Вы тут

Ці ведаеце вы, без чаго немагчымы Новы год?


Ці ведаеце вы, без чаго немагчымы Новы год? Без ёлкі, салаты аліўе, снегу, мандарынаў? Без тэлевізара — галоўнага ўпрыгажэння навагодняга стала? Ды колькі заўгодна — месцы і абставіны розныя бываюць. Без сапраўднага Дзеда Мароза? Тройчы «ха», у любым дзіцячым садку 99 % жаночага калектыву можа даць майстар-клас, як на 15 хвілін ранішніка ператварыцца ў Дзеда Мароза і не «спаліцца» перад дзецьмі. Ці без падарункаў? Пытанне наўздагон: а калі гэты падарунак — шкарпэткі, то мо лепш без прэзента?


Зусім выпадкова цэнтральную ідэю, калі хочаце, стрыжань любога свята (і асабліва Новага года) давялося пачуць ад дзяцей. «Калі ты будзеш сядзець такая надзьмутая і незадаволеная, то Новы год да цябе не прыйдзе, бо ў цябе няма настрою, ты не гатова яго сустракаць», — строга вымаўляла школьніца, відаць, клас трэці, у калідоры сваёй пакрыўджанай на ўвесь белы свет сяброўцы. Не ведаю, якія аргументы дзяўчынка прыводзіла раней, але гэты — спрацаваў.

«Хіба можа быць запраграмаванае, чаканае, запланаванае шчасце?» — магчыма, запытаеце вы. Дык ніхто і не кажа, што трэба весяліцца прымусова, натужна, — няма нічога больш шкоднага за прыдворную працу і прыклееную ўсмешку, бо «ёсць устаноўка весела сустрэць Новы год». Безумоўна, існуе не адна аб'ектыўная прычына, калі святочнага настрою проста няма і нідзе не возьмеш. Але ўмець знаходзіць радасць і шчасце нават у дробязях, нягледзячы на абставіны, насуперак таму, што пад канец года многія людзі такія агрэсіўныя, — рэдкая і надзвычай карысная для жыцця вартасць. Гэтаму аптымізму вучымся ў тым ліку і мы, журналісты, — у шматлікіх нашых герояў, моцных, светлых, цікавых і добрых людзей, з якімі сустракаемся цягам года і пра якіх расказваем на старонках «Сямейнай». І як паказвае практыка, калі выхаваць Бабу-Ягу ў сваім калектыве, — чытай, жыццялюбства ў сабе, то шмат якія рэчы становяцца прасцейшымі: і касцюмчык сядзіць як след, і ўсмешка на твары расцвітае часцей і ўпрыгожвае цябе так, што люстэрка ўпэўнена падказвае: не прынцэса — каралеўна!, і няважна становіцца, колькі цяпер градусаў ніжэй нуля, і належным чынам спрацоўвае снегаўборачная лапата і тэорыя шасці пацісканняў рук, праз якія нібыта знаёмыя ўсе людзі на зямлі і распаўсюджваецца эстафета добрых учынкаў...

Словам, не цягніце да Новага года, спадзеючыся, што вось — хоп! — і пад бой курантаў, пад «У лесе нарадзілася елачка», любімыя святочныя камедыі і эстрадныя хіты настрой раптам аднекуль з'явіцца і прыжывецца ў арганізме, як родны. Каб свята атрымалася, яго трэба чакаць і да яго трэба рыхтавацца, знешне ды ўнутрана. Каб кожны год 31 снежня — хоць у лазню, хоць у тэатр, хоць па дарозе на Канары, хоць з сябрамі ў лес, хоць дома з сям'ёй, — але галоўнае, каб з задавальненнем. Інакш і пачынаць не варта.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

P. S. А калі вы знайшлі ў тэксце ўсе цытаты і намёкі на навагоднія фільмы — вам плюсік у карму і некалькі балаў у скарбонку святочнага настрою!

Загаловак у газеце: Аперацыя «З Новым годам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».