Вы тут

Ці можа беспрацоўны стаць айцішнікам?


У Віцебскай вобласці 2179 беспрацоўных — сёлета іх на 40 % меней, чым летась. А вакансій прыкладна 6680 — на 55 % больш.


Адпаведныя заданні ўрада і аблвыканкама па працаўладкаванні выкананы амаль што на 100 %. Тых, каму дапамаглі знайсці сябе на рынку працы, — каля 19,3 тысячы чалавек. Гэта тыя, хто афіцыйна не стаў беспрацоўным, але трапіў пад скарачэнне ці страціў работу ў іншых выпадках.

Узровень сярэдняй зарплаты ў рэгіёне — 849 рублёў — на 19,4 % больш, у параўнанні з канцом мінулага года.
У Віцебскай вобласці ўзровень беспрацоўя не вылучаецца на фоне іншых — 0,4 %. Аналагічны ўзровень напружанасці на рынку працы.

У глыбінцы па-ранейшаму вельмі запатрабаваныя трактарысты, аграномы, жывёлаводы, аператары машыннага
даення. А таксама — леснікі і фельчары.

А ў цэлым па вобласці не хапае швачак, кіроўцаў, кухараў, зборшчыкаў абутку, фрэзероўшчыкаў, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання і гэтак далей.

Заробкі для некаторых дэфіцытных спецыялістаў годныя. Даяркам, напрыклад, прапануюць каля 1000 рублёў, кіроўцам нават 1200, заатэхнікам — каля 1,1 тысячы. Нават прыбіральшчыкам гатовыя плаціць каля 730 рублёў у месяц.

Канешне, не ўсюды, але, калі паспець заявіць пра сабе, возьмуць на работу.

Можна і падпрацаваць: на зборы камянёў, прыборцы тэрыторый і гэтак далей. Сёлета ўсяго каля чатырох тысяч чалавек бралі ўдзел у такіх так званых грамадскіх аплачваемых работах.

Дарэчы, афіцыйна беспрацоўным аўтарам тэкстаў могуць выдзеліць суму на набыццё абсталявання, арэнду памяшкання, аплату сувязі і гэтак далей. Сума, якую не трэба вяртаць, немалая — да 15 базавых велічынь (памер адной — 24,5 рубля). Але пералічаць грошы, калі будзе ўзгоднены бізнес-план, і атрымаецца рэальны вынік. У маім выпадку — артыкулы, якія надрукавалі б.

На жаль, курсаў на «біржы працы», каб ахвотных вучылі на айцішнікаў, на сёння няма. Але, калі чалавек недзе вывучыцца за свае грошы або самастойна асвоіць гэтую дзейнасць, па згаданай вышэй схеме дапамогуць стварыць рабочае месца.

Між іншым, ёсць прыклады, калі людзі з вышэйшай адукацыяй становяцца рамеснікамі. Напрыклад, адзін зарабляе на веніках!

А чаму б інтэлігенту не заняцца сельскім турызмам? Тым больш што падатак — базавая велічыня ў год.

Дарэчы, Віцебшчына лідзіруе па перасяленні сем'яў у сельскую мясцовасць. Сёлета — больш за 40 сем'яў. А за апошнія пяць гадоў вяскоўцамі сталі больш за 1000 чалавек.

Як той казаў, чалавеку ініцыятыўнаму можна заняцца і бізнесам. У вобласці нямала магчымасцяў у рамках розных праектаў нават бясплатна навучыцца азам прадпрымальніцтва. Сёлета 170 чалавек, у асноўным з вышэйшай адукацыяй, распачалі сваю справу.

Камітэт па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама спрыяе ўладкаванню на работу некаторых катэгорый грамадзян з дадатковымі гарантыямі занятасці.

Напрыклад, для тых, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, — бронь на прадпрыемствах. Сярод ільготнікаў і былыя выпускнікі, якім трэба даць першае рабочае месца...

Камітэтам фінансуецца стварэнне рабочых месцаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На адным з прадпрыемстваў пабываў аўтар гэтых радкоў.

Дырэктар вытворчага ўнітарнага прадпрыемства грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства глухіх» Аляксандр Кананенка расказаў, што тут працуе каля 170 чалавек. Вырабляюць мяккую і корпусную мэблю, пасцельную бялізну, спецадзенне. У асартыменце прадукцыі нават шнуркі для канькоў хакеістаў розных колераў і мадэляў.

Паказаў абсталяванне, якое набылі пры падтрымцы камітэта па працы. Працуюць у здаровых канкурэнтных умовах: выйграюць тэндары на пастаўку мэблі.

Сярэдні заробак на прадпрыемстве 522 рублі. Плюс налічаецца пенсія па інваліднасці. У адрозненне ад людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ёсць такія, хто з-за сваёй ляноты працаваць не жадае. На Віцебшчыне тых, хто нідзе афіцыйна не працуе, пры гэтым не інваліды і не беспрацоўныя, каля 74 тысяч чалавек.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».