Вы тут

Як выбраць і ўпрыгожыць святочнае дрэва?


Напрыканцы мінулага тыдня па краіне актыўна запрацавалі адмысловыя елачныя кірмашы, на якіх можна набыць навагоднюю прыгажуню. Але ў атмасферы свята варта не забываць пра бяспеку. Пажары з-за елак у Беларусі апошнім часам амаль не сустракаюцца. Разам з тым быць асцярожнымі ўсё роўна патрэбна. Менавіта таму напярэдадні свята ратавальнікі нагадалі пра тое, якім павінна быць святочнае дрэва з проціпажарнага пункту гледжання.


Натуральная або штучная?

Падчас выбару жывога дрэва ёсць свае асаблівасці. Яго мусілі ссекчы нядаўна. Гэта значыць, што елка яшчэ мае гнуткія і трывалыя галінкі, ад яе добра пахне, а хвоя афарбавана ў насычаны зялёны колер. Іголкі навобмацак у такога дрэўца крыху масляністыя. Калі ж елка мае відавочна тоненькі ствол, пажухлыя іголкі, а галінкі лёгка ламаюцца — значыць, яна прастаіць вельмі нядоўга і асыплецца праз дзень-два.

Ёсць і яшчэ адна асаблівасць падчас транспарціроўкі натуральных елак. Надвор'е ў нашых краях гэтай зімой пераменлівае. Маразы ў 10—12 градусаў па Цэльсію змяняюцца літаральна за адны суткі адлігай. Таму калі ртутны слупок апускаецца ніжэй за нуль, то перш чым уносіць елку ў цёплую хату, лепш яе вытрымаць колькі часу ў пад'ездзе шматпавярховіка або ў сенцах. Перапад тэмператур у гэтым разе будзе не такі істотны, дрэва адтае, што палепшыць трываласць елкі.

Штучная елка патрабуе на першы погляд менш клопату, чым натуральная. Вытрымліваць яе ў пад'ездзе не трэба, хвоя не асыплецца. Ды і купляецца яна не на адзін год. Здавалася б — варыянт шыкоўны. Але тут таксама ёсць свае нюансы. Ад занадта прывабных па кошце штучных прыгажунь лепш адмовіцца. Вельмі таннае наўрад ці бывае даволі якасным. Калі ад елкі ідзе нейкі хімічны пах — купляць яе таксама не трэба, паколькі гэтымі рэчывамі пасля будзеце дыхаць вы і вашы родныя. Якасная штучная елка не пахне ўвогуле нічым. Да дрэва да таго ж абавязкова мусіць прыкладацца спецыяльны сертыфікат, які пацвярджае яго гігіенічную бяспеку. Навагоднюю прыгажуню варта таксама крануць за іголачкі. Яны не павінны неяк дэфармавацца або застацца ў руцэ. Таксама варта звяртаць увагу на матэрыял, з якога зроблена елка. Штучныя дрэвы з паперы з прамочваннем выглядаюць вельмі праўдападобна ў параўнанні са сваімі натуральнымі сабратамі, але наўрад ці праслужаць больш за тры гады. Таму калі вырашылі купляць пластыкавую елку, то лепш за ўсё прынесці дадому літое дрэва.

Устаноўка па правілах

Першае і самае галоўнае — дрэва павінна быць надзейна замацавана. Ідэальна для гэтага падыдзе спецыяльная крыжавіна. Але калі елка невялікая, то падыдзе і спецыяльная кадка. Для штучнай елкі найлепшы варыянт — адмысловыя металічныя падстаўкі. Яны больш трывалыя і ўстойлівыя.

— Інтэрнэт поўніцца відэа пра тое, як навагоднюю ёлку пераварочваюць каты, якія вырашылі пагуляцца з упрыгожаннямі, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Прыцягвае яна ўвагу і дзяцей. Праўда, у такім выпадку трэба ўлічваць і тое, адкуль падае асвятленне, і адлегласць ад дзіцячага ложка, каб у дзеянне не ўмяшаўся псіхалагічны фактар — уначы даволі аб'ёмны сілуэт елкі можа напалохаць малога, падаўшыся персанажам з фільма жахаў... Таму найлепшым месцам для елкі будзе куток, размешчаны як мага далей ад прахода, батарэй ацяплення і электрычных прыбораў. Вось там яна ўжо дакладна нікому не перашкодзіць. І нават калі елку выпадкова крануць дзеці падчас гульняў, то яна не ўпадзе і нікому не нанясе траўму. А вось падсвечнікі са свечкамі лепш прыбраць далей — усё-такі гэта адкрытая крыніца агню. Таксама адмоўцеся ад светлавых эфектаў, падчас якіх выкарыстоўваюцца хімічныя рэчывы, бенгальскія агні і хлапушкі. Яны таксама небяспечныя для елкі.

Тэст для гірлянды

Пры выбары электрычнай стужкі таксама варта звярнуць увагу на шэраг уласцівасцяў. Усё ж такі гэта — электрапрыбор, які да таго ж пастаянна знаходзіцца на патэнцыяльна небяспечным прадмеце.

— Гірлянда павінна быць сертыфікаваная, — раіць Анастасія Швайбовіч. — Гэта будзе азначаць, што яе тэсціравалі ў спецыяльна абсталяванай лабараторыі. У якасна зробленага тавару ізаляцыя правадоў шчыльная, гнуткая і не мае знешніх пашкоджанняў. Лямпачкі — выключна закрытага тыпу. Звярніце ўвагу на каробку пераключальніка рэжымаў. Калі яна гнецца, то выберыце іншую гірлянду. Папрасіце прадаўца ўключыць яе. Такім чынам вы ўбачыце, наколькі добра яна працуе. Лямпачак, якія не загараюцца, там быць не павінна — гэта яскравы сігнал аб тым, што гірлянда няспраўная. Таксама праверце тры асабліва рызыкоўныя месцы. Гэта злучэнні проваду з вілкай і пераключальнікам рэжымаў, а таксама лямпачкамі. Занадта тонкія правады могуць вельмі лёгка парвацца або загарэцца ад перагрэву. Таксама не рэкамендуецца ўключаць адначасова ў адну разетку некалькі гірляндаў. Упрыгожваючы ёлку, не апускайце гірлянды вельмі блізка да падлогі, дзе іх могуць выпадкова зачапіць дзеці або хатнія гадаванцы. У такім выпадку гірлянда перакуліць ёлку з навагоднімі цацкамі ды ўпрыгажэннямі і ўдарыць токам. Зіхатлівую стужку выключайце, калі ідзяце спаць або сыходзіце з дому.

Але што ж рабіць, калі, нягледзячы на ўсё, елка загарэлася? Ратавальнікі раяць, што перш за ўсё трэба абясточыць электрычную гірлянду і толькі пасля гэтага прыступаць да тушэння. Для гэтага дрэва неабходна паваліць на падлогу і заблакаваць доступ да яго кіслароду шчыльнай тканінай, а пасля скарыстацца вогнетушыцелем або вадой. Праўда, з дапамогай вады штучную елку тушыць нельга — палімерныя матэрыялы ад агню плавяцца і расцякаюцца па падлозе. Калі туды трапяць кроплі вады, то гэта толькі павялічыць плошчу гарэння. Таксама трэба памятаць пра тое, што сінтэтыка падчас гарэння выдзяляе ў паветра вельмі шмат шкодных рэчываў. Таму калі за першыя хвіліны перамагчы полымя не ўдалося, то адзінае, што застаецца, — пакінуць пакой і выклікаць пажарных.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Новы год без турбот

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».