Вы тут

Пад Новы год — кватэру


Алена Шкалко нават не разлічвала, што сёлетні Новы год яна з сям'ёй сустрэне ў сваёй кватэры. Толькі пасля звароту да дэпутатаў Гродзенскага абласнога Савета яе мары сталі рэальнасцю. Каб дапамагчы маладой сям'і, службы Шчучынскага раёна ўзялі на сябе ролю добрых чараўнікоў. І пад Новы год сям'я ўрачыста атрымала не толькі адрамантаваную кватэру, але і шмат падарункаў.


Сваю гісторыю Алена Шкалко расказала падчас сустрэчы з дэпутатам абласнога Савета, намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктарам Лісковічам, які праводзіў у Шчучыне прыём грамадзян. На ім прысутнічала і намеснік старшыні райвыканкама, таксама дэпутат абласнога Савета Алена Пасюта. Яна ўспамінае:

— Я добра памятаю тую сустрэчу, бо сама якраз напярэдадні заступіла на новую пасаду, а крыху раней была абрана ў абласны дэпутацкі корпус. Можна лічыць, што гэта стала маім першым выпрабаваннем на годнасць. Хацелася максімальна поўна задаволіць патрэбы тых, хто прыйшоў на прыём. Адразу звярнула на сябе ўвагу жанчына з двума дзецьмі, адно з якіх — інвалід. Аказалася, што яе завуць Алена Шкалко. Яна расказала простую, але разам з тым шчымлівую гісторыю сваёй сям'і. І тое, як яна гаварыла, як бязмерна клапацілася пра свайго мужа і дзяцей, вельмі падкупляла.

Як высветлілася, жанчына не адзін год шукала шчасце ў горадзе, выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей. Але жыццё складвалася не вельмі спрыяльна, таму ў рэшце рэшт сям'я прыняла рашэнне вярнуцца на малую радзіму Алены — у вёску Дубрава, дзе жыве яе маці. Туды летась і пераехала маладая сям'я. Муж уладкаваўся жывёлаводам у мясцовую гаспадарку — філіял «Жалудоцкі агракомплекс», Алена гадавала дзяцей. Але бытавыя ўмовы, цесната, а галоўнае — пячное ацяпленне, негатыўна ўплывалі на стан здароўя дзетак, асабліва малодшай дачкі — інваліда.

— Мы ўзялі гэта пытанне на кантроль, — растлумачыла дэпутат і намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта. — Падключыліся шматлікія службы — гэта і сельскі Савет, і жыллёва-камунальная гаспадарка, і сельгаспрадпрыемства. Сталі думаць, як дапамагчы маладой сям'і.

І выйсце знайшлося. У вёсцы Дубрава пуставала кватэра з жыллёвага фонду камерцыйнага прызначэння ў васьмікватэрным доме. Былыя жыхары з'ехалі, але кватэра патрабавала істотных сродкаў. Да таго ж былі праблемы ў юрыдычным плане. Але перад дэпутатамі стаяла канкрэтная задача — дапамагчы сям'і і падрыхтаваць кватэру для пражывання.

— Хачу асабліва звярнуць увагу на станоўчы вопыт міжведамаснага ўзаемадзеяння, — падкрэсліла Алена Пасюта. — Калі і мясцовае сельгаспрадпрыемства, і раённая ЖКГ, і школа, і райвыканкам пачалі рабіць агульную справу. Былі знойдзены сродкі, каб за некалькі месяцаў адрамантаваць кватэру і даць магчымасць ім засяліцца.

Такім чынам, былі заменены вокны, дзверы, ацяпленне, сантэхніка. За кошт спонсараў атынкавалі сцены, столь, паклалі лінолеум. Жыхары выказалі жаданне рабіць далейшы рамонт самі, на свой густ. А нядаўна сям'ю Шкалко наведалі прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый і, канешне, іх спонсары. Яны прыйшлі ў новую кватэру з падарункамі.

— Нам вельмі прыемна ўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» з рэальнай справай, — адзначыла Алена Пасюта. — Няхай дзеткі растуць шчаслівыя ў гэтым доме.

Сям'я падзякавала ўсім, хто далучыўся да добрай справы, дапамог з вырашэннем жыллёвага пытання, рамонтам і добраўпарадкаваннем. Напярэдадні Новага года ў маладой сям'і пачынаецца і новы адлік часу, больш шчаслівы. Як яны ўпэўніліся, па шчасце не трэба далёка ехаць, яно тут, на малой радзіме.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Алы БІБІКАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.