Вы тут

Начное дзяжурства журналіста ў кампаніі міліцыянераў і сабакі


Трэцюю запар навагоднюю ноч карэспандэнт «Звязды» праводзіць з міліцыянерамі. Пазалетась — з АМАПам, летась — у аператыўна-дзяжурнай службе УУС і ДАІ. А ў апошнія хвіліны адыходзячага года пачалося дзяжурства з супрацоўнікамі Дэпартамента аховы.


А дзе сабака?

Перад выездам з міліцыяй міжвольна хацелася (бадай, у тысячны раз) паглядзець камедыю «Іронія лёсу, або З лёгкай парай». Калі ў Жэні, галоўнага героя, традыцыя штогод 31 снежня хадзіць з сябрамі ў лазню, у мяне — па міліцэйскія рэпартажы. Чаму? З чаго? Падабаецца! І вельмі рады, што чарговы раз стаў спадарожнікам людзей, якія, як высветлілася, таксама любяць тое, чым займаюцца. Прызналіся, што «сядзець» на пастах ва ўстановах ім цяжка. А вось «ляцець» на аўто куды трэба — задавальненне.

У апошні пераднавагодні вечар фільм «Іван Васілевіч мяняе прафесію» з эпізодам пра сабаку быў якраз у тэму. Памятаеце: «Сабака з міліцыяй абяцаў прыйсці...»? Дзеля першага ў прынцыпе і вырашыў зрабіць чарговы навагодні рэпартаж. Тым больш што мне анансавалі дзяжурства з нямецкай аўчаркай — такой жа, як у кіно.

Каля 23.30 сеў у службовы «форд». Пазнаёміліся. Алег Зуеў, міліцыянер-кіроўца групы затрымання Кастрычніцкага раённага аддзела Дэпартамента аховы горада Віцебска, служыць каля чвэрці века ў адным аддзеле! Прыкладна палову навагодніх начэй — на службе. Яго напарнік — міліцыянер-кінолаг групы затрымання, старшы сяржант Дзяніс Бяляеў. Ён у міліцыі трэці год. Да гэтага быў таксама кінолагам — служыў ва ўнутраных войсках.

Едзем. Дык а сабака дзе? Аказваецца... у багажным аддзяленні. Ціхенька ляжыць, ні гуку. Думаў перад рэйдам, што сабака будзе гаўкаць, мітусіцца. Усё наадварот.

Абаяльны... спецсродак

Нямецкай аўчарцы па мянушцы Жан 2,5 года. Каб параўнаць з чалавечым узростам, трэба памножыць на шэсць. Па сабачых мерках — у самым росквіце. Каб выдрэсіраваць, трэба патраціць мінімум паўгода.

Кінолаг растлумачыў, што сабака, згодна са службовай інструкцыяй, прыраўноўвацца да спецыяльнага сродку абароны. Такі абаяльны «спецсродак» з хвастом. Калі зламыснік паспрабуе напасці на супрацоўніка міліцыі, абароніць, можна сказаць, «на аўтамаце».
У справе затрымання ён таксама профі з вялікай літары. Ад яго не ўцячы. Калі дагоніць і зубамі зачэпіць, тут ужо прабачце, чалавек дарагі. Лёгка возьме след, без памылкі вызначыць, каму належыць рэч...

Калі няма работы, хвастаты вельмі дружалюбны і прыветлівы. Дзяніс Бяляеў кажа, што з Жанам перыядычна выступае на святах, у аздараўленчых летніках, школах. І на такіх паказальных выступленнях яго нават гладзяць.

А вось фатаграфавацца сабака, як мне падалося, не любіць. Вельмі цяжка кінолагу было яго паставіць, пасадзіць так, каб глядзеў у аб'ектыў.

Цікава, што некалькі тыдняў таму Жан дапамог раскрыць крадзеж вялікай алюмініевай лесвіцы. А на першым дзяжурстве навёў на таго, хто скраў мотаблок... Дарэчы, бацька Жана, Карат, выйшаў на след мужчыны, які адкрыў страляніну ў вёсцы. Вывеў на хату, дзе той схаваўся, знайшоў спачатку ружжо, потым і самога... стралка.

Жывуць сабакі ў гадавальніку. У тых, якіх бяруць на дзяжурствы, толькі адзін пастаянны кінолаг. Звычайна служаць хвастатыя каля дзесяці гадоў. Могуць і больш, калі здароўе дазваляе, не страчваюць нюх напрыклад. Але ці служыць далей — вырашае ветэрынарная камісія. Амаль як у людзей усё. На «пенсіі» экс-міліцэйскія сабакі звычайна жывуць у сваіх кінолагаў, іх знаёмых. Кормяць іх камбінавана: сухім кормам, кашамі. Сабакі любяць і садавіну, напрыклад яблыкі, агародніну. «Слабасць» Жана — сыр.

Дай, Жан, на шчасце...

