Вы тут

Што змянілася ў Беларусі 1 студзеня


Вырастуць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі

З 1 студзеня вырастуць (сумарна на 3,9 долара) тарыфы на паслугі газа-, электра- і водазабеспячэння, водаадвядзення, па капітальным рамонце, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дома, памеры кампенсацыі выдаткаў на электраэнергію. А вось тарыфы на тэхабслугоўванне жылога дома, ліфта, абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі захоўваюцца на ўзроўні 2018 года.


Павялічыцца мінімальная заработная плата

З 1 студзеня 2019 года змяняецца памер месячнай мінімальнай заработнай платы. Яна будзе складаць 330 рублёў. Нагадаем, у 2018 годзе «мінімалка» была роўная 305 беларускім рублям.


Не занятыя ў эканоміцы пачнуць кампенсаваць 100% выдаткаў за камунальныя паслугі

Грамадзяне, уключаныя ў спісы не занятых у эканоміцы, будуць плаціць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах за гарачае водазабеспячэнне (падагрэў вады).

Калі беспрацоўны пражывае адзін, то за названыя ЖКП ён заплаціць у поўным аб'ёме. Калі ён жыве з членамі сям'і, то прапарцыйна колькасці аказаных яму паслуг.

У выпадку пражывання ў кватэры дзвюх не занятых у эканоміцы грамадзян, названыя вышэй ЖКП будуць налічвацца па поўных тарыфах у дачыненні да абодвух.

Аднак калi плацельшчыкам жыллёва-камунальных паслуг з'яўляецца працуючы або пенсіянер і з ім пражываюць не занятыя ў эканоміцы, то плата будзе налічваецца па агульных правілах.


Плацельшчыкі адзінага падатку змогуць выбіраць рэжым падаткаабкладання

Фота bizlida.by

Калі сёння адзіны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца пэўнымі працамі або аказваюць асобныя віды паслуг, з’яўляецца абавязковым, то з 1 студзеня яны атрымаюць магчымасць выбраць той падатковы рэжым, які іх задавальняе: можа быць захаваны рэжым выплаты адзінага падатку, можна выбраць спрошчаную сістэму падаткаабкладання або перайсці на агульную сістэму выплаты падаходнага падатку.


Пачнуць дзейнічаць новыя нормы ўвозу тавараў у Беларусь

З 1 студзеня 2019 года ў Беларусь можна будзе ўвозіць тавары не даражэй за 500 еўра з агульнай вагой не больш за 25 кг.

На працягу 2018 году дзейнічалі наступныя нормы: калі беларусы ездзілі за мяжу не часцей за адзін раз у тры месяцы, яны маглі правозіць да 50 кілаграмаў тавараў для асабістага карыстання коштам не вышэй за 1500 еўра. Тыя, хто ездзіў часцей, - не больш за 20 кілаграмаў на суму 300 еўра.


Вырасце ліміт на бяспошлінныя пасылкі

У Беларусі штомесячны ліміт на бяспошлінныя пасылкі павялічылі з 22 еўра і 10 кг да 200 еўра і 31 кг (у сукупнасці). Пры гэтым прадугледжваецца разавая норма аднаго адпраўлення ў памеры 22 еўра і 10 кг.


Зменіцца памер базавай велічыні, а значыць, пошлін і штрафаў

Базавая велічыня з 1 студзеня 2019 г. вырасце да 25,5 рублёў.

З 1 студзеня 2018 года базавая велічыня складае 24,5 рубля. Такім чынам, яна вырасце на рубель. Следам паднімуцца памеры пошлін, збораў і штрафаў, прывязаных да базавай.

Нагадаем, у 2017 годзе базавая велічыні вырасла на 2 руб., у студзені 2018 - на 1,5 руб.


Вырасце грашовае забеспячэнне салдат тэрміновай службы

Фота vsr.mil.by

З 1 студзеня памер грашовага забеспячэння ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы павялічыцца больш чым у два разы і складзе ад 29,25 да 62,79 рублёў у месяц, у залежнасці ад пасады і класнай кваліфікацыі спецыяліста. Павышэнне грашовага забеспячэння тычыцца толькі салдат і сяржантаў, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу.


