў краму. Вясковец таксама прасіў паспрыяць, каб не закрылі аўтамабільную запраўку і аддзяленне банка. Гэтыя сігналы будуць вывучацца. Верагодна, пойдуць насустрач пажаданням людзей. Выказаў мужчына абурэнне і тым, што зачынілі будынак чыгуначнай станцыі ў суседнім населеным пункце. Высветлілася, што апошняе адбылося з-за невялікай колькасці пасажыраў...

Жыхарка Оршы агучыла сваю праблему: на ўскраіне, дзе яна жыве, няма крамы. Прыходзіцца пенсіянерцы доўга дабірацца на аўтобусе ў цэнтр. Губернатар даручыў паспрыяць у вырашэнні праблемы. Можа, нехта з прыватнікаў пажадае адкрыць невялікі гандлёвы пункт? Жыхар таго ж райцэнтра канстатаваў, што дрэнна прыбіраюць пад'езды і двор шматпавярхоўкі.

Патэлефанавала жанчына з абласнога цэнтра — сказала, што ў кватэры цвіль, а каб з крана пацякла гарачая вада, трэба доўга зліваць халодную. Кіраўнік абласной арганізацыі ЖКГ, які прысутнічаў на мерапрыемстве, растлумачыў, што ў такіх дамах старая сістэма водазабеспячэння, таму выхад — у яе замене. Гэта будзе зроблена з часам і не толькі ў адным доме.

Яшчэ адна жыхарка Віцебска паведаміла, што зламала руку, калі паслізнулася, бо ў прыватным сектары не падсыпалі пяском дарогу. Мэр горада, які выйшаў на сувязь, растлумачыў, што падсыпкай займаюцца ўсяго 15 аўто. Прызнаў, што на вуліцы з прыватнымі дамамі тыя машыны праязджаюць у апошнюю чаргу...

Пенсіянерка з гарадскога пасёлка Руба, які некалькі гадоў таму далучылі да Віцебска, паскардзілася, што памянялі нумары тэлефонаў неабходных ёй устаноў і арганізацый, а даведка службы 109 платная. Інтэрнэтам пажылая дама не карыстаецца, таму дзе ёй знайсці нумары? Губернатар даручыў прадстаўніку РУП «Белтэлекам» надрукаваць на паперы неабходную інфармацыю і прынесці жанчыне дамоў. Ды і іншым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Чарговы раз высветлілася, што, у прынцыпе, бадай, пытанні маглі б вырашыць кіраўнікі мясцовай улады.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Аляксея СПАТКАЯ

Загаловак у газеце: Слухае губернатар...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.