«Ходзіць дзед белабароды // Полем, лесам, пералескам, // Засцілае рэчкі лёдам, // Брыльянцістым снежным блескам. // Сыпле іней на бярозы, // Туліць дрэвы лёгкім пухам, // Крые руні, травы, лозы // Белай посцілкай-кажухам...»
Гэты верш Якуба Коласа яго малодшы сын Міхась Канстанцінавіч не раз чытаў і сваім дзецям-унукам-праўнукам, і чужым. Гучаў ён і на адной з творчых сустрэч у музеі класіка, прычым у голасе Міхася Канстанцінавіча было столькі душэўнага цяпла, што яно лёгка перадавалася слухачам — разам з яркай карцінай іх утульнага сямейнага побыту.
— У нашай сям'і і сапраўды панавалі добрыя, паважлівыя адносіны, — гаворыць Міхась Канстанцінавіч. — Мама, Марыя Дзмітрыеўна, вельмі клапацілася пра ўсіх. Бацька, напрыклад, дрэнна спаў ноччу (максімум тры-чатыры гадзіны), затое меў звычку адпачыць пасля абеду. Мама сачыла, каб у хаце ў гэты час было ціха, каб яго ніхто не турбаваў. Яна вельмі хвалявалася за татава не багатырскае здароўе: ён 26 разоў перанёс запаленне лёгкіх, яшчэ ў турме нажыў хваробу страўніка. Для яго мама купляла мёд у сотах. І наогул яна была вельмі добрая, сціплая, уважлівая — і да нас, сваіх сямейнікаў, і да чужых людзей.
Колас таксама быў прыкладам бацькі: заўсёды гутарыў з намі, цікавіўся справамі, чытаў нам кніжкі, падтрымліваў захапленні... Любіў ён і гаспадарыць: пілаваць ды секчы дровы, чысціць ад снегу сцежкі... Пасля вайны пасадзіў чатыры дубочкі, а паміж імі — бярозку. І назваў іх: Даніла, Міхась, Юрка, Колас і Марыя. Гэтыя дрэвы і сёння растуць каля музея, толькі маміна бярозка засохла...
Неяк мне прапанавалі напісаць пра маму ўспаміны, і шкада, што матэрыялаў аказалася зусім няшмат: яна, паўтаруся, была вельмі сціплая, старалася нічым не вылучацца. Ды і не расказвалі нам бацькі пра тое, што ў іх жыцці было... Праўда, пра адзін цікавы момант я даведаўся. Аднойчы мама знайшла ў бацькавай кішэні запісную кніжачку, поўную любоўных вершаў. Допыт ладзіць не стала, толькі спытала: «Костусь, гэта што такое?». Бацька мякка, але настойліва пачаў даказваць, што вершы прысвечаны ёй. «Я разумею, што мне, — адказала яна. — Але чаму ты пасля вяселля нічога не напісаў?..»
Гэты эпізод ёсць у маёй кнізе «Пад бацькоўскім дахам».
— У вас таксама былі далікатныя адносіны з жонкай?
— Так, мы рэдка калі спрачаліся, хоць у нечым былі і рознымі. Напрыклад, яна была савою, позна клалася спаць, а я — жаўрук, яна любіла гуляць у карты, я — не...
— А як вы пазнаёміліся?
— Мы тады былі студэнтамі Маскоўскага авіяцыйнага інстытута. Наташа, прыехаўшы да бацькоў у Мінск, забылася тут студэнцкі пропуск. Янка Маўр, яе бацька, папрасіў мяне завезці, а я, аддаючы дакумент, узяў ды ляпнуў, што на фотакартачцы яна прыгажэйшая...
— «Добры» пачатак... Але ж пасля вы не пакінулі дзяўчыну без знакаў увагі?
— Так, яна мне адразу запала ў душу. Мы сталі сустракацца. Потым было вяселле, 65 гадоў сумеснага жыцця і галоўнае багацце — трое нашых дзяцей: Сяргей, Канстанцін і Марыя.
На вялікі жаль, шэсць гадоў таму Наташы не стала. Яна была вельмі добрая, разумная жанчына і клапатлівая маці.