Спачатку мы прыехалі да галоўнай плошчы Віцебска — Перамогі. Спрацавала сігналізацыя ў краме, дзе рэалізуюць у асноўным нехарчовыя тавары. Міліцыянеры па прыездзе правяраюць, ці пранік нехта ў памяшканне, кантралююць магчымыя шляхі адступлення зламыснікаў. Высветлілася: выклік звязаны з тым, што ад вібрацыі задрыжала шкло вокнаў. Прычына — феерверк.

Потым па рацыі паведамілі пра сігнал з бібліятэкі замежнай літаратуры. (Я там, дарэчы, ніколі не быў.) Прыехалі на месца прыкладна а трынаццатай хвіліне на першую гадзіну новага года. Ніякіх прыкмет узлому не ўбачылі. Пакуль мы з кінолагам ахоўвалі аб'ект, міліцыянер-кіроўца прывёз адказную работніцу. Вядома, было шкада прывабную маладую жанчыну, якой прыйшлося пакінуць святочнае застолле. Але ж трэба было падпісаць адпаведны акт. Пакуль афармлялі патрэбныя паперы, спрабаваў зрабіць з Жанам сэлфі на памяць ды пачытаць яму верш Ясеніна «Дай, Джым, на шчасце лапу мне...». Сабака паводзіў сябе дружалюбна, але добрае фота самому зрабіць не атрымалася. Дапамагла бібліятэкар.

У выпадках рэагавання на месца прывозяць і дзяжурнага электрыка ведамства. Той упэўніваецца, што сігналізацыя ў парадку, зноў яе падключае. Так было і гэтым разам. Калі везлі дамоў бібліятэкара, прасіла згадаць у артыкуле і іншага сабаку — Кая, які таксама з міліцыяй прыязджаў у бібліятэку. Праўда, не ў навагоднюю ноч.

Банк рабуюць?

Потым міліцыянеры праверылі пост аховы ў будынку абласнога суда, агледзелі знешні перыметр. Раптам быў атрыманы сігнал, што спрацавала сігналізацыя ў банку. Яны хутка заскочылі ў аўто, адзетыя, дарэчы, у бронекамізэлькі і цяжкія шлемы. Я ледзь паспеў за імі... Праўда, на выклік паехаў іншы экіпаж, які знаходзіўся бліжэй. Але ў банку нічога надзвычайнага не адбылося. Зноў жа сігналізацыя спрацавала ад вібрацыі, а такое можа здарыцца і ад моцнага ветру, і ад граду.

«Ахова» выязджае і ў выпадку, калі ўключаецца так званая «трывожная кнопка» ва ўстановах. Напрыклад, у кавярні хуліганяць, нейкі канфлікт — супрацоўнік націскае на кнопку, і міліцыя хуценька прыязджае. У горадзе нарматыў — да сямі хвілін.

Каля трох гадзін ночы мы пад'ехалі да дзіцячай стаматалагічнай паліклінікі. «Што ж там скрасці можна?» — пацікавіўся я. Камп'ютары, лекі... ды ці мала што. І зноў жа агляд перыметра, ці цэлыя вокны, дзверы. Кінолаг застаўся каля медыцынскай установы, а мяне адвезлі да карпункта. Пашкадаваў на развітанне, што не спрацавала сігналізацыя... у заапарку, дзе можна было б убачыць сімвал ужо бягучага года — свінак. Вось бы і сустрэліся хвастатыя «талісманы», калі мець на ўвазе, што адыходзячы год быў годам Сабакі. Прыкладна чатыры гадзіны дзяжурства прайшлі незаўважна.

Даберманы з Германіі і...

Усяго ў Дэпартаменце аховы Віцебшчыны каля 130 сабак.

Цікава: а наогул, ці даўно іх выкарыстоўваюць у якасці памочнікаў міліцыі Прыдзвіння?

Як паведаміла начальнік гісторыка-дэманстрацыйнай залы цэнтра культурна-выхаваўчай работы УУС Іна Абрамава, усё пачалося ў 1928 годзе. З Германіі прывезлі трох даберманаў. Іх выкарыстоўвалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Калі ў наш час той, хто працуе з сабакам, — кінолаг, тады была іншая пасада: спецыяліст-праваднік службовых сабак.

Але даволі хутка даберманаў прыйшлося замяніць на аўчарак, бо апошнія лепш працавалі ў лютыя маразы, тады ж надрукавалі інструкцыю па дрэсіроўцы.

У канцы 1930-х аўчарка з Віцебска па мянушцы Ірма стала пераможцай усебеларускіх конкурсаў. Знакамітасць 1970—1980-х гадоў — аўчарка Джульбарс, які раскрыў шэраг «гучных» злачынстваў. У канцы 1990-х спаніэль Бакс знайшоў буйную партыю наркотыкаў. За гэта малодшы інспектар-кінолаг Сяргей Прыхожы і сабака былі адзначаны на ўзроўні кіраўніцтва УУС.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Навагодні рэйд з «Аховай»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.