Зменяцца ўмовы выплаты пенсіі па ўзросту

З 1 студзеня 2019 года будзе дзейнічаць новы пенсійны ўзрост: для мужчын - 61 год і 6 месяцаў, для жанчын - 56 год і 6 месяцаў.

Пенсія будзе прызначацца, пачынаючы з другога паўгоддзя, для мужчын, народжаных з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1958 года, і для жанчын, народжаных з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1963 года.

Мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання пенсіі, таксама павялічыцца: з 16,5 гадоў да 17 гадоў.


Павялічыцца час прыёму пацыентаў урачамі агульнай практыкі

Урачы, якія абслугоўваюць дарослых і дзяцей, на першасным прыёме будуць надаваць пацыентам 20 хвілін сваёй увагі замест ранейшых 15. На прафілактычны прыём адводзіцца ўжо 15 хвілін, а не 10, як раней.

Дактарам, якія абслугоўваюць толькі дарослых, час першаснага прыёму павялічылі з 15 да 18 хвілін, а прафілактычны агляд - 13 замест ранейшых 10 хвілін.


Беларускім будаўнікам павялічаць заробак

Фота: tsn24.ru

Са студзеня 2019 года ў Беларусі плануюць на 30-35% павысіць заработную плату ў будаўнічай сферы. Пры гэтым розныя ўмовы ў аплаце працы для рабочых у сталіцы і рэгіёнах будуць ліквідаваны.


На сайтах дзяржорганаў стане абавязковай беларуская мова

З 1 студзеня ўсе дзяржаўныя органы абавязаны дубляваць асноўную інфармацыю на дзвюх дзяржаўных мовах. Пры гэтым дадзены закон распаўсюджваецца не толькі на сайты дзяржаўных органаў, але таксама на любыя інтэрнэт-парталы гаспадарчых суб'ектаў, дзе дзяржава валодае доляй уласнасці. Аднак гэтае правіла двухмоўя не распаўсюджваецца на навіны, якія публікуе орган або арганізацыя. Таксама з 1 студзеня ўладальнікі сайтаў абавязаны зрабіць іх даступнымі для інвалідаў па зроку.


Планавыя праверкі суб'ектаў гаспадарання заменяць выбарачнымі

Замест планавых праверак у краіне ўводзіцца новая форма кантролю - выбарачныя праверкі, заснаваныя на сістэме ацэнкі рызыкі ўчынення суб’ектам гаспадарання правапарушэнняў і высокай ступені іх негатыўных наступстваў.

Адбор прадпрыемстваў для праверак будзе праводзіцца з дапамогай інтэграванай аўтаматызаванай сістэмы кантрольнай дзейнасці ў Беларусі.


Зменіцца фінансаванне школ

З 1 студзеня ўсе школы будуць атрымліваць сродкі па нарматыве з разліку на аднаго вучня. Да гэтага часу ў Беларусі дзейнічала каштарыснае фінансаванне школ. Нарматыўнае фінансаванне ўводзіцца для таго, каб паставіць ўстановы адукацыі і навучэнцаў у роўныя ўмовы.


Адменяць указ аб ілжэпрадпрымальніцтве

Было вырашана цалкам адмяніць гэты ўказ з адначасовай рэалізацыяй палажэнняў, якія накіраваны на спыненне ілжэпрадпрымальніцкай дзейнасці, у Падатковым кодэксе.


Змяняецца парадак выдачы візаў у Польшчу

Паняцце візы «на закупы» знікне. З гэтага часу беларусам давядзецца падаваць дакументы на турыстычную візу. Пры гэтым спатрэбіцца браніраваць гатэль або мець дагавор арэнды жылога памяшкання. А ў Турцыі, дарэчы, з 1 студзеня з'явіцца падатак на бяспеку, які трэба будзе аплаціць у аэрапорце па прылёце.


Зніжаюцца экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты

Стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту будзе зніжана з $135,1 да $89 за 1 т. Пошліна на прамагонны бензін знізіцца з $74,3 да $48,9 за 1 т, на таварныя бензіны - з $40,5 да $26,7 за 1 т .Пошліна на лёгкія, сярэднія дыстыляты складзе $26,7 за 1 т (была $40,5). Такая ж пошліна ўстаноўлена ў дачыненні да дызельнага паліва, бензолу, талуолу, ксілолу, змазачных і іншых маслаў.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.