— Я неяк бачыла вас у філармоніі. Вы вельмі ўважліва слухалі музыку.
— О, я яе вельмі люблю! У дзяцінстве мама прымушала мяне граць на скрыпцы, але ахвоты, на жаль, не было. Класы чатыры сяк-так правучыўся... Праўда, хадзіў на ўсе выступленні, якія ладзіліся ў музычнай школе. А неяк мама павяла мяне ў парк Горкага на канцэрт філарманічнага аркестра. Дырыжыраваў Аркадзь Бяссмертны. Гучала «Кампанела» Ліста, «Фарандола» Бізэ... Я быў узрушаны гэтай музыкай! З тых часоў і стаў прыхільнікам класікі, што, дарэчы, вельмі зблізіла нас з Наталляй. Мы да паўночы маглі слухаць канцэрты з конкурсаў шапэнаўскай музыкі... Пазней, калі сталі распаўсюджвацца запісы, куплялі пласцінкі Моцарта, Вівальдзі, Бетховена. Гэта цудоўна! Слухаеш — і душа напаўняецца радасцю...
Вельмі любілі і фільмы з удзелам майстроў опернай музыкі Ціта Гобі, Беньяміна Джыльі. Потым з'явіліся Лучана Павароці, Хасэ Карэрас, Марыя Калас. Слоў не знайсці, каб перадаць прыгажосць гэтых галасоў!..
Наша захапленне перадалося малодшаму сыну Кастусю. Ён паўзарплаты, відаць, аддае на запісы, грунтоўна ведае музыку, можа нават лекцыі чытаць па музыказнаўстве. Мы не ўключаем радыё, бо цяпер эфір забівае безгалосая папса. Па вечарах слухаем Афенбаха, Расіні, Вердзі, Даніцэці. Боская музыка!
— Бачу на вашым стале мноства выдатных, па-майстэрску зробленых вамі фотаздымкаў, псіхалагічных фотапартрэтаў, шмат рукапісаў... Скажыце, над чым працуеце зараз?
— Пачаў рыхтаваць для Беларускай энцыклапедыі матэрыял аб акружэнні Коласа. Тут трэба шмат папрацаваць, ахапіць ташкенцкі і маскоўскі перыяды, напісаць пра людзей, якія бывалі ў нас. Гэта вельмі вялікая праца. Але ж, калі Бог дасць сілы, напішу.
— На вечарах паэзіі вы па памяці чытаеце велізарныя ўрыўкі з паэм «Новая зямля», «Сымон-музыка», цікава расказваеце розныя бываліцы. Гэта ў вас ад бацькі?
— У мяне сапраўды каля сотні эпіграм і прысвячэнняў маім сябрам. Многія з іх цяпер і не ўспомню, бо не запісаў. Але сёе-тое захавалася.
— А яшчэ вы захапляецеся кулінарыяй.
— Так. Наташа была цудоўная гаспадыня, вельмі смачна гатавала. Мы з ёй любілі бываць у кампаніях, часта збіралі сяброў, асабліва пасля таго, як я прывозіў з палявання якую-небудзь дзічыну: качак, цецярукоў, зайцоў.
Але... Неяк яна была на курсах павышэння кваліфікацыі ў Баўманскім інстытуце, я застаўся гаспадарыць ды так і прывык. Памятаю, паехаў з сябрам у грыбы ў Налібоцкую пушчу, набраў два кашы. Дома падлічыў: 1440 цудоўных зялёнак і падзялёнак! Самыя лепшыя адабраў для засолкі, астатнія адварыў, дробна парэзаў курынае мяса, дадаў яго да грыбоў разам з цыбуляй і паставіў тушыць. Потым, гатовае, заліў сметаннай падліўкай — атрымалася такая смаката! Патэлефанаваў сябру: «Хочаш смачна паесці — прыходзь!» Дык той нават прыбег! Мы з ім усё і з'елі. Гэта была цудоўная страва!..
Пазней я прачытаў кнігу вядомага фінскага міколага Мауры Корханена «100 грыбоў». Там напісана, што іх гатуюць з мясам фазана. А ў мяне была курыца: я сам прыдумаў, што яе так можна гатаваць.
