Вы тут

Краўцоў: Бязвізавую зону прапаноўваем пашырыць


Дыяпазон пытанняў быў даволі шырокі. Журналістаў цікавіла, як вырашаецца праграма па інвестыцыях, як расце і развіваецца горад атамшчыкаў, што цікавага адбылося ў рэгіёне ў Год малой радзімы, ці пашырацца межы бязвізу, колькі гродзенцаў паедзе на ІІ Еўрапейскія гульні...


Фота: БЕЛТА

Малочны рэкорд і аптымізацыя галіны

Сустрэча з журналістамі стала свайго роду падвядзеннем вынікаў 2018 года. І яны нядрэнныя. Як адзначыў кіраўнік рэгіёна, выкананы ўсе асноўныя прагнозныя паказчыкі. Валавы рэгіянальны прадукт вырас на 4 %. І хоць неспрыльныя ўмовы сельскагаспадарчага года даставілі аграрыям нямала клопатаў, але своечасовыя меры дазволілі захаваць станоўчую дынаміку ў жывёлагадоўлі. Рэгіён выйшаў «з плюсам» па малаку. Гэтым могуць пахваліцца толькі Гродзенская і Брэсцкая вобласці. Уладзімір Краўцоў з гонарам назваў гаспадаркі, дзе вытворчасць малака ад адной каровы ў год складае 10 тон. Такіх высокіх паказчыкаў дасягнуліў СВК «Свіслач» і СВК імя Дзеншчыкова.

Журналісты з першых вуснаў даведаліся аб новай праграме развіцця малочнай галіны. Яна звязана з рэфармаваннем існуючых магутнасцяў. Так, замест шасці малочных заводаў у вобласці будзе створана тры буйныя кампаніі. Гэта «Малочны свет», Лідскі малочна-кансервавы камбінат і ААТ «Беллакт». Астатнія заводы далучаць да асноўных вытворцаў.

Экспартны вектар

Гродзеншына перабудоўвае свае экспартныя патокі. І хоць па-ранейшаму галоўнымі рынкамі збыту застаюцца краіны СНД (50 %), але значна ўзрос еўрапейскі напрамак. Яшчэ два гады таму акцэнты былі зусім іншыя. Зараз рэгіён амаль дасягнуў прагнозу ў гандлёвых стасунках з краінамі Еўропы. Туды накіроўваецца 24 % экспарту (плануецца выйсці на 30 %).

Другім па аб'ёме экспарту гандлёвым партнёрам з'яўляецца Польшча. У пяцёрку таксама ўваходзяць Украіна, Літва і Кітай. Усяго ў спісе гродзенцаў 115 краін-партнёраў. Так, за мінулы год удалося прадаць амаль на 20 % больш тавараў і зарабіць 2,3 млрд долараў. Увогуле рэгіён экспартуе палову таго, што вырабляе.

— Новы імпульс для супрацоўніцтва быў атрыманы на двух буйных міжнародных форумах — Беларусі і Расіі, а таксама Беларусі і Украіны, на якіх падпісана некалькі перспектыўных дагавораў, — адзначыў Уладзімір Краўцоў. — Наладжваем сувязі з шэрагам кітайскіх правінцый.

Будуецца АЭС і горад

Уладзімір Краўцоў паведаміў, што падрыхтоўчыя работы па пуску АЭС у Астраўцы выходзяць на фінішную прамую. Завоз ядзернага паліва плануецца ўжо ў першым квартале 2019 года, а ў канцы года павінен адбыцца запуск першага энергаблока. Гатоўнасць другога складае больш за 60 %.

Паралельна з будаўніцтвам АЭС расце і сам горад, які стаў галоўнай інвестыцыйнай пляцоўкай рэгіёна. Кожны год здаецца некалькі значных устаноў, у тым лікусацыяльнага кірунку. Напрыклад, у 2018 годзе ўведзены дзіцячы сад, аздараўленча-лазневы комплекс, перад Новым годам адкрылі сучасны стадыён, будуецца спартыўны комплекс з басейнам, міжраённая паліклініка, дом дзіцячай творчасці, школа.

— Гэта горад будучыні, які развіваецца і будуецца па новых, сучасных падыходах, — зазначыў Уладзімір Краўцоў.

Лагістычныя цэнтры растуць

Гэта новы і перспектыўны кірунак работы рэгіёна. Некалькі лагістычных цэнтраў ужо створана паблізу пунктаў пропуску, у студзені будзе здадзены яшчэ адзін такі аб'ект на КПП «Каменны Лог», крыху пазней запрацуюць склады на пагранпераходзе «Бераставіца». Яшчэ некалькі рэзідэнтаў СЭЗ заявілі аб стварэнні менавіта лагістычных цэнтраў.

— Аўстрыйскі інвестар гатовы ўзяць былую ваенную базу ў Свіслацкім раёне для свайго цэнтра, яшчэ і вытворчасць хоча там арганізаваць, — заўважыў губернатар.

Росту і пашырэнню лагістыкі спрыяе рэканструкцыя трасы М6, якая з'яўляецца зручным транспартна-транзітным калідорам прыгранічнага рэгіёна. Дарэчы, усе работы па будаўніцтве трасы павінны быць завершаны ў першай палове 2019 года.

Рэгіён цікавіць інвестараў

За 9 месяцаў мінулага года атрымана 70 млн долараў прамых замежных інвестыцый.

Удала працуе замежнае прадпрыемства ў Смаргоні «Кронаспан», якое займаецца вытворчасцю драўніны. Нядаўна тут уведзена новая магутнасць, будуецца фанерны цэх. Яшчэ адным знакавым інвестарам для вобласці стала расійская кампанія «Садружнасць», дзякуючы якой пабудаваны завод па перапрацоўцы алейных культур.

З інвестпраектаў, якія былі рэалізаваныя летась, губернатар адзначыў фабрыку шампіньёнаў у Шчучынскім раёне і ўводу ў строй буйнога цэха на заводзе «Гродна Азот». У найбліжэйшых планах — пуск беларуска-індыйскага прадпрыемства па выпуску лекаў у Скідзелі. Напачатку субстанцыі для парашкоў будуць дастаўляцца з Індыі, але ў далей-шым плануецца іх выпускна месцы.

Ці пашырыць межы бязвіз?

Губернатар упэўнены: бязвіз даў новы імпульс развіццю турызму. За два гады, што дзейнічае бязвізавая зона, Гродна і раён наведала каля 140 тысяч турыстаў, якія пакінулі тут амаль чвэрць мільёна долараў.

Аказалася, што ўлады зрабілі пэўныя захады для таго, каб рухацца далей у гэтым кірунку.

— Мы бачым, што гэта сфера развіваецца, і трэба ісці далей. Таму звярнуліся ў Міністэрства спорту і турызму з прапановай уключыць у бязвізавую зону Лідскі, Навагрудскі, Карэліцкі і Шчучынскі раёны. Тут нямала аб'ектаў, якія будуць цікавыя для турыстаў, — зазначыў Уладзімір Краўцоў.

У прыватнасці, раёны багатыя сваёй гістарычнай спадчынай. На некаторых аб'ектах зараз вядуцца аднаўленчыя работы. Таксама нямала мерапрыемстваў, якія праходзяць у рамках Года малой радзімы. Як вядома, яго рамкі пашырыліся і ахопяць 2019 і 2020 гады. Усё гэта павінна спрыяць інтарэсу беларусаў да сваёй малой радзімы, падкрэсліў Краўцоў.

— Важна, каб людзі не заставаліся ўбаку ад розных свят, акцый, цікавых падзей. Трэба як мага актыўней працаваць з энтузіястамі, краязнаўцамі, якія гатовы данесці гісторыю родных мясцін. Думаю, шырокаму колу будзе цікава даведацца і аб тых, хто за мяжой не забывае сваю радзіму і там праслаўляе свой край.

Спартыўны патэнцыял

Ці заявяць аб сабе гродзенскія спартсмены на ІІ Еўрапейскіх гульнях? Прагнозы, вядома, справа няўдзячная, асабліва ў спорце, тым не менш гродзенская каманда гатовая для ўдзелу ў спаборніцтве.

— Будзем спадзявацца, яны выступяць дастойна, — адзначыў Уладзімір Краўцоў. — У нас нядрэнны патэнцыял у такіх відах спорту як барацьба, лёгкая атлетыка, стральба, настольны тэніс, веласпорт і іншыя.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Ад экспарту да спорту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.