Вы тут

У Магілёве з'явілася ёлка, цацкі для якой зрабілі вядомыя ў горадзе людзі


— Вунь, бачыце, тое медзведзяня змайстраваў загадчык хірургічнага аддзялення магілёўскай гарадской бальніцы № 1 Дзмітрый Сарокін, а гэты сюррэалістычны анёл выйшаў з-пад рук улюбёнца тэатральнай публікі Магілёва Уладзіміра Пятровіча, сняжынкі канструяваў Юрый Стукалаў, кіраўнік Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, са сваімі аднадумцамі па праекце «Цяпліца», — разам са старшынёй магілёўскага грамадскага аб'яднання «Шчырая майстэрня» Алай Смаляковай разглядаем упрыгожаную самаробнымі цацкамі ёлку. Якая ж яна незвычайная, а галоўнае — эксклюзіўная! Ну і выдумшчыкі ж гэтыя майстры. Не даюць засумаваць. І іх навагодні праект «Калі елкі былі вялікія», які па традыцыі праводзіцца ў горадзе напярэдадні свята, ніколі яшчэ не быў падобны на папярэдні. Ранейшым застаецца толькі месца дзеяння — гарадская выставачная зала па вуліцы Болдзіна. Менавіта тут аднымі з першых запальваюцца навагоднія ёлкі і пачынаецца выстаўка-кірмаш з падарункамі і сюрпрызамі. Праект вяртае ў атмасферу дзяцінства і дазваляе стаць крыху чараўніком, крыху дзіцем, крыху майстрам. Летась, напрыклад, сюды запрашалі вядомых у горадзе людзей, каб яны прачыталі ўрыўкі з твораў любімых аўтараў. А сёлета вырашылі правесці серыю майстар-класаў. Такім чынам можна і пра сябе нагадаць, і магіляўчанам падказаць, як не сумна сустрэць Новы год. Карэспандэнт «Звязды» паназірала за працэсам. Урок якраз брала намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка.


Ала Смалякова дэманструе анёла з дызайнерскай ёлкі.

Тайна снегавіка ў арабінавых каралях

«Снегавік — гэта значыць, што ён вылеплены са снегу...» — спяваецца ў адной дзіцячай песеньцы. Але ў нашым выпадку снегавік увасобіўся ў гліне. Кераміст Руслан Сямёнаў думаў спачатку, што яго вучаніца абярэ свінку — яна ж гераіня будучага года. На майстар-клас ён прынёс шмат нарыхтовак сімпатычнай дзюдзі і ўсяго некалькі снегавікоў. Але Ала Галушка нечакана ўзяла ў рукі снегавіка. Кажа, што ў дзяцінстве часта займалася гэтым персанажам.

На стале шмат фарбаў і пэндзляў, майстар падказвае, які выбраць. Задача вучаніцы размаляваць цацку на свой густ. Яна бярэ ў рукі інструмент, і снегавік пачынае «ажываць». Пад прыемную работу надзвычай лёгка ажываюць навагоднія ўспаміны.

— Я сама з Горак, бацька там працаваў выкладчыкам у сельгасакадэміі, — прыгадвае яна сваё дзяцінства. — Калі я была маленькая, мы жылі ў інтэрнаце. Нас ўсіх гэта агульнае жыллё вельмі яднала. Ніколі не забуду, як мы сустракалі Новы год. Збіраўся цэлы паверх, разам адзначалі, хадзілі адзін да аднаго ў госці цэлую ноч. Мы не вельмі прытрымліваліся нейкіх там традыцый, але ўсё рабілі разам. Нас апраналі ў навагоднія касцюмы, мы выступалі, спявалі, расказвалі вершы. Памятаю, была такая вялікая каробка цукерак, адна з якіх вельмі прыгожая ў яркай фользе. Я вельмі старалася выступіць як мага лепей, каб атрымаць гэтую цукерку.

А яшчэ ў дзяцінстве я хадзіла ў тэатральную студыю, да Новага года мы рыхтавалі казку «Лятучы галандзец», і я іграла там ролю прынцэсы. На прэм'еру сабраліся ўсе мае аднакласнікі. А я была ў кароне, такая прыгожая...

Выстаўка «Ёлкі ў фота».

Пад шчырыя гутаркі снегавік непрыкметна «апрануўся» ў белы каптан, і, калі б не майстар, напэўна, пэндзаль з белай фарбай паступова перайшоў бы і на капялюш. Ох ужо гэтыя ўспаміны, так зацягнуць, што пра ўсё забудзешся. Дык на чым мы там прыпыніліся? З чаго пачынаецца Новы год?

— Вядома ж са снегу, з ёлкі. У мяне, праўда, зараз яна штучная, але некалькі жывых галінак абавязкова прысутнічаюць. Стараюся ў кожным пакоі зрабіць навагодні куточак. Нават у ваннай у мяне зімовая кампазіцыя са свечкамі. Вялікія застоллі не рыхтуем, але які Новы год без салаты аліўе? Мандарыны, шампанскае і цукеркі таксама павінны быць. Люблю выключыць святло, уключыць ёлку, сесці на канапу і глядзець на агеньчыкі. Вельмі люблю падарункі. У дзяцінстве мы радаваліся цукеркам. А калі там знаходзілі яшчэ і мандарыны, шчасцю не было мяжы. Адкрыю сакрэт: усе падарункі для маіх аднакласнікаў рабіла мая маці. У нас дома збіраліся яе сяброўкі з бацькоўскага камітэта і дапамагалі. Бацька прыносіў з гаража яблыкі, мы іх мылі, націралі, каб яны блішчалі. Хацелася, каб усе былі задаволеныя. Да Новага года купляліся шкляныя шары, і нават калі яны біліся, іх не выкідвалі. Прыклейвалі ўсё, што засталося ад іх, на вату і рабілі карону...

На каптане снегавіка з'яўляюцца спачатку рабінавыя каралі, потым блакітныя сняжынкі. Майстар ужо нават і не ўмешваецца ў работу сваёй вучаніцы. Ды і навошта, калі яна такая здольная.

— Чароўных дванаццаці гадзін чакалі ўсе, але дацягваў не кожны, — усміхаецца яна, робячы ўжо апошнія штрыхі. — Памятаю, як шмат гасцей было каля нашай навагодняй ёлкі. І дарослым, і дзецям — усім было весела. Хацелася, каб свята доўжылася бясконца. Я і зараз яго чакаю. У мяне нават ёсць свой рэцэпт загадвання жаданняў. Пад бой курантаў трэба напісаць на паперцы сваю мару, спаліць яе і выпіць з шампанскім. Працуе нават, калі запісваць жаданне ў нататнік. Толькі трэба загадваць яго ў цяперашнім часе. Напрыклад, я падарожнічаю па Іспаніі і сустракаюся з цікавымі людзьмі. І не разменьвайцеся на дробязі...

Дрэўца з гісторыямі ад магіляўчан

Снегавік Алы Галушкі папоўніў эксклюзіўную калекцыю для ёлкі ад магілёўскіх рамеснікаў.

— Першыя 12 навагодніх цацак у нас ужо ёсць, — радуецца Ала Смалякова. — Калі рыхтавалі выстаўку, успомнілі, што шмат хто з нас у дзяцінстве рабіў нешта для навагодняй ёлкі сваімі рукамі. Так прыйшла ідэя запрасіць вядомых у горадзе людзей, якія ўнеслі сваю лепту ў яго развіццё, і зрабіць вось такі ўнікальны набор.

Удзельнікам давалі магчымасць рэалізавацца з улікам іх прафесій. Напрыклад, хірург Дзмітрый Сарокін, аўтар медзведзяняці, працаваў як і трэба са скурай і ніткамі. Аляксандр Гарадкоў, мастацкі кіраўнік магілёўскіх гарадскіх аркестраў, зрабіў шар у тэхніцы дэкупажу. Дырэктар гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса Вольга Волкава змайстравала шыкоўную падвеску. На вочы трапляюць дзве паловы яблыка. Іх нават можна прыняць за старадаўнія цацкі з ваты. Але гэта таксама справа рук удзельнікаў майстар-класаў. Іх аўтары — начальнік упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірына Жабарава і яе намеснік Марына Клепчукова. Сярод майстроў, якія давалі ўрокі, была і вядомая па сваім сацыяльным праекце «Тэрыторыя людзей» Алеся Цумарава, тая самая, якая дапамагае людзям з абмежаванымі магчымасцямі знайсці сваё прызначэнне ў жыцці. «Звязда» неаднаразова пісала пра гэтую мужную маладую жанчыну. На выстаўцы наогул шмат работ, зробленых рукамі людзей, якіх сабрала вакол сябе Алеся.

Ала Галушка стварыла снегавіка пад кіраўніцтвам Руслана Сямёнава.

— Яшчэ шмат засталося вядомых у горадзе асоб, якіх хацелася б запрасіць на наш праект, — кажа Ала Смалякова. — Налета, магчыма, майстар-класы стануць яшчэ і калектыўнымі.

Акрамя аўтарскай ёлкі на выстаўцы шмат чаго іншага цікавага і незвычайнага. Напрыклад, фотавыстаўка з тварамі вядомых у Магілёве людзей. Ідэю аб'яднання рамеснікаў нечакана дружна падтрымалі і артысты, і дзяржслужачыя, і ўрачы... Вось фота маленькага Андрушы на навагоднім ранішніку — цяпер гэта намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч. Яшчэ ў адным хлопчыку ў касцюме Арлекіна пазнаю сённяшняга старшыню Камітэта эканомікі Руслана Страхара. Ён з самазабыццём расказвае верш Дзеду Марозу. Сур'ёзны кучаравы малы на банкетцы — гэта вядомы сёння артыст і рэжысёр Магілёўскага драмтэатра Уладзімір Пятровіч. Па суседстве дзіцячыя фота артыстаў тэатра Рыгора Белацаркоўскага, Галіны Лабанок... А вось і Ала Смалякова ўласнай персонай — сціплая дзяўчынка ў касцюме Снягуркі. Шмат дзіцячых фота медыйных асоб — супрацоўнікаў тэлеканала «Беларусь 4. Магілёў» Алесі Рыбалкі, Юрыя Пракапенкі, Мікалая Каманцава... Тут жа дзіцячае фота дырэктара «Магілёўзелянбуда» Пятра Аляксейчыкава, Дзмітрыя Сарокіна ў коле сям'і, ён, дарэчы, хірург у другім пакаленні. Ёсць наогул рарытэтныя фота. Напрыклад, на фоне высачэзнага вершніка на кані каля Дома Саветаў. Калісьці была традыцыя ляпіць там снежныя фігуры.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Майстар-клас каля навагодняй ёлкі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.