— Напэўна, гэта не першая ваша рацыяналізатарская вынаходка ў галіне кулінарыі?
— Не. Аднойчы пасля ўдалага палявання на возеры Белым я зрабіў незвычайны паштэт з качак. Да мяса дадаў печань, сэрца, сала, цыбулю, макарону, патушыў, перакруціў на мясарубцы і запёк. Атрымалася вельмі смачна!..
З ежай я шмат эксперыментаваў: варыў кашу з гарбуза, яблыкаў і проса, да астаткаў грачанай кашы дадаваў крыху мукі, соды, пагашанай кефірам, яйка і пёк бліны. Бацька, дарэчы, расказваў, што грачанікі гатавала яго маці, а мая, значыць, бабуля. Тое ж можна зрабіць з рэшткаў прасянай кашы.
— Прадчуваю, якім поспехам будуць карыстацца гэтыя стравы, бо, некага імі частуючы, можна будзе з гонарам сказаць: маўляў, зроблена па рэцэпце Міхася, сына Якуба Коласа!
— Буду толькі рады! Я наогул многае магу гатаваць. Толькі пірагі пячы не ўмею, але ж калі б захацеў, то спёк бы, бо нездарма людзі кажуць, што млын моцны вадой, а чалавек — ядой. Ва ўсім свеце лічыцца, што найлепшыя кухары — мужчыны. Я ведаў аднаго акадэміка, які пёк цудоўныя піражкі з капустай і грыбамі.
А ў нашай сям'і заўсёды было шмат розных нарыхтовак. Заcольвалі, напрыклад, па 20 літраў чорных груздоў. Смаката! І на ўсю зіму выдатны дадатак да бульбы! Збіралі травы для гарбаты... У прыродзе шмат карыснага, да ўсяго цяжка дайсці сваім розумам, патрэбна падрыхтоўка. І ва ўсім павінна быць логіка, абгрунтаванне — як у навуцы, так і ў жыцці.
— Дзякуй вам за каштоўныя жыццёвыя парады. Але ж хочацца хоць трохі пазнаёміцца з той сур'ёзнай навукай, якой вы прысвяцілі больш за паўстагоддзя свайго жыцця, працуючы ў Акадэміі навук Беларусі, напісаўшы больш за 150 работ і зрабіўшы каля 20 адкрыццяў!
— Калі коратка, я займаўся вывучэннем асноў і магчымасцяў электрафізічных метадаў апрацоўкі металаў (з дапамогай электрычнай іскры). Гэта незвычайна загадкавая з'ява — электрычная эрозія металаў! Быў назапашаны значны аб'ём найкаштоўнейшай навуковай інфармацыі, засвоена некалькі простых тэхналагічных працэсаў, якія знайшлі прымяненне на многіх заводах краіны. Распрацоўкі нашай лабараторыі запатрабаваныя навуковымі цэнтрамі Расіі, Украіны, вядомыя ў ЗША і Еўропе.
Згадзіцеся, зайздросны лёс у майго суразмоўніка! Бацька — класік беларускай літаратуры; маці — настаўніца; старэйшы брат Даніла быў навукоўцам-хімікам; сярэдні — Юрый да вайны вывучаў геаграфію. Сам Міхась Канстанцінавіч — вядомы вучоны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Яго нябожчыца-жонка Наталля Іванаўна шмат гадоў выкладала ў Палітэхнічным інстытуце. Дачка Марыя абрала матэматыку, унучка Васіліна — сацыялогію, старэйшы сын Сяргей — інжынер-канструктар, малодшы Канстанцін — выкладчык рускай і беларускай моў.
Міхась Канстанцінавіч ганарыцца тым, што дачка, сын і ўнучка скончылі БДУ з чырвонымі дыпломамі. З гэтай нагоды ён напісаў жартоўны вершык: «Хай нашы дзеці вырастуць свядомымі // І пракладуць жыццёвы шлях свой самі. // Хай свецяцца яны чырвонымі дыпломамі, // А не чырвонымі насамі».
Валянціна ПАЛІКАНІНА